Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 29 жніўня

У гутарцы “за круглым сталом” бяруць удзел перакладчык Васіль Сёмуха, крытык Марыя Мартысевіч і выдавец Зьміцер Колас. Вядучы – Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадарства, паводле міжнароднага маніторынгу, Беларусь уваходзіць у лік 50 краінаў, дзе сыстэматычна парушаюцца аўтарскія правы. Што праўда, наша краіна – ня ў ліку самых злосных парушальнікаў, куды адносяцца, прыкладам, Расея і Ўкраіна. Апошнім часам аўтарскае права становіцца прадметам разгляду ў беларускіх судах, як тое было нядаўна ў дачыненьні вядомых яйкаквадратаў, выкарыстаных у якасьці лягатыпу кампаніяй МТС. І ўсё ж – ці эфэктыўнае ў Беларусі заканадаўства ў абароне правоў аўтара, у нашым выпадку – літаратара?”

Зьміцер Колас
Зьміцер Колас:
“Напэўна, з заканадаўствам у нас збольшага ўсё ў парадку, паколькі Рэспубліка Беларусь далучылася да ўсіх міжнародных канвэнцый па аўтарскім праве. У гэтым пляне мы сапраўды на ўсясьветным узроўні, аўтарскае права ў нас ахоўваецца гэтак жа, як яно ахоўваецца ва ўсіх эўрапейскіх краінах. Але – заканадаўча. Што адбываецца на практыцы – іншая справа. Літаральна заўчора мне тэлефанавалі з амбасады Францыі, каб высьветліць, ці набываліся правы на пастаноўку ў адным зь менскіх тэатраў п’есы вядомага францускага аўтара… Так што заканадаўства ў нас ёсьць, але яно не заўсёды выконваецца. Што да маёй выдавецкай дзейнасьці, то я дзейнічаю толькі ў рамках заканадаўства. Любая кніга выдаецца ў мяне толькі пасьля таго, як набываюцца правы”.

Скобла: “А цяпер я зьвяртаюся да Васіля Сёмухі. Спадар Васіль, я ведаю, што сёлета вы не знайшлі паразуменьня зь дзяржаўным выдавецтвам “Мастацкая літаратура”. На падставе чаго ўзьніклі праблемы?”

Васіль Сёмуха
Васіль Сёмуха:
“Ніякага паразуменьня з “Мастацкай літаратурай” я не шукаў. Два тыдні таму я даведаўся, што вось ужо чатыры месяцы кніга “Найвышэйшая песьня Саламонава”, дзе зьмешчаны мой пераклад, прадаецца ў кнігарнях. Я толькі рот разьзявіў ад такога нахабства выдавецтва, якое перавыдала кнігу, нават не паставіўшы мяне да ведама! Я ўжо не кажу пра дамову, якая падпісваецца ў аналягічных выпадках. Пачынаючы з 2000 году уласьнікам капірайту на ўсе біблійныя тэксты ў маім перакладзе зьяўляецца мая дачка Алеся Сёмуха, грамадзянка ЗША. Яна можа падаць гэтую справу ў суд амэрыканскі, можа – у беларускі, таму што абедзьве краіны падпісалі Бэрнскую канвэнцыю адносна аўтарскіх правоў. І правы гэтыя будуць абароненыя, рана ці позна выдавецтву давядзецца нейкі адказ трымаць”.

Скобла: “Перш чым зьвяртацца ў суд, ці спрабавалі вы палагодзіць праблему наўпрост з выдавецтвам?”

Сёмуха: “Я ўжо напісаў ліст у “Мастацкую літаратуру”, дзе паведаміў, якія правы я перадаў Алесі, а якія пакінуў за сабой. Я пакінуў за сабой права ўносіць папраўкі ў тэкст беларускага перакладу ва ўсіх наступных выданьнях, калі такая патрэба зьявіцца. І такая патрэба – унесьці праўкі ў “Найвышэйшую песьню Саламонаву” – зьявілася пасьля выданьня 1994 году. Да слова, гэтыя праўкі апублікаваныя ў поўным тэксьце Бібліі, якая выйшла ў 2002 годзе. Выдавецтва ж іх праігнаравала, перадрукаваўшы бязь зьменаў і без дазволу тэкст 1994 году, не пазначыўшы капірайту, але пазначыўшы, што выданьне ажыцьцёўленае “па заказе Міністэрства інфармацыі”. Нібыта Міністэрству інфармацыі патрэбны няправільны тэкст. Я паведаміў выдавецтву, што Сёмуха Алеся Васілеўна мае поўнае і неабмежаванае права на выданьне і перавыданьне маіх перакладаў, на іх продаж, распаўсюджаньне, памнажэньне, публічную прэзэнтацыю і дэманстрацыю, а таксама на фінансавую кампэнсацыю ад продажу, распаўсюджваньня і перавыданьня. Усімі гэтымі правамі валодае мая дачка”.

Скобла: “Мы зьвязаліся па тэлефоне з галоўным рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктарам Шніпам і папрасілі яго пракамэнтаваць сытуацыю”.

Віктар Шніп: “Не падпісаўшы з Васілём Сёмухам дамову, мы нічога не выдавалі б. Вось у мяне на стале гэтая дамова пад нумарам 64 ад 26 чэрвеня 2008 году. Яна падпісаная рэдактарам кнігі Шавыркіным, дырэктарам выдавецтва Мачульскім, мною і Сёмухам. Перакладчыку быў налічаны ганарар у суме 289 100 рублёў, гэта разам з падаткам. Паводле дамовы, пакуль 80 адсоткаў кніжкі не разыдзецца, ганарар не выплачваецца”.

Скобла: “Дык, на вашу думку, прэтэнзіі Сёмухі беспадстаўныя?”

Шніп: “Адкуль могуць быць тыя прэтэнзіі? Паўтаруся, калі б Сёмуха адмовіўся падпісваць дамову, мы кніжку не выдавалі б. А так – усё ў парадку. Калі кніжка прадасца, ён атрымае свой ганарар – 245 000 рублёў чыстымі”.

Скобла: “Спадар Васіль, што вы можаце адказаць Віктару Шніпу?”

Сёмуха: “Факту падпісаньня дамовы з “Мастацкай літаратурай” я не памятаю, хіба памяць мяне падводзіць... Але – і хай пра гэта ведае Шніп – нават калі на дамове і стаіць мой подпіс, ён ня ёсьць законны без пазнакі-капірайта ўласьніка. А гэтым уласьнікам, як я ўжо казаў, зьяўляецца Алеся Сёмуха. Мой подпіс быў бы ў сіле толькі тады, калі б на кнізе стаяў ахоўны знак Алесі Сёмухі. Бяз гэтай пазнакі любыя мае подпісы, любыя дамовы – фількіна грамата чысьцейшай вады. Пра ўсё гэта я паведамлю ўласьніцы капірайту, і яна, як кажуць, цырымоніцца ня стане. Таму я і перадаваў ёй правы. Алеся тады сказала: ты, бацька, можаш быць залежным ад выдаўцоў, ад маралі, а мне напляваць на вашых выдаўцоў, я свае правы заўсёды адстою”.

Скобла: “Многія пісьменьнікі на сваё аўтарскае права даўно махнулі рукой. Скажам, Сяржук Сокалаў-Воюш дазваляе любыя перадрукі сваіх тэкстаў. Але ёсьць і такія, якія прынцыпова адстойваюць сваю інтэлектуальную ўласнасьць. Марыя, памятаю, год таму вы мелі прэтэнзіі да “Нашай нівы”. Ці дамагліся вы павагі да сябе як да аўтара?”

Марыя Мартысевіч
Марыя Мартысевіч:
Тыднёвік “Наша ніва” вядомы як партал, які стварае сабе кантэнт з дапамогай сумленнага крадзяжу тэкстаў зь інтэрнэту”.

Скобла: “А хіба бывае сумленны крадзеж?”

Мартысевіч: “Калі даваць гіпэрлінку ў інтэрнэце, то крадзеж ужо лічыцца сумленным. “Наша ніва” перадрукоўвае артыкулы, дае ім іншыя назвы, дае іншы розгалас. Ня ведаю, як ставяцца да гэтага мае калегі. Я асабіста пачала заўважаць, што мае тэксты пачынаюць зьяўляцца на сайце “Нашай нівы” перапісаныя, што называецца, жыўцом. Я ставілася да гэтага спакойна, бо я ж не магу падаваць у суд на газэту, якая сама знаходзіцца ў напаўпадпольным становішчы. Але аднойчы журналісты “Нашай нівы” перапісалі адзін з маіх тэкстаў ад іншай асобы. Першапачатковы тэкст быў напісаны ад першай асобы, а ў газэце ён загучаў ад трэцяй асобы, і быў падпісаны – Марыя Мартысевіч. Такім чынам, стваралася поўная ілюзія, што я напісала артыкул адмыслова для газэты. Я спыталася ў рэдактара: “Раз вы мяне надрукавалі, можа, вы мне і ганарар аплаціце?” І што вы думаеце? Мае словы былі ўспрынятыя літаральна як сквапнасьць маладога пакаленьня, спроба нажыцца на дабрачынным выданьні, якое робіць беларускую справу! Усе, хто супрацоўнічаў з заходнімі выданьнямі, ведаюць, колькі каштуюць мінімальныя правы на вядомыя творы. У Беларусі ж, у адрозьненьне ад Захаду, яшчэ ніхто ня просіць грошы за перадрукі. Гаворка, як правіла, вядзецца толькі пра мараль, пра элемэнтарную ветлівасьць”.

Скобла: “Спадар Зьміцер, сярод выдаўцоў вы, відаць, трымаеце пальму першынства па выданьні замежнай літаратуры. Як вам удаецца дамовіцца з аўтарамі ды іх спадчыньнікамі, у якіх адносіны да аўтарскага права трохі інакшыя, чымся ў нас?”

Колас: “Я заўсёды зьвязваюся з праваўладальнікам, мы падпісваем дамову, і пэўная сума грошай плаціцца за гэтыя правы. Часьцей за ўсё чыста сымбалічная. Прытым, я заўсёды шукаю фундатараў у той краіне, зь якой паходзіць аўтар. Звычайна, я правы сам не аплачваю”.

Скобла: “А ці былі выпадкі, калі вам з-за ненабытага аўтарскага права даводзілася адмаўляцца ад нейкіх выдавецкіх праектаў?”

Колас: “Не, такіх выпадкаў, дзякуй Богу, не было. Узьнікаюць іншыя сытуацыі. Прыкладам, існуе доўгатрывалы выдавецкі праект францускай амбасады, які называецца “Праграма Максіма Багдановіча”. Французы падтрымліваюць выданьне сваёй літаратуры ў перакладзе на беларускую мову, яны ж пакрываюць і выдаткі выдаўца на аўтарскія правы. Скажам, аднойчы было заплачана 600 эўра за капірайт п’есы, тым часам, як я заплаціў перакладчыку толькі 150 эўра”.

Скобла: “Спадар Васіль, калісьці вы працавалі ў Біблійнай камісіі, што дзейнічае пры Беларускім Экзархаце. І там у вас таксама ўзьнік канфлікт наконт аўтарскага права. Царква стаяла за саборны пераклад, вы – за аўтарскі. А ў чым сутнасьць саборнага перакладу?”

Сёмуха: “Я растлумачу. У свой час па даручэньні Экзархату я пераклаў Эвангельле ад Мацьвея. І камісія на чале зь Філярэтам, дзе сабраліся дасьведчаныя людзі – сьвятары, лінгвісты – абмеркавала гэты пераклад, выказала розныя прапановы дзеля паляпшэньня тэксту. Пасьля ўнясеньня правак Экзархат выдаў гэтае Эвангельле на чатырох мовах: па-беларуску, па-расейску, па-царкоўнаславянску, па-грэцку і паставіў на выданьні знак аховы Беларускага Экзархату. Гэта значыць, усе правы належаць Экзархату, перакладчыка нібыта і не было. Ён там нідзе ня ўспомнены. У пасьляслоўі – падзяка і Фабрыцы каляровага друку, і наборшчыкам, і пастаўшчыкам паперы, а перакладчыка не існуе. Я спытаўся, чаму так? І мне адказалі, што гэта саборны пераклад. Я з такім “саборным перакладам” не згадзіўся і выйшаў зь Біблійнай камісіі. Увесь астатні пераклад Бібліі я рабіў самастойна. З таго часу я ніякіх дачыненьняў да Экзархату ня маю. Мне там было сказана, што яны забароняць мне выдаваць у поўным тэксьце Бібліі Эвангельле ад Мацьвея, бо маюць на гэта права. На што я заявіў: у такім выпадку я публічна і падрабязна раскажу, як усё адбывалася, і калі такі скандал патрэбен – забараняйце. Я апублікую беларускі пераклад Бібліі і бяз вашага дазволу. І апублікаваў”.

Мартысевіч: “Я слухаю спадара Васіля і спрабую зірнуць на яго вачыма чытача і выдаўца. У іх разуменьні яго ўчынак выглядае амаральным: ён спрабуе абараніць правы на Сьвятое Пісаньне. Праблема ў тым, што ў Беларусі да аўтара сёньня ставяцца, як да народнага слугі, які ў прынцыпе ня мае аўтарскага права. Быццам усе яго тэксты пераходзяць у нейкі банк-астрал, зь якога кожны чалавек можа браць патрэбнае сабе, нічога за гэта ня плацячы, нават не бяручы да ўвагі аўтара, не пазначаючы ягонага прозьвішча. У народнай сьвядомасьці аўтарскага права як бы не існуе. Я ня ведаю, як у такой сытуацыі жыць літаратару. Мы – грамадзяне гэтай краіны, я сама пачуваюся вінаватай, калі мушу недзе пацьвярджаць сваё аўтарства. Гэтак жа, як спадара Васіля могуць абвінаваціць у блюзьнерстве за тое, што ён абараняе правы на пераклад Бібліі, мяне могуць абвінаваціць у сквапнасьці, у тым, што я, прадстаўніца нахабнага маладога пакаленьня, якое толькі і ведае, што крычыць: “Гэта напісаў я! Я гэта напісаў!”

Сёмуха: “Марыя мае рацыю. Тыя, хто крадуць, чамусьці не саромеюцца. А вось нам сорамна заяўляць пра свае правы”.

Скобла: “У выпадку з Шарлем Пэро ці Вітальдам Гамбровічам было б усё ясна. Але ж Біблія – гэта асаблівы выпадак…”

Колас: “Біблія – гэта той самы выпадак, што і Пэро ці Гамбровіч. Якая Біблія належыць усяму чалавецтву? Стары Запавет на старажытнагабрэйскай мове і Новы Запавет на старажытнагрэцкай мове. Капірайту на сам арыгінальны тэкст няма, а на пераклад, выбачайце, ён існуе і будзе заўсёды”.

Скобла: “Мы ня можам абмінуць тэму “аўтарскае права і інтэрнэт”. Сёньня любы тэкст, які зьяўляецца ў сеціве, імгненна становіцца грамадзкім здабыткам і перадрукоўваецца кім заўгодна. Памятаю абурэньне Янкі Брыля, калі “Наша ніва” перадрукавала на сваіх старонках наша зь ім інтэрвію. І пісьменьнік меў рацыю – ён жа не даваў інтэрвію “Нашай ніве”! Якім вам бачыцца аўтарскае права ў інтэрнэце?”

Мартысевіч: “Інтэрнэт самарэгулюецца. Мы пра гэта размаўлялі на канфэрэнцыі “Чысты байнэт”, якая адбылася вясной гэтага году. Блогеры, як прадстаўнікі новага інфармацыйнага пакаленьня, дамаўляюцца паміж сабой наконт аўтарскага права. У іх свая этыка, гэткая ж натуральная, як есьці відэльцам за сталом. Лягічна, што калі чалавек нават не перадрукоўвае нейкі тэкст, а проста цытуе, то ён мусіць ставіць спасылку на першакрыніцу. Так, нашыя газэты ня могуць заплаціць за перадрук грошы, але яны павінны пытацца дазволу ў аўтара на перадрук. Вельмі часта гэты дазвол даецца вельмі проста, а калі не даецца, то на гэта ёсьць пэўныя падставы. Напрыклад, чалавек, які даў інтэрвію літаратурнаму выданьню, прынцыпова ня хоча, каб ягоны тэкст быў перадрукаваны ў нейкай грамадзка-палітычнай газэце”.

Колас: “Гэта пытаньне агульнай культуры. Нельга браць чужое без дазволу ўласьніка. Вось я вазьму і адзену вашу кашулю – панасіць. Ці ж можна так рабіць?”

Мартысевіч: “Можна, але трэба запытацца ў гаспадара”.

Колас: “Так ня робіцца, гэта пытаньне агульнай культуры”.

Скобла: “Амэрыканскае выдавецтва “Рэндан Хаўз” увяло практыку пастаронкавага продажу кніг. Скажам, старонка тэксту каштуе 5 цэнтаў, зь якіх 4 ідуць выдаўцу і аўтару. Зразумела, што ў гэткай сытуацыі спакуса красьці відавочна меншае. Дык можа, і ў Беларусі варта ўвесьці гэткі гандаль ураздроб – старонкамі кніг, асобнымі вершамі?”

Колас: “Гэта проста такі камэрцыйны ход, хітрыкі такія. Падобнай практыкі нідзе не існуе, і не павінна існаваць. Гэта ненармальна – прадаваць нешта паслоўна, таму што словы – частка твору, а твор – гэта нешта суцэльнае, яно ня можа разьбівацца на часткі. Але кожная частка мае сваю каштоўнасьць, гэта безумоўна. Таму ў капірайце прадугледжана, што нават цытаваньне ці агучваньне пэўных частак твора таксама павінна ўзгадняцца з аўтарам ці праваўладальнікам. Але як камэрцыйная мэтода “гандаль ураздроб” мае права на існаваньне. “Рэндам Хаўс” гэта прыдумаў у камэрцыйных мэтах. Але падобная практыка ня можа быць усеагульнай”.

Мартысевіч: “Пакуль што ў Беларусі трэба імкнуцца да таго, каб аўтарскае права было агульнапрызнаным і выдаўцамі, і чытачамі, каб яны не абражалі аўтара. Спрабуючы абараніць свае правы, мы чуем толькі абразы, я на ўласным досьведзе гэта перажыла. Цікава, што ў Расейскай імпэрыі першым пра аўтарскае права загаварыў Аляксандар Сяргеевіч Пушкін. Ён выдаваў свайго “Яўгенія Анегіна” па разьдзелах толькі таму, што “ўраздроб” ён атрымліваў больш грошай. У 1888 годзе, калі было выдадзена першае “бюджэтнае”, скажам так, выданьне Пушкіна (закончылася дзеяньне аўтарскіх правоў), яно каштавала капейкі, і кніжныя крамы штурмавалі. Усенародная слава Пушкіна, калі яму помнік паставілі ў Маскве, пачалася менавіта пасьля таго, як аўтарскае права ў ягоных нашчадкаў закончылася. Тое, як Пушкін у XIX стагодзьдзі дамагаўся сваіх аўтарскіх правоў, як на яго дамаганьні рэагавалі сучасьнікі, вельмі нагадвае сытуацыю з аўтарскімі правамі ў сёньняшняй Беларусі”.

Сёмуха: “Я цалкам падтрымліваю пазыцыю Марыі. Ня трэба саромецца бараніць сваё аўтарскае права. Вялікая кніга ці малая – гэта тэкст аўтара, гэта праца перакладчыка. Гэта іхная ўласнасьць. І да прысваеньня кімсьці гэтага тэксту трэба ставіцца так, быццам з вашай хаты ўкралі срэбныя лыжкі. Ня трэба баяцца ці саромецца! Несумленныя выдаўцы карыстаюцца тым, што мы, пісьменьнікі, трымаемся маралі, прыслухоўваемся да сваіх чытачоў. Карыстаюцца і – зарабляюць вялікія грошы. Але паглядзім, што скажуць выдаўцы з “Мастацкай літаратуры”, калі мая дачка падасьць на іх у суд, выйграе і сканфіскуе ўвесь наклад “Найвышэйшай песьні Саламонавай...”
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG