Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску зачынілася габрэйская школка


У Бабруйску прыпыніла сваю дзейнасьць адзіная на Магілёўшчыне прыватная габрэйская ўстанова адукацыі “Дзіцячы сад-школа “Ар-Аўнэр”.


Прычына - нястача фінансаваньня. Цягам шасьці гадоў яна існавала на прыватныя ахвяраваньні. Паводле кіраўніцтва, дзейнасьць дзіцячага садка-школы прыпыненая на год.

Цяжкасьці ў школе пачаліся яшчэ ў студзені. Тады з-за нястачы сродкаў адміністрацыя згарнула адукацыйную праграму для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту. Праблему фінансаваньня, аднак, гэты крок не вырашаў. 30 ліпеня бацькам паведамілі аб прыпыненьні ўсёй адукацыйнай праграмы.

“Мы на адзін год прыпынілі сваю дзейнасьць у сувязі з тым, што не сфармаваны бюджэт.

На дзяржаўную дапамогу мы не спадзяёмся, бо мы прыватная ўстанова адукацыі і ад дзяржавы ніколі не атрымлівалі ніякай дапамогі. Мы толькі спадзяёмся на тых спонсараў, якія нам дапамагалі цягам шасьці гадоў, нас арганізавалі”, - паведаміла прадстаўніца адміністрацыі.

Габрэйскую школку наведвалі каля сямідзесяці дзяцей - ад садкоўскага ўзросту да школьнікаў сёмай клясы. Цяпер старэйшыя дзеці пайшлі ў звычайныя гарадзкія школы, а малых уладкавалі ў гарадзкія садкі.

“Мы пра сваіх дзяцей, канечне, не забудзем. Мы ў іх шэсьць гадоў укладалі і культуру габрэйскага народу, і гісторыю, і мову. Мы будзем арганізоўваць мерапрыемствы й нашых дзяцей будзем запрашаць на ўсе нацыянальныя сьвяты”, зазначае прадстаўніца адміністрацыі.

У бабруйскім аддзеле адукацыі ведаюць пра праблемы габрэйскай школкі, аднак дапамагчы ёй чыноўнікі ня могуць:

“Гэта прыватная ўстанова. Прыватныя ўстановы мы не фінансуем”, - паведаміла супрацоўніца аддзелу.

Былы бабруйскі настаўнік Алесь Чыгір мяркуе: “Калі б дзяржава была зацікаўленая ў існаваньні нацыянальных устаноў адукацыі, то сродкі на дапамогу б знайшла”:

“Сыстэма ўлады ў нас вельмі косная. Ёй вельмі цяжка рэагаваць на выклікі часу. Я ня думаю, што аддзел адукацыі ня хоча, каб існавала габрэйская школа. Хутчэй, аддзелу адукацыі ўсё роўна. Няма ўстаноўкі нейкай зьверху, няма загаду. Ёсьць школа - ну й добра, няма - то й праблемаў няма”.

Гадаванцы школкі былі частымі ўдзельнікамі гарадзкіх мерапрыемстваў. Іх удзел заўжды надаваў такім мерапрыемстваў асаблівы нацыянальны габрэйскі калярыт. Гэтым калярытам славіўся Бабруйск. У лепшыя часы тут жыло больш за 20 тысяч габрэяў, цяпер - толькі чатыры тысячы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG