Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Лукашэнка заявіў сёньня пра неабходнасьць уважлівага вывучэньня праектаў, зьвязаных з альтэрнатыўнымі пастаўкамі ў Беларусь энэргарэсурсаў, у тым ліку нафтаправоду “Адэса — Броды”. Ці можа праект “Адэса — Броды” запрацаваць ужо ў найбліжэйшы час, або гэта даволі далёкая пэрспэктыва?


Што азначаюць заявы Лукашэнкі пра пошук альтэрнатывы расейскім энэргарэсурсам — ці гэта проста палітычная рыторыка або рэальная праграма дзеяньняў? На гэтыя пытаньні адказвае аглядальніца газэты “Белорусы і рынок” Тацяна Манёнак.

Цыганкоў: “Гаворачы аб праекце “Адэса-Броды”, Аляксандар Лукашэнка адзначыў: “Будзе вынік, эфэктыўнасьць — мы будзем у гэтым кірунку працаваць”. Наколькі на сёньня выглядае пэрспэктыўным гэты праект? Ці ён пакуль дастаткова віртуальны, або ўжо пры пэўных укладаньнях можа прыносіць рэальны плён, каб ліквідаваць энэргазалежнасьць ад адной краіны?”

Манёнак: “Самая галоўная праблема гэтага нафтаправоду — тое, што ён не забясьпечаны рэсурсамі. Пакуль удзельнік гэтага праекту, рэальная краіна, якая гарантуе пастаўкі нафты, — толькі Азэрбайджан. Але аб’ём гэтай нафты зусім невялікі — каля 5 мільёнаў тон. Іх дастаткова, каб забясьпечыць нафтай украінскія нафтаправоды, але не беларускія.
Галоўная праблема гэтага нафтаправоду — тое, што ён не забясьпечаны рэсурсамі


Пакуль не ідзе размова пра тое, што гэты праект будзе працягнуты да Польшчы ці будзе пабудавана адгалінаваньне празь Беларусь у краіны Балтыі. Так што, пакуль у праекце ня ўдзельнічае Казахстан ці іншыя краіны, рэальна казаць, што гэты нафтаправод у бліжэйшы час запрацуе, падстаў няма. Таму мае рацыю Лукашэнка, калі кажа, што гэта пакуль толькі пэрспэктыва”.

Цыганкоў: “Лукашэнка таксама ўзгадаў іншыя альтэрнатыўныя крыніцы — такія, як пастаўкі вэнэсуэльскай нафты ў Прыбалтыку, пастаўкі з Каспійскага рэгіёну. Ці рэальныя іншыя праекты? Ці пагражае што-небудзь адназначнай залежнасьці Беларусі ад расейскіх энэргарэсурсаў?”

Манёнак:
“Што да вэнэсуэльскай нафты, то трэба мець на ўвазе, што сумеснае прадпрыемства пакуль не здабывае і мільёна тон нафты. І, магчыма, толькі праз год-два яно выйдзе на гэты рубеж. Да таго ж доля Беларусі ў гэтым прадпрыемстве — толькі 40 працэнтаў. Таму ўзважце самі: 22 мільёны тонаў нафты, што перапрацоўваюць беларускія заводы, — і гэты аб’ём мізэрны вэнэсуэльскай нафты. Да таго ж тэхнічныя асаблівасьці гэтай нафты. Гэта цяжкая нафта, і беларускія заводы ня могуць яе перапрацоўваюць, бо яны зарыентаваныя на працу зь лягчэйшай расейскай нафтай.

Па-другое, трэба мець на ўвазе, што ёсьць разгалінаваная транспартная інфраструктура, па якой перапраўляецца ў Беларусь расейская нафта. Іншыя варыянты паставак — праз мора — будуць значна даражэйшыя”.
Беларусь пакуль толькі ў якасьці назіральніка ў такіх праектах


Цыганкоў:
“Тады ці не азначае гэта, што заявы Лукашэнкі пра пошук альтэрнатывы расейскім энэргарэсурсам — гэта проста палітычная рыторыка?”

Манёнак:
“Не, гэта ня толькі рыторыка. Канцэпцыя энэргетычнай бясьпекі Беларусі прадугледжвае магчымасьці прапрацоўкі альтэрнатыўных варыянтаў. Тэхнічна гэтыя праекты прапрацаваныя, і вядома, колькі патрэбна грошай, каб дабудаваць альтэрнатыўныя нафтаправоды. Але пакуль існуе танная расейская нафта, няма мэтазгоднасьці ўкладаць такія грошы. Таму Беларусь пакуль толькі ў якасьці назіральніка ў такіх праектах. Але, як кажуць адмыслоўцы “Белнафтахіма”, беларускія спэцыялісты манітораць гэтыя сытуацыі, ведаюць, дзе пры неабходнасьці закупіць рэсурсы, і гатовыя апрабіраваць гэтыя пастаўкі”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG