Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якое полымя бачылі гарадзенцы?


фота Блог Гродно s13

фота Блог Гродно s13

На прадпрыемстве “Гродна Азот” трэцяга верасьня адбыўся інцыдэнт: разгермэтызаваўся награвальнік у цэху аміяку.


Супрацоўнік прадпрыемства на ўмовах ананімнасьці паведаміў, што там стаіць сучасная аўтаматыка, таму адразу спрацавалі блякіроўкі. Прыродны газ, які выкарыстоўваецца ў вытворчасьці, адразу трапіў у факельную ўстаноўку і быў спалены. Полымя шугала на некалькі дзясяткаў, гарэньне працягвалася больш за 10 хвілін.

Цэх аміяку знаходзіцца блізка ад гарадзкой забудовы, таму полымя маглі бачыць многія гарадзенцы. Працэс гэты — кіраваны, на прадпрыемстве некалькі факельных установак, яны выкарыстоўваюцца ў аварыйных сытуацыях або падчас плянавага спыненьня вытворчасьці для рамонту, зазначыў супрацоўнік “Азоту”. Цэху аміяку ўжо трыццаць гадоў. Будавалі яго японцы паводле сваіх тэхналёгій.

Паколькі адбылася няштатная сытуацыя, цэх спынены на рамонт. Гарадзенцам вядома, што факельныя ўстаноўкі на “Азоце” пэрыядычна запальваюцца. Каб не было прадугледжана спальваньне газу, гэта пагражала б выбухам.

Здарэньне на “Азоце” супала з той акалічнасьцю, што ў горадзе прыблізна цягам тыдня ў паветры стаіць непрыемны пах — ці то гною, ці то гарэлага мяса. Магчыма, ён зьвязаны з вытворчасьцю гарбарнага заводу альбо мясакамбінату. Аднак у дзень здарэньня на “Азоце” некаторыя жыхары палічылі, што ў паветры гэтым разам пахла аміякам.

Паводле дзяжурнага МНС, падчас аварыі адбыўся выкід невялікай колькасьці прыроднага газу, “без гарэньня і наступных разбурэньняў тэхналягічных установак”. Паводле дзяжурнага, “цягам пяці хвілінаў ніякіх небясьпечных рэчываў у паветры не было. Прыродны газ — лёгкалятучы, і нават на прадпрыемстве, ня тое што ў горадзе, ніякага паху амаль што адразу не было. Ад моманту ўзьнікненьня парыву былі зачынены засаўкі і спынена падача на ўстаноўкі прыроднага газу. Больш там нічога не адбылося”.
XS
SM
MD
LG