Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары “Уручча” паўсталі супраць чыноўнікаў


Жыхары сталічнага мікрараёну “Уручча-2” пратэстуюць супраць будаўніцтва дамоў на вуліцы Шугаева. Менскія гарадзкія ўлады тлумачаць жыхарам, што будаўніцтва робіцца ў рамках “ушчыльненьня” мікрараёну. Дамы на месцы дзіцячай пляцоўкі хочуць пабудаваць для спэцназаўцаў вайсковай часткі № 3214.


А 19-й вечара жыхары мікрараёну “Уручча-2” сабраліся, каб абмеркаваць свае далейшыя дзеяньні. Ужо некалькі гадоў цягнецца іх супрацьстаяньне з мясцовымі чыноўнікамі.

“Мікрараён для таго й існуе, каб людзі маглі нармальна жыць, спакойна і бясьпечна прыходзіць дадому і адпачываць. Я пачаў ад 2005 году ўдзельнічаць у абароне бясьпечнага існаваньня.

І без таго звыш забудаваную тэрыторыю, больш за 17 000 чалавек, якая паводле генэральнага пляну не падлягае рэканструкцыі да 2040 году, спрабуюць яшчэ больш засяліць. Усё новыя і новыя праекты...”, - гаворыць Андрэй Саўкоў.

Жыхары паведамілі, што дамы хочуць пабудаваць для спэцназаўцаў з вайсковай часткі № 3214.

“Яны тут выступалі перад намі. Камандзір палка гаварыў: “Мы будзем добрымі суседзямі”. Казаў, што яны навядуць тут парадак у адрозьненьне ад міліцыі. Ну, на жаль, народ у гэта ня верыць. Таму што нам і без таго няма як дыхаць на гэтай прасторы. Перанаселенасьць вялікая, няма паліклінікі, няма нармальных крамаў...

А нам усё абяцаюць, што пасьля таго, як пабудуюць гэтыя дамы, у нас будзе ўсё цудоўна”, - кажа Людміла Шлеперава.

Намесьнік старшыні ЖБК № 494 Леанід Мажальскі апавёў, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў 2006 годзе жыхары дабіліся, каб адмянілі будаўніцтва дамоў на адлегласьці літаральна з сотню мэтраў ад дома з 25 пад’ездаў.

“Гэта працягваецца штогод. Усе ўжо стаміліся. Замест таго, каб нам прапанаваць нейкім чынам добра ўладкаваць нашы дваравыя тэрыторыі, той жа сквэрык зладзіць, усталяваць фантаны... Мы б з рыдлёўкамі вышлі, дапамаглі б хаця бы прадстаўнікам ЖЭС усё ўладкаваць. Хаця мы й уласнымі сіламі намагаемся ўсё рабіць. А на гэтай тэрыторыі зьбіраюцца два дома пабудаваць і агарадзіць іх плотам, каб нашым дзецям не было, дзе гуляць”, - абураецца жыхар Уручча.

Спадар Мікалай дадае:

“У Менску павінны забараніць такую рэч як “ушчыльненьне”, таму што ў нас ў два разы больш пабудоваў на квадратны кілямэтар. Па-другое, калі пачынаецца ўшчыльненьне, падвышаюцца нагрузкі на цепласетку, на водаправоды. Яны працуюць пад большым ціскам.

А, калі ўлічыць, што ў нас няма як такога плянавага рамонту, а толькі аварыйны (а мікрараёну больш за 20 гадоў), то ў нас пачнуцца прарывы труб, каналізацыі. Мы пачнём праз якіх там 5-10 гадоў замярзаць”.

На мітынг людзі прыйшлі зь дзецьмі. Прыйшлі й некалькі інвалідаў. Сярод іх Юры Гардзіенка. Ён выказаў сваё меркаваньне:

“Не так гэтыя вайскоўцы вінаватыя, як выканкам. Мы пяць гадоў таму іх адсюль штурханулі, дык яны ўжо з прынцыпу задумалі пакараць народ. Загнаць яго ў бэтонныя пліты і ў асфальт закатаць.

Намесьнік старшыні выканкаму выказаўся: “Мы да думкі народа прыслухаемся. Але не пойдзем у іх на повадзе. Так ён заявіў... Вось палітыка”.

Жыхары мікрараёну паведамілі, што не дапусьцяць будаўніцтва дамоў і будуць зьвяртацца ў розныя ўстановы. Яны перакананыя, што любое будаўніцтва, санкцыянаванае раённымі ўладамі, будзе незаконным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG