Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У 1979 годзе малады журналіст Сяргей Дубавец завяршаў сваю службу ва ўнутраных войсках, у гэтак званым “Белпалку”. Дакладней — служыў у рэдакцыі дывізіённай газэты. Рэдакцыя месьцілася ў аднапавярховым доме на Грушаўцы, у старой сядзібе войскаў НКВД. Пад рукамі тут заўсёды была нямецкая электрычная машынка “Оптыма”. Якраз яе і вырашылі скарыстаць для самвыдату Вінцук Вячорка, Сяргей Сокалаў-Воюш і Сяргей Дубавец.


Шыльда Свабоды

Менск, вуліца Грушаўская, 7
У гэтым будынку ў 1979 годзе ў рэдакцыі вайсковай шматтыражнай газэты журналіст Сяргей Дубавец падпольна друкаваў самвыдавецкі антысавецкі часопіс “Люстра дзён”.

Маладых падпольшчыкаў-антысаветчыкаў расьпірала жаданьне падзяліцца зь іншымі сваімі адкрыцьцямі, да якіх яны прыйшлі ў выніку вывучэньня нацыянальнай гісторыі, культуры, урэшце — сутнасьці савецкага ладу і камунізму. Самвыдат рабіўся для іх наступным лягічным крокам у спасьціжэньні і пашырэньні праўды. Пагатоў у Беларусі ўжо былі прыклады самвыдату. На машынцы друкаваў і даваў чытаць сябрам свае дасьледаваньні Мікола Ермаловіч, хадзілі па руках машынапісныя копіі забароненай літаратуры.

Перад адчыненым вакном рэдакцыі, дзе знаходзіўся Сяргей Дубавец, і адбываліся, так бы мовіць, рэдакцыйныя лятучкі падпольнага выданьня —абмяркоўвалі зьмест нумароў, разьмяркоўвалі, хто і што будзе пісаць, каму і як перадаваць наклад. Узгадвае Вінцук Вячорка:

“Мы зь Сяргеем Сокалавым-Воюшам прыносілі Сяргею Дубаўцу нашы рукапісныя матэрыялы. Ва ўмоўлены час ён адчыняў вакно ваеннай рэдакцыі. Мы перадавалі яму рукапісы. І ён там на ваеннай машынцы празь дзесяць капірак на дзесяць калек друкаваў часопіс “Люстра дзён”. І, наколькі я ведаю, пазьней, калі кадэбісты спрабавалі дапытваць Сяргея Сокалава-Воюша, яны так і не знайшлі, у якім месцы і на якіх машынках друкавалася наша “Люстра дзён”.

Тэматыка нумароў была розная — ад гісторыі (прыкладам, адзін з нумароў быў прысьвечаны 1000-годзьдзю Беларусі) да палітыкі (антысавецкія пратэсты ў суседняй Літве ў зьвязку з самаспаленьнем у Коўне Ромаса Каланты ці аналіз югаслаўскай мадэлі сацыялізму). Таксама ў часопісе друкаваліся вершы.

Від на былы Белполк з вул. Суражскай, Менск

“Люстра дзён” — часопіс, шмат у чым падобны да іншага дысыдэнцкага самвыдату, які ў тую пару ўзьнікаў па ўсім Савецкім Саюзе. Гаворыць Сяргей Дубавец:

“Гэта быў часопіс стандартнага фармату А4. Друкаваліся тэксты з усялякімі выдурненьнямі, з выкарыстаньнем каляровых капірак, нейкіх узораў, якія можна было выцягнуць з машынкі. І гэта выглядала досыць атракцыйна. Папера была папяросная, танюсенькая зусім, каб у закладку можна было надрукаваць чым болей асобнікаў. Там былі вялікія загалоўкі, што таксама на машынцы вырабляліся. І там было шмат старонак, бо было шмат тэкстаў — артыкулаў, вершаў. Таму гэта быў ужо паводле зьместу невялікі часопіс”.

Зразумела, што дзейнасьць выдаўцоў мела выразны антысавецкі характар. Часопіс патаемна раздаваўся давераным людзям, якія яго старанна перахоўвалі. Наклад кожнага з нумароў складаў каля 30 асобнікаў.

Натуральна, КДБ “пасьвіў” самвыдаўцоў, але кансьпірацыя выявілася мацнейшай за вышук чэкістаў. Да арыштаў не дайшло.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG