Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар цэнтру зь беларускага боку Віктар Балакіраў паведаміў, што цэнтар плянаваўся як пляцоўка для абмену думкамі, як месца для цывілізаванай дыскусіі і мост для пабудовы грамадзкай супольнасьці. Прадстаўнікі дэмакратычнага руху абвінавачваюць кіраўніцтва цэнтру ў залішняй паслухмянасьці і падпарадкаваньні ўладам.



Дырэктар адукацыйнага цэнтру (IBB) імя Ёганеса Раў Віктар Балакіраў з нагоды 15-годзьдзя працы цэнтру ў Беларусі заявіў “Свабодзе”:

“Мы хацелі стаць мостам паміж Усходам і Захадам, хацелі стаць пляцоўкай для абмену думкамі дзеля ўзаемаразуменьня і замірэньня. За 15 гадоў мы гэтага дасягнулі. Але канчатковага замірэньня і паразуменьня не адбылося. Функцыя мосту застаецца актуальнай.

Функцыя пляцоўкі для дыялёгу сярод беларусаў і дыялёгу беларусаў са сваімі бліжэйшымі і далёкімі суседзямі таксама застаецца актуальнай. Таму мы рады таму, чаго дасягнулі, але бачым, што задач яшчэ шмат і функцыя цэнтру застаецца актуальнай на бліжэйшыя 10—20 гадоў”.

Прадстаўнікі апазыцыі крытычна ставяцца да працы адукацыйнага цэнтру. Сябры аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі так і не атрымалі дазволу на правядзеньне ўстаноўчага сходу ў залі IBB.

Гаворыць сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец:

“Крыху шкада разумных эўрапейцаў, якія прыяжджаюць у Беларусь і спрабуюць рэалізаваць свой дыпляматычны і інтэлектуальны патэнцыял. IBB задумваўся як незалежная пляцоўка, якая будзе дапамагаць грамадзянскай супольнасьці супрацоўнічаць і з уладамі, і з апазыцыяй. Стане “пераходам” да дэмакратыі.

Але насамрэч з заходнімі эўрапейцамі беларуская ўлада гуляе ў шахматы не фігурамі, а дошкай. Таму ціск і прымус — гэта тыя мэтады, якія давялося паспытаць IBB. Цяпер цэнтар ня можа даць дазвол на правядзеньне цалкам законнага зьезду, спасылаючыся на Менгарвыканкам. Шкада, бо мець такую пляцоўку з эўрапейскай структурай было б вельмі каштоўна для Беларусі”.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка выказаў сваё меркаваньне:

“Безумоўна, спадзевы, калі зьявілася гэтая пляцоўка, былі вялікія. Але той факт, што кантрольны пакет у цэнтры трымае Менгарвыканкам, зразумела, моцна абмежаваў магчымасьці гэтага цэнтру.

Гэта немаленькая заля, сучасна экіпіраваная. Аднак згода даць яе ці ня даць для правядзеньня зьезду, ці канфэрэнцыі, ці круглага стала — усе апошнія гады залежыць ад хістаньня афіцыйнага палітычнага курсу”.

Дырэктар цэнтру Віктар Балакіраў на гэта адказвае:

“Я на гэта магу адказаць, што ёсьць удзельнікі, і сярод удзельнікаў сапраўды Менгарвыканкам. 50% належаць беларусам і 50% — немцам. Як паўсюль, усе пытаньні вырашаюцца ў выніку кампрамісу. Мы сыходзім з тых заканадаўчых і рамачных умоваў, якія існуюць у Беларусі.

Мы не жадаем быць рэвалюцыянэрамі і зрынаць. Мы хочам садзейнічаць дыялёгу. Там, дзе ёсьць афіцыйнае жаданьне ўладаў ісьці на дыялёг, мы гэта падтрымліваем. Калі такога жаданьня няма, то мы ня можам выканаць сваю функцыю”.

Віктар Балакіраў падзяліўся сваімі плянамі. На наступны год мяркуецца стварэньне “Майстэрні будучыні”, якая мае аб’яднаць два блёкі. Адзін — успаміны пра Чарнобыль, другі блёк прысьвечаны альтэрнатыве атамнай энэргетыцы — гэта сонца, вецер, біямаса. “Майстэрня будучыні”, паводле стваральнікаў, стане дэманстрацыйнай мадэльлю новых тэхналёгій. Яна будзе працаваць ня толькі з прамыслоўцамі і навукоўцамі, але й з школьнікамі і студэнтамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG