Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд БНФ. Полацак: “Пераадоленьне ўнутранага крызісу”


Лера Сом

Лера Сом

5 верасьня ў Менску пройдзе 12 зьезд Партыі БНФ. На зьезьдзе будуць вызначаныя стратэгія і кірунак дзейнасьці на бліжэйшыя два гады. Чаго чакаюць ад зьезду дэлегаты з рэгіёнаў? На думку старшыні Полацкай суполкі Партыі БНФ Леры Сом, самае галоўны пункт парадку дня будучага зьезду — гэта абраньне старшыні партыі. Бо ад гэтае асобы залежыць, ці будзе ўрэшце адолены ўнутрыпартыйны крызіс, які, на думку актывісткі, адбірае зашмат сілаў, якія належала б скіраваць на іншыя мэты:

“Я чакаю ў першую чаргу пераадоленьня ўнутранага крызісу, які ёсьць у Партыі БНФ. Мне хацелася б, каб партыя ў рэшце рэшт стала адзіным арганізмам і занялася вырашэньнем праблем, для якіх, уласна, і ствараецца кожная партыя — пытаньнямі зьменаў заканадаўства, зьменаў у грамадзтве… Мяркую, ні для каго не сакрэт, што на пасаду старшыні высоўваюцца два прэтэндэнты: Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч. Мне здаецца, што ў Аляксея крыху большыя шанцы. Бо Віктар Івашкевіч — гэта ўсё ж прадстаўнік той старой каманды, якая цягам апошніх чатырох гадоў усе ўнутраныя рознагалосьсі не змагла адолець, не змагла вывесьці партыю з крызісу. А Янукевіч яшчэ дастаткова малады, амбітны, разумны, і ў яго, здаецца, ёсьць усе магчымасьці, каб аб’яднаць і старэйшае пакаленьне, і частка маладзейшых таксама можа да яго далучыцца. Магчыма, што менавіта маладое пакаленьне зможа ўсіх аб’яднаць і паказаць накірункі будучай працы ўсім, хто хоча працаваць, асабліва ў рэгіёнах.

Пра кандыдата на прэзыдэнта таксама будзе стаяць пытаньне. Але мне здаецца, што на будучых выбарах кандыдатаў ад апазыцыі будзе шмат, і такога варыянту, як “адзіны кандыдат ад апазыцыі”, дасягнуць ня ўдасца. І ў такім выпадку пытаньне, ці будзе свой кандыдат ад Партыі БНФ, ці ня будзе, для мяне не зьяўляецца такім ужо вырашальным”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG