Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Палітычныя” звальненьні не спыніліся


Кася Галіцкая

Кася Галіцкая

Актывістку руху “Маладая Беларусь” Касю Галіцкую звольнілі з працы ў прадстаўніцтве замежнай кампаніі. Кася сьцьвярджае, што гэта адбылося паводле палітычных матываў, іншай прычыны звальненьня не было.


Яна распавяла, што пасьля таго, як яе кіраўніцтва наведаў супрацоўнік КДБ, ёй прапанавалі звольніцца самой. За некалькі дзён да гэтага працы пазбавіліся актывісты моладзі БНФ Аляксандар Кузьняцоў і Сяргей Зьвёздачкін.

Кася Галіцкая кажа, што гэта ўжо трэці выпадак, калі яна была вымушана страціць працу з-за сваёй палітычнай дзейнасьці.

“Выпадак свайго звальненьня з працы я не хачу камэнтаваць, бо вельмі добра мне там працавалася. Добрыя былі стасункі, у тым ліку з кіраўніцтвам. Ніхто не вінаваты ў тым, што я палітычная актывістка. Шмат хто на месцы шэфа паступіў бы такім жа чынам.

На працы амаль ніхто ня ведаў пра маю грамадзкую дзейнасьць. Я гэтага не афішавала. Працавала перакладчыкам і ня мела матэрыяльнай адказнасьці. Ніякіх высокіх пасадаў не займала”.

Кася Галіцкая прыгадала іншыя выпадкі, калі яна страчвала працу, пасьля таго як начальства наведвалі супрацоўнікі КДБ.

“Што ж тычыцца іншых выпадкаў, то схема звальненьня з працы актывістаў паўсюль амаль аднолькавая. Чалавек можа нават і не здагадвацца, што да кіраўніцтва нехта прыходзіў. Гэта становіцца вядома толькі пасьля.

Мне далі зразумець, што звольніцца на ўласнае жаданьне — гэта адзінае выйсьце. Пры гэтым кажуць, што “нічога пэрсанальнага, але нам трэба працаваць”, праблемы нікому не патрэбныя”.

Кася Галіцкая перакананая, што скардзіцца ў судовыя ўстановы сэнсу няма. Але яна лічыць, што й пісаць пра палітычныя звальненьні таксама ня варта.

“Калі ствараць шум вакол гэтай праблемы, то іншыя працадаўцы могуць дзесяць разоў падумаць: ці варта ўвогуле зьвязвацца з апазыцыянэрамі, ці ня лепш іх ніколі і нікуды ня браць на працу?”

Сёньня Касі Галіцкай споўнілася 29 гадоў. Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч лічыць, што Кася бяз працы не застанецца. На ягоную думку, колькасьць выпадкаў звальненьня з палітычных матываў ня зьменшылася.

Артур Фінькевіч
“Апошнім часам выключылі з унівэрсытэтаў шэраг актывістаў, у тым ліку Ўладзіслава Шведа. Яшчэ аднаго актывіста “Маладой Беларусі” адлічылі з вучобы, а потым адразу забралі ў войска. Але ён палічыў за лепшае не ўздымаць інфармацыйную хвалю, а вырашыў, што прасьцей будзе адслужыць у войску.

Не выключаю, што такімі дзеяньнямі супрацоўнікі КДБ хочуць запалохаць патэнцыйных сяброў моладзевых арганізацый”.

Старшыня віцебскай філіі моладзі БНФ Аляксандар Кузьняцоў і ягоны паплечнік Сяргей Зьвёздачкін таксама страцілі працу пасьля ўдзелу ў акцыі ў Гарадку.

Аляксандар Кузьняцоў

працаваў у ювэлірнай фірме. Ён паведаміў “Свабодзе”:

“Мяне выклікаў дырэктар і паведаміў, што прыходзілі да яго два супрацоўнікі КДБ. Казалі, што я нядобранадзейны грамадзянін. Казалі,
Аляксандар Кузьняцоў
што на фірме пачнуцца непрыемнасьці, пачнуцца праверкі. Мяне папрасілі звольніцца на ўласнае жаданьне. Казаў, што яму мае паслугі больш не патрэбныя. Я спытаўся, чаму, а ён: “Ну ты ж памятаеш, дзе ты быў 27-га?”

Моладзевыя актывісты звольніліся з фармулёўкай “паводле дамоўленасьці бакоў”. Ніхто зь іх ня стаў зьвяртацца дзеля аднаўленьня на працы ў судовыя інстанцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG