Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Місія АБСЭ зрабіла сваю справу? Місія можа сыходзіць?


Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Макей сустрэўся з кіраўніком офісу АБСЭ ў Менску Гансам-Ёхэнам Шмідтам 2 верасьня.


Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Макей сустрэўся з кіраўніком офісу АБСЭ ў Менску Гансам-Ёхэнам Шмідтам 2 верасьня.

Шмідт датэрмінова завяршае дыпляматычную місію ў Беларусі.

Макей заявіў, што, на думку беларускага боку, Шмідта пераводзяць на іншую працу ў сувязі з пазыцыяй шэрагу краін Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе і крытыкай на адрас Шмідта з боку беларускай апазыцыі.

Паводле Макея, у такой сытуацыі беларускі бок вымушаны ўсёр'ёз задумацца над далейшымі пэрспэктывамі офісу АБСЭ ў Мнеску, тым болей, што паводле яго, "няма аб'ектыўных падставаў для палявой прысутнасьці АБСЭ ў Беларусі".

Сытуацыю аналізуе аглядальнік “Свабоды” Валер Карбалевіч.

Маёрчык: Калі ў Беларусі зьявілася місія АБСЭ? Зь якімі мэтамі?

Карбалевіч: Я хачу падкрэсьліць, што місіі АБСЭ зьяўляюцца не ва ўсіх краінах-сябрах АБСЭ, а толькі ў тых краінах, дзе ёсьць пэўныя праблемы, альбо сур’ёзныя праблемы, з дэмакратыяй і правамі чалавека. Менавіта апошняя акалічнасьць стала прычынай зьяўленьня місіі ў Беларусі. Пасьля рэфэрэндуму 1996 году, калі эўрапейскія структуры не прызналі яго вынікаў, яны прызналі, што ў Беларусі існуе палітычны крызіс. Узьнікла думка, што дзеля яго разьвязаньня патрэбная нейкая міжнародная структура, якая магла б падштурхоўваць беларускія ўлады да вырашэньня гэтай праблемы. У 1998 годзе пры супраціве беларускіх уладаў гэтая місія зьявілася — Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ. У яе быў мандат, які прадугледжваў уплыў на сытуацыю з правамі чалавека і дэмакратыяй. Пасьля, у 2002—2003 годзе, узьнік канфлікт. Гэтая група зьнікла. Зьявілася іншая, з новым мандатам, дзе праблемы дэмакратыі і правоў чалавека былі выціснутыя на пэрыфэрыю. Дасюль гэтая місія існуе ў Беларусі.
У 1998 годзе пры супраціве беларускіх уладаў гэтая місія зьявілася


Маёрчык: Уладзімер Макей выказаўся ў тым сэнсе, што ўлады разгледзяць мэтазгоднасьць знаходжаньня місіі на тэрыторыі Беларусі. Чаму такія словы прагучалі менавіта сёньня?

Карбалевіч: Гэтая прапанова сталася вынікам дачыненьняў паміж Эўрапейскім Зьвязам і эўрапейскімі структурамі, з аднаго боку, і ўладамі Беларусі — з другога. Той дыялёг, які пачаўся летась, актыўна ідзе. Беларусь наведалі высокія эўрапейскія палітыкі і дыпляматы. Беларусь уключаная ва Ўсходняе партнэрства. Беларускія ўлады палічылі, што ёсьць добрая нагода зрабіць выснову, што ў праблеме дэмакратызацыі Беларусі існуе значны прагрэс. А калі ёсьць прагрэс, нагода, якая некалі была прычынай для зьяўленьня місіі, нібыта зьнікае. Я думаю, што ўлады скарысталіся гэтай сытуацыяй, каб пазбавіцца кантролю з боку эўрапейскіх структураў за палітычнай сытуацыяй у Беларусі.

Маёрчык: Які розгалас могуць выклікаць такія выказваньні Макея? Як сытуацыя будзе разьвівацца далей?
Бяз згоды беларускіх уладаў гэтая місія тут заставацца ня можа


Карбалевіч: Я думаю, што эўрапейскія структуры адмоўна паставяцца да такіх прапановаў спадара Макея. Праблема ў тым, што гэтая місія можа існаваць на тэрыторыі Беларусі толькі са згоды беларускіх уладаў. Калі Кансультацыйна-назіральная група, якой кіраваў спадар Вік, выклікала раздражненьне афіцыйнага Менску, то беларускія ўлады проста адмовілі супрацоўнікам той місіі ў выдачы візаў. Тыя проста вымушаныя былі адсюль зьехаць. Таму бяз згоды беларускіх уладаў гэтая місія тут заставацца ня можа. Таму, я мяркую, будуць вельмі сур’ёзныя перамовы. Калі беларускія ўлады і дадуць згоду на працяг існаваньня гэтай місіі, то зноў урэжуць яе мандат. Па-другое, запатрабуюць саступак у нейкіх іншых сфэрах. Я думаю, што пытаньне стане прадметам вельмі жорсткага торгу паміж беларускім бокам і АБСЭ.
XS
SM
MD
LG