Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 верасьня на тэрыторыі Заходняй Эўропы ўступіла ў сілу забарона Эўразьвязу на выкарыстаньне 100-ватных лямп.


Гэта першы крок на шляху поўнага вываду з рынку клясычных лямп напальваньня: у 2011-м забароняць шасьцідзясяткі, потым саракоўкі. Такія захады прымусяць эўрапейцаў асьвятляць свае дамы і офісы больш эканамічным спосабам — галягенавымі і флюарэсцэнтнымі лямпамі.

Краіны Эўразьвязу ўсур’ёз заклапочаныя энэргазьберажэньнем і экалягічнымі праблемамі. Нямецкі міністар экалёгіі Зігмар Габрыэль катэгарычна заявіў, што Эўропа ня можа больш выкідаць грошы на выпуск малаэфэктыўных лямп напальваньня, якія збольшага абаграваюць навакольле і толькі 5% спажыванай энэргіі ператвараюць у сьвятло. І нагадаў, што адмова ад іх можа зэканоміць Нямеччыне ў бліжэйшыя гады “1—2 атамныя станцыі”. Энэргазьберагальныя лямпы забіраюць на 80% меней электраэнэргіі і даюць большы сьвятлавыхад.

Вядучы спэцыяліст Дэпартамэнту энэргаэфэктыўнасьці Дзяржкамітэту стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Жанна Зянкевіч пра пераход краіны на сучасныя энэргазьберагальныя лямпы паведаміла:
5% насельніцтва карыстаюцца энэргазьберагальнымі лямпамі


“Канечне, імкнёмся. Мы яшчэ ў мінулым годзе абвясьцілі акцыю “Мінус 60 ват у кожнай кватэры”, бягучы радок у транспарце ёсьць. Гэта інфармацыйная акцыя, якая накіраваная на тое, каб насельніцтва карысталася менавіта энэргазьберагальнымі лямпамі, а ня лямпамі напальваньня”.

У беларускіх крамах — шырокі выбар энэргазьберагальных лямп: ад параўнальна танных кітайскіх да даволі дарагіх нямецкай, польскай, галяндзкай вытворчасьці. У мінулым годзе пачаў выпускаць лямпы новага пакаленьня і адзіны ў Беларусі Берасьцейскі электралямпавы завод, распавёў начальнік аддзелу маркетынгу і збыту Мікалай Крук:

“Мы ўжо з кастрычніка мінулага году выпускаем і энэргазьберагальныя лямпы, і паралельна, пад заяўкі, пад патрэбы вырабляем звычайныя лямпы агульнага прызначэньня”.

Мікалай Крук
прызнае, што пакуль перакананых карыстальнікаў энэргазьберагальных лямп у Беларусі ня так ужо і шмат:

“Зараз дзесьці 5% насельніцтва карыстаюцца энэргазьберагальнымі лямпамі. Але аб’ём продажу гэтых лямп увесь час павялічваецца. Магчыма, у наступным годзе ўжо будуць суадносіны 30 на 70%”.

Але забароны продажу звычайных лямп напальваньня, як у Эўразьвязе, у Беларусі ня будзе, бо ёсьць неабароненыя слаі насельніцтва — пэнсіянэры, студэнты, якім не па кішэні пакуль выкласьці, да прыкладу, 15 тысяч за энэргазьберагальную лямпачку, калі звычайная айчынная каштуе 600—700 рублёў.
Вельмі высокія кошты на такія лямпачкі: адна каштуе 15 тысяч


Спадарыня Натальля даўно карыстаецца энэргазьберагальнымі лямпачкамі:

“На жаль, больш за ўсё энэргіі ў доме забіраюць пральная машына і лядоўня. Таму крыху меней стала плаціць за электрычнасьць, як паставіла гэтыя лямпачкі: на 3—5 тысяч. Але вельмі высокія кошты на такія лямпачкі: адна каштуе 15 тысяч. А ў мяне за ўсю электрычнасьць выходзіць прыкладна 15 тысяч у месяц. Але ў іх ёсьць гарантыйны тэрмін службы — 1 год”.

Што лямпы гэтыя пакуль ня танныя, прызнае і вядучы спэцыяліст Дэпартамэнту энэргаэфэктыўнасьці Жанна Зянкевіч:

“Так, яны насамрэч даражэйшыя. Але ў іх тэрмін службы значна большы, таму цягам году яны акупляюцца”.

Пытаюся ў начальніка аддзелу маркетынгу і збыту Берасьцейскага электралямпавага заводу Мікалая Крука, ці можна зьнізіць кошт сучасных энэргазьберагальных лямп. Адмыслоўца тлумачыць:

“Наконт таго, каб зрабіць іх таньнейшымі, пакуль нічога сказаць не магу. Трубка зь люмінафорам — гэта адно, але там жа складанае электроннае пускарэгулюючае прыстасаваньне ўбудаванае, там жа радыёэлемэнтаў штук 20—25, упаяныя платы — складаная тэхніка”.

20% прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу ідзе на задавальненьне патрэбаў Беларусі, 20% — на экспарт у Расею, астатнія — ва Ўкраіну, Казахстан, краіны Балтыі. Попыт на звычайныя лямпы напальваньня пакуль у краінах СНД даволі вялікі, таму згортваць іх выпуск на Берасьцейскім электралямпавым заводзе не плянуецца. А вось асвойваць новыя віды прадукцыі будуць і надалей — нядаўна тут пачалі выпускаць вулічныя асьвятляльныя энэргазьберагальныя натрыевыя лямпы.

За сучаснай прадукцыяй будучыня, перакананы незалежны экспэрт у пытаньнях энэргетыкі Валянцін Мацкевіч:

“Там, дзе магчымасьці ёсьць, канечне, неабходна гэтую праграму праводзіць. З пункту гледжаньня, безумоўна, энэргазьберажэньня, эканоміі электрычнасьці. У канчатковым выніку гэта эканомія энэрганосьбітаў”.

Адмыслоўцы сьцьвярджаюць: зь пераходам на эканамічныя лямпы кожная эўрапейская сям’я будзе ашчаджаць да 166 эўра ў год. Старыя лямпы напальваньня павінны сысьці з усіх сфэраў жыцьця да 2015 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG