Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы пачаўся Тыдзень беларускай мовы


Наведніцы музэю Караткевіча

Наведніцы музэю Караткевіча

Тыдзень беларускай мовы ў Воршы ініцыяваў мясцовы музэй Караткевіча. Музэйшчыкаў падтрымалі гарадзкія ўлады, далучыліся ўстановы культуры. І сёньня ў аршанскіх бібліятэках і музэях гораду адчыніліся тэматычныя выставы, праходзяць адмысловыя экскурсіі і творчыя сустрэчы.

Галіна Юркевіч, дырэктарка мэмарыяльнага музэю Ўладзімера Караткевіча, распавяла, што ідэя правесьці тыдзень беларускай мовы нарадзілася пасьля адпаведнай ініцыятывы UNESCO. Сёлета ў лютым гэтая міжнародная арганізацыя занесла нашу мову ў атляс “Мовы сьвету ў небясьпецы” (“World's Languages in Danger”) пад пазнакай “unsafe” — “пад пагрозай зьнікненьня”, кажа спадарыня Галіна.

Галіна Юркевіч
“Справа ў тым, што беларуская мова ўнесена ў атляс моў як такая, што можа зьнікнуць. Таму мы вырашылі зьвярнуцца да ўсіх аршанцаў і правесьці мерапрыемствы ў падтрымку нашай роднай мовы”.

“Чыя гэта была ініцыятыва?”

“Ініцыятыва была супрацоўнікаў музэю Караткевіча, а падхапіў яе аддзел культуры, школы, аддзел ідэалёгіі яе падтрымаў... Наша ж мова мілагучная, сьпеўная, прыгожая — ну, матчына мова! І трэба зрабіць усё, каб яна не пакінула нас, а засталася з намі на ўсё жыцьцё”.

Супрацоўнікі ўсіх шасьці аршанскіх музэяў распаўсюджваюць улёткі ў самых шматлюдных месцах гораду — каля ўнівэрмагу, гарвыканкаму, у мікрараёне “Раніца”, на чыгуначным вакзале... Ва ўлётках напісана: “З трывогай і надзеяй у сэрцы зьвяртаемся да кожнага аршанца: давайце разам пачнём размаўляць на роднай нашай мове! Каб ня ўмёрла мова наша беларуская і ня ўмёрлі мы!” Такім чынам былі перафразаваны вядомыя словы Францішка Багушэвіча “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі”, якія сталі дэвізам моўнага тыдня.

2 верасьня ў сярэдняй школе № 5 пройдзе прэзэнтацыя вуснага часопіса “Гісторыя кніжнасьці Беларусі”. Заўтра спэктакль паводле казкі “Брэмэнскія музыкі” пройдзе ў музэі Ўладзімера Караткевіча — яго падрыхтавалі вучні сярэдняй школы № 20.

Музэй Караткевіча заўжды быў у Воршы асяродкам беларушчыны, а ініцыятыва правесьці Тыдзень беларускай мовы толькі пашырыла ягоную папулярнасьць. У музэйнай залі давялося пазнаёміцца з трыма сяброўкамі, першакурсьніцамі мэдычнай вучэльні, якія прыехалі ў Воршу з Крычава, Клімавічаў і Чэрыкава і ў першыя ж дні заняткаў вырашылі наведаць гэты музэй.

Дзяўчына: “Мы ў школе чыталі Караткевіча, і вось прыйшлі сюды”.

“А ці ведаеце, што гэты музэй ініцыяваў імпрэзы ў абарону беларускай мовы? Як вы лічыце, ці вартая гэтая ініцыятыва?”

Другая дзяўчына: “Так, я думаю, што беларускую мову трэба захоўваць, а то ў нас усё па-расейску…”

“Вось і паспрабуйце зараз па-беларуску выказаць сваё стаўленьне да гэтай праблемы”.

Дзяўчына (па-беларуску):
“Я думаю, што абавязкова трэба захоўваць беларускую мову!”

Цягам тыдня беларускай мовы, які завершыцца 8 верасьня, у горадзе будзе адчынена экспазыцыйная заля Дома рамёстваў, пройдзе сьвята беларускай песьні ў цэнтральным дзіцячым парку, адбудуцца сустрэчы з бардам Эдуардам Акуліным і паэтам Леанідам Дранько-Майсюком, а каля помніка славутаму земляку Ўладзімеру Караткевічу свае творы для ўсіх ахвотных пачытаюць сябры мясцовага літаб’яднаньня “Дняпроўскія галасы”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG