Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы 3 дні жалобы па беларускіх пілётах, у Беларусі 2


Сёньня целы беларускіх лётчыкаў Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча, якія загінулі 30 жніўня падчас авіяшоў у польскім горадзе Радаме, прывязуць у Беларусь. Воінскі рытуал у іх гонар адбудзецца ў Баранавічах, на тэрыторыі 61-й зьнішчальнай авіябазы. У Баранавічах абвешчаная двухдзённая жалоба, у Радаме – трохдзённая.

Цяпер на месцы катастрофы працуе сумесная беларуска-польская камісія, якая павінна правесьці прафэсійнае расьследаваньне прычынаў трагедыі. Радыё Свабода выслухала папярэднія меркаваньні беларускіх экспэртаў.

Вайсковы аглядальнік тыднёвіка “Беларусы і рынак” Аляксандар Алесін не адмаўляе вэрсіі, якую агучыла прэсавая служба Міністэрства абароны, што ў паветразаборнік магла трапіць птушка:

“Мяркуючы па відэа, сапраўды рухавікі былі спыненыя. Самалёт губляў хуткасьць з-за таго, што рухавікі не рабілі абаротаў альбо не працавалі зусім. Самалёт у паветры не гарэў, не разбураўся. Прычын можа быць некалькі: разбурэньне рухавіка з-за заводзкага дэфэкту лапатак рухавіка. Альбо патрапленьне пабочнага прадмета ў паветразаборнік”.

Былы вайсковец-верталётчык зь вялікім стажам Аляксандар Пашчанка таксама згодны з гэтай вэрсіяй:

”Птушка магла трапіць, калі малая вышыня і вялікая хуткасьць. Гэта цалкам верагодна”.

Карэспандэнтка: “А там жа не адзін рухавік ...”

“Так, два рухавікі. Але хуткасьць падае, а вышыні не хапае, каб зрабіць манэўр”.

У інтэрнэце зьявіліся ананімныя камэнтары адмыслоўцаў, што зьнішчальнік СУ-27 – надзвычай надзейная ваенная машына з двума рухавікамі. Цытую:
«Сам рухавік — АЛ-31Ф — мае тры каналы падачы паветра і дадатковы кампрэсар, які нагнятае ціск на старце і на малых хуткасцях. Хоць бы ў паветразаборнік патрапіў ватнік з валёнкамі — гэта не спыніла б рухавік. Для Су-27 не існуе панятку «нялётнае надвор’е». Пясчаная бура, град, залева, завея — ён будзе працаваць!»
Любая дзяржава хоча сваіх абаронцаў у лепшым выглядзе паказаць. І трэба шукаць кампраміс, бясьпеку лётную трымаць на вялікім узроўні

Вайсковы аглядальнік тыднёвіка “Беларусы і рынак” Аляксандар Алесін на падобныя заявы адказвае так:

“Гэта цяжкі зьнішчальнік, вага ягоная пад 30 тон. Калі б ён знаходзіўся на вялікай вышыні, паломка аднаго рухавіка дазволіла б за кошт пікіраваньня набраць хуткасьць і пачаць кіраваць самалётам. Але паколькі выхад зь фігуры быў на малой вышыні, то выхад са строю аднаго з рухавікоў мог прывесьці да фатальнай страты хуткасьці”.

У найноўшай гісторыі Беларусі гэта чацьвёрты трагічны выпадак з удзелам ваенных самалётаў. У 1992 годзе каля Засімавічаў (Пружанскі раён Берасьцейшчыны) лётчык здолеў катапультавацца. У 1996 годзе пад Баранавічамі разьбіўся падпалкоўнік Уладзімер Карват, які стаў першым Героем Беларусі. У 1997 годзе ў раёне Баранавічаў загінуў падпалкоўнік Сяргей Паграбан.

Нямала трагедыяў адбылося і на ўсясьветных авіяцыйных шоў. Вайсковы аглядальнік тыднёвіка “Беларусы і рынак” Аляксандар Алесін кажа:

“Я асабіста супраць выкарыстоўваньня цяжкіх баявых самалётаў да забаўляльных мерапрыемстваў. Ва ўсясьветнай практыцы вельмі часта на авіяцыйных салёнах адбываюцца трагічныя здарэньні: і ў Лёндане на “Фарнборо” і ў Францыі, на “Ле Буржэ”, ва Ўкраіне, у Львове, зваліўся СУ-27 у Маскве нядаўна на авіясалёне “Макс”.

Былы вайсковец-верталётчык зь вялікім стажам Аляксандар Пашчанка выказаў такое меркаваньне:

“Заўсёды любая дзяржава хоча сваіх абаронцаў у лепшым выглядзе паказаць. А гэта здараецца. І трэба шукаць кампраміс, бясьпеку лётную трымаць на вялікім узроўні”.
XS
SM
MD
LG