Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістку руху “Маладая Беларусь” Касю Галіцкую звольнілі з працы. Афіцыйная фармулёўка – паводле ўзаемнай згоды бакоў.


Паводле Касі Галіцкай, у офіс кампаніі, дзе яна працавала, днямі прыйшоў супрацоўнік КДБ, які прымусіў кіраўніка фірмы звольніць Галіцкую.

Актывістка працавала ў прадстаўніцтве замежнай кампаніі, якая займалася продажам буйной тэхнікі.

Дзяўчына адмаўляецца назваць кампанію. Маўляў, каб не пашкодзіць свайму былому начальніку.

Яна таксама адмаўляецца ад інтэрвію.

Раней Галіцкая была актывісткай незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Яна некалькі разоў адбывала арышты ў турме на вуліцы Акрэсьціна за ўдзел у вулічных акцыях апазыцыі. Праз палітычную дзейнасьць мела праблемы на працы.

Яе двойчы звальнялі паводле палітычных прычынаў.

КАГО ЗВОЛЬНІЦЬ, КАБ НІХТО НЕ ШАВЯЛІЎСЯ?


Меркаваньне юрыста


Уладзімер Лабковіч
“Нельга пагаджацца на звальненьне паводле ўзаемнай згоды бакоў. У тамі разе работнік пазбаўляецца цэлага шэрагу льготаў і кампэнсацыяў, якія мог бы атрымаць”, - гаворыць юрыст Уладзімер Лабковіч.

“З моманту падпісаньня кантракту ў наймальнікаў ня так і шмат магчымасьцяў звольніць працаўніка. І звальненьне працаўніка – гэта выдаткі для наймальніка”, - кажа Лабковіч “Абмежаваньне на грамадзка-палітычную дзейнасьць у нас існуе толькі для пэўнага кола прафэсіяў. Прыкладам, для супрацоўнікаў сілавых структураў. Ва ўсіх іншых выпадках перасьлед за такую дзейнасьць – гэта парушэньне закону. У такім выпадку хай звальненьне з парушэньнем закону будзе праблемай наймальніка. А калі чалавек звольніцца паводле ўзаемнай згоды бакоў, ён ня зможа абскардзіць такое рашэньне і дапамагчыся кампэнсацыі”.


Каго і за што звальнялі ў 2009 годзе


***

Бяз працы ў новым навучальным годзе засталася настаўніца, сябра КХП БНФ і Таварыства беларускай мовы Тацяна Ўланава.

Адміністрацыя 177-й менскай школы звольніла настаўніцу фізыкі і астраноміі Тацяну Ўланаву. Прычына – сканчэньне кантракту.

Настаўніца мяркуе, што яе пэдагагічная кар’ера спынілася з палітычных прычынаў. Тацяна Ўланава — сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і ТБМ, актыўна прапагандуе беларускую мову.

***

Марыянна Грузьдзіловіч
25 сакавіка 2009 настаўніцу ангельскай мовы Мар’яну Грузьдзіловіч звольнілі з адукацыйнага цэнтру SOL Minsk. Яе зьвінавацілі ў парушэньні статуту арганізацыі.

Мар’яна адрэагавала на абразьлівую рэпліку вучаніцы адносна тых, хто сьвяткуе Дзень Волі. Навучэнка заявіла: “У Дзень Волі на вуліцы выходзяць “тупыя ўроды з апазыцыі”. Выкладчыца адказала, што сама наведвае апазыцыйныя акцыі і бачыць там пераважна інтэлігентных людзей.

31 Мар’яну Грузьдзіловіч аднавілі на працы, скасаваўшы папярэдні загад пра звальненьне, пасьля таго, як пачалася грамадзкая кампанія ў яе абарону.

***


Супрацоўнік Кобрынскай ЖКГ Аляксандар Страчук адмовіўся ўступаць у арганізацыю “Белая Русь”. За гэта зь ім не падоўжылі працоўны кантракт. Дамова на працу скончылася на пачатку жніўня.

Студэнт-завочнік Берасьцейскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывіст Партыі БНФ у час летняй сэсіі атрымаў паведамленьне, што зь ім не працягваюць працоўны кантракт.

“Прэтэнзіяў на прадпрыемстве да мяне не было, - кажа Страчук. - Пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту нават абяцалі падвучыць. У любым выпадку, калі б у кіраўніцтва ЖКГ былі да мяне прэтэнзіі, мяне б выклікалі і адлічалі. Але нічога гэтага не адбывалася”.

***

У Мазыры (Гомельская вобласьць) з пэдагагічнага ўнівэрсытэту сёлета звольнілі дэмакратычнага актывіста Паўла Наздру. Пазьней ён уладкаваўся на працу ў жыльлёва-камунальную гаспадарку.

***

У сакавіку 2009 году полацкага сябра Свабоднага прафсаюзу, грамадзкага актывіста Ўладзімера Губскага папярэдзілі, што кантракт зь ім працягнуты ня будзе.

Дырэктар Полацкага аддзелу ЖКГ Уладзімэр Шадзько сказаў, што прадпрыемству не патрэбныя такія работнікі. Губскі адпрацаваў апэратарам кацельні ў Полацку больш за 17 год. Ён быў адзіным у горадзе працаўніком падобнай установы з вышэйшай адукацыяй.

Уладзімэр Губскі перакананы, што прычынай скасаваньня кантракту - ягоная грамадзкая дзейнасьць. Незадавальненьне з боку кіраўніцтва ён адчуў летась. У ліпені 2008 Губскі падаў заяўку на пікет за вяртаньне вуліцам Полацку гістарычных назваў.


Працоўны Кодэкс пра звальненьне

Працоўная дамова (сярод іншага) можа быць спыненая ў наступных выпадках:

пагадненьне бакоў;

сканчэньне тэрміну працоўнай дамовы;

скасаваньне працоўнай дамовы паводле ўласнага жаданьня або зь ініцыятывы наймальніка;

перавод работніка, зь ягонай згоды, да іншага наймальніка або пераход на выбарную пасаду.


Скасаваньне працоўнай дамовы зь ініцыятывы можа адбыцца ў выпадках:

ліквідацыі арганізацыі, спыненьня дзейнасьці індывідуальнага прадпрымальніка, скарачэньня колькасьці або штата работнікаў;

неадпаведнасьці работніка займаемай пасадзе або выконваемай працы з прычыны стану здароўя, які перашкаджае працягу гэтай працы;

неадпаведнасьці работніка пасадзе, якую ён займае, або працы, якую ён выконвае, з прычыны недастатковай кваліфікацыі;

сыстэматычнага невыкананьня работнікам без паважных прычынаў абавязкаў, якія ўскладзеныя на яго працоўнай дамовай або правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, калі да работніка раней ужываліся захады дысцыплінарнага спагнаньня;

прагулы (у тым ліку адсутнасьць на працы больш за тры гадзіны на працягу працоўнага дня) без паважлівых прычынаў;

зьяўленьне на працы ў стане алькагольнага, наркатычнага або таксычнага ап'яненьня, а таксама расьпіцьцё сьпіртовых напояў, ужываньне наркатычных або таксічных сродкаў на працоўным месцы і ў працоўны час;

аднаразовае грубае парушэньня правілаў аховы працы, у выніку чаго калецтва або сьмерць іншых работнікаў.


Парадак скасаваньня працоўнага дагавора зь ініцыятывы наймальніка:

не дапускаецца звальненьне работніка ў пэрыяд часовай непрацаздольнасьці і ў пэрыяд знаходжаньня работніка ў адпачынку, за выключэньнем выпадкаў ліквідацыі арганізацыі, спыненьня дзейнасьці індывідуальнага прадпрымальніка;

наймальнік абавязаны не менш чым за два месяцы да звальненьня, калі больш працяглыя тэрміны не прадугледжаны ў калектыўным дагаворы, пагадненьні, пісьмова папярэдзіць работніка, а таксама паведаміць у дзяржаўную службу занятасьці пра маючае адбыцца вызваленьне работніка;

наймальнік мае права са згоды работніка замяніць папярэджаньне аб маючым адбыцца вызваленьні выплатай кампэнсацыі ў памеры двухмесячнага сярэдняга заробку;

у пэрыяд тэрміну папярэджаньня работнік выконвае свае працоўныя абавязкі, падпарадкоўваецца правілам унутранага працоўнага распарадку, яму гарантуюцца ўмовы і аплата працы нароўні з іншымі работнікамі;

да заканчэньня тэрміну папярэджаньня звальненьне работніка па названым падставах безь яго згоды не дапускаецца;

у пэрыяд тэрміну папярэджаньня работніку прадастаўляецца адзін свабодны дзень у тыдзень без захаваньня заработнай платы (па дамоўленасьці з наймальнікам - з захаваньнем заработнай платы) для вырашэньня пытаньня аб самастойным працаўладкаваньні ў іншых наймальнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG