Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля амаль чатырох месяцаў прагулу 14 звольненых супрацоўнікаў гандлёвай крамы №14 “Карзінка”, разьмешчанай у Гомелі на вуліцы Рагачоўскай, вернутыя на працу. Такое рашэньне прыняў суд Цэнтральнага раёну.

Акцыянэрнае таварыства гандлю “Цэнтар” як наймальнік абавязана выплаціць гандлярам за вымушаны прагул звыш 30 мільёнаў рублёў заробкаў і 3-мільённую судовую пошліну.

“Сёньня ўсе мы прыйшлі на працу, – апавяла адноўленая на пасадзе загадчыца крамы Іна Гонарт. – Паколькі нашыя месцы занятыя іншымі працаўнікамі, то мы напісалі заявы на адпачынак. Звольнілі нас гуртам нібыта за недастачу. Гэта быў сапраўдны зьдзек над людзьмі з-за махлярства былой кіраўніцы ААТГ “Цэнтар”. Вялікія недастачы, як я разумею, ствараюцца ў таварыстве штучна, праз кампутарныя праграмы цэнтралізаванай бухгалтэрыі”.

Калектыў гандлёвай крамы № 14 разам з загадчыцай, прыбіральшчыцамі і ахоўнікамі апынуўся на вуліцы ў траўні. Звыш 20 звольненых асобаў ўступілі ў незалежны прафсаюзу РЭП. Большасьць з іх папрасілі юрыдычнай дапамогі ў аднаўленьні на працы.

“Мы ім дапамаглі скласьці пазоў і абаранялі інтарэсы ў судзе, – кажа юрыст рэгіянальнага прадстаўніцтва РЭП Леанід Судаленка. – Наймальнік без пацьверджаньня віны кожнага працаўніка звольніў за недавер увесь калектыў. На гэта й зьвярнуў увагу суд, калі агучваў свой вэрдыкт пра аднаўленьне людзей на працы”.

Юрыст ААТГ “Цэнтар” заявіў у судзе, што абскарджваць рашэньне суду кіраўніцтва ня будзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG