Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле пастановы ўраду Беларусі № 1000, тавары замежнай вытворчасьці прадпрыемствы краіны могуць набываць толькі з дазволу дзяржаўных органаў. Гэтая пастанова распаўсюджваецца і на шпіталі і аптэкі. Імпартных лекаў ужо паменела, — высьветліла карэспандэнтака Свабоды.

Аптэка № 32, што па праспэкце Незалежнасьці ў Менску, належыць да дзяржаўнага прадпрыемства “Белфармацыя”. Урадавую пастанову № 1000 тут выконваюць, аднак камэнтуюць вельмі неахвотна. Гаворыць загадчыца аптэкі Тацьцяна Мініна:

“Мы стараемся трымаць намэнклятуру беларускіх прадпрыемстваў, усё, што яны вырабляюць. Але пакуль што ёсьць і імпартныя прэпараты”.

“А ці магчыма абысьціся без замежных?”

“Ну, я ня ведаю… Пакуль, пэўна, зусім абысьціся яшчэ нельга, але ўжо стараемся. Па некаторых групах ёсьць замены... Гэта ўсё лекары вырашаюць, а мы працуем толькі па ўзгадненьні зь імі”.

У недзяржаўных аптэках “Белфарм-Цэнтр” і “Бераліна” ад камэнтароў адмовіліся цалкам. А ў аптэцы № 22 “Доктар Час”, якая таксама мае статус адкрытага акцыянэрнага таварыства, паведамілі, што і на яе дзейнасьць абавязкова распаўсюджваюцца ўсе ўрадавыя пастановы. Гутару з загадчыцай Вольгай Плашчовай:

“Ці магчыма ўвесь асартымэнт запоўніць лекамі, якія выпускаюць дзяржаўныя прадпрыемствы?”


“Так, канечне, ва ўсіх аптэках неабходна прапаноўваць беларускага вытворцу. І ня толькі прапаноўваць, але і абавязкова мець у наяўнасьці ўсе лекавыя сродкі. Калі лекавыя прэпараты ня маюць аналягаў, то тады прызначаюць арыгінальныя прэпараты таго вытворцы, які іх вырабляе. Але ў нас яшчэ ёсьць украінскія і расейскія прэпараты, якія значна таньнейшыя, чым эўрапейскія. Хоць паводле якасьці яны вельмі адрозьніваюцца”.

“І калі б была магчымасьць выбару, то якія тавары — беларускія ці імпартныя — набывалі б вы?”


“Асабіста я набывала б прэпараты арыгінальныя, незалежна ад краіны-вытворцы. Але, як правіла, распрацоўваюцца і выпускаюцца арыгінальныя толькі ў Эўропе”.

Распараджэньне Міністэрства аховы здароўя аб выкананьні ўрадавай пастановы № 1000 атрымалі таксама мэдычныя цэнтры і шпіталі. Яе выкананьне пацягне за сабой пагаршэньне стану здароўя жыхароў краіны, бо айчынныя прадпрыемствы вырабляюць толькі каля 25% найменьняў лекавых прэпаратаў з 6 тысяч зарэгістраваных, кажа лекар-рэаніматар Рэспубліканскага цэнтру “Маці і Дзіця” Андрэй Вітушка:

“Па-першае, гэта, безумоўна, будзе ўплываць на стан здароўя людзей. Бо па-сапраўднаму ніводнае беларускае фармацэўтычнае прадпрыемства не прайшло сэртыфікацыі на міжнародныя стандарты якасьці фармакалягічнай прадукцыі. Яшчэ адна праблема — гэта дэфіцыт сродкаў у сыстэме аховы здароўя. Таму лекары будуць выконваць гэты цыркуляр міністэрства і, адпаведна, людзі будуць больш хварэць. Хутка ў нас паціху пачнуць паміраць дзеці і старыя”.
XS
SM
MD
LG