Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Фобіі стрымліваюць Маскву ад замяшчэньня ўлады ў Беларусі”


Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін назваў "некарэктным" пытаньне пра тое, чаму Масква падтрымлівае кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку, а не дэмакратычныя сілы гэтай краіны.


“...Спадар Лукашэнка абраны прамым тайным галасаваньнем беларускага народу. Мы заўсёды маем справу зь існай уладай і ніколі не займаемся падтрымкай працэсаў, якія вядуць не да канстытуцыйных працэсаў на тэрыторыі той ці іншай краіны”
, — заявіў Пуцін 1 верасьня на прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве.

Ці можна назваць шчырым гэтае выказваньне расейскага прэм’ер-міністра, ці сапраўды Масква заўсёды падтрымлівае існуючую ўладу у былых савецкіх рэспубліках? Ці можна спрагназаваць, як будзе паводзіць сябе Крэмль надалей, з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: Словы Уладзімера Пуціна пра тое, што Расея заўсёды мае справу з існуючай уладай, пакідаюць уражаньне, мякка кажучы, няшчырасьці. Адразу прыходзяць у галаву прыклады Грузіі і Ўкраіны, дзе Масква фактычна адкрыта змагаецца з цяперашнім кіраўніцтвам, нават не хаваючы, што жадае яго зьмяніць. Ці можна тады лічыць, што і наконт Беларусі Пуцін быў не зусім шчырым, і Масква падтрымлівае Лукашэнку не з-за таго, што ён нібыта быў абраны народам, а зусім з-за іншых прычынаў?

Аляксандар Класкоўскі
Класкоўскі:
Сапраўды, мы бачым прыклады, што Масква зусім не такая “сьвятая” на постсавецкай прасторы, і калі яна лічыць, што нейкі лідэр становіцца ідэалягічна чужым, то яна не цураецца ў выбары сродкаў. І нядаўні адкрыты ліст Мядзведзева Юшчанку якраз такі яскравы прыклад, калі фактычна наўпрост было сказана, што з цяперашнім лідэрам Украіны мы ня хочам мець справу. Ну і супраць Саакашвілі спрабавалі “стварыць” нейкага суперніка, выхадца з спэцслужбаў.

Лукашэнка, дарэчы, сёньня для Масквы як стрэмка.Але мусіць, там пакуль лічаць, што ён застаецца ідэалягічна блізкім. Так што ў гэтым пасажы Пуціна проста выяўляецца тое, што расейскія і беларускія кіроўныя эліты пры ўсіх супярэчнасьцях вельмі роднасныя ў сваім разуменьні “сувэрэннай дэмакратыі”.

Цыганкоў: Па тых ці іншых прычынах, але на цяперашні момант Масква сапраўды пакуль ня ставіць ў Беларусі ні на каго, акрамя Лукашэнкі. Але ці можна спрагназаваць, як будзе паводзіць сябе Крэмль надалей, з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі? Ці будзе яна толькі пашчыпваць Лукашэнку, раздражняць яго ці сапраўды можа паставіць на іншага кандыдата?

Класкоўскі: Тое, што Крэмль гуляе на нэрвах – гэта відавочна. Мы памятаем, напрыклад, пра заяву ананіма ў Крамлі падчас малочнай вайны, што “камусьці мусіць надакучыла быць прэзыдэнтам Беларусі”. Таксама была чарада прыёмаў беларускіх апазыцыйных палітыкаў у Думе. Аднак, зразумела, што ў дадзеным выпадку гэта проста такая дэманстрацыя, каб проста напружыць і зрабіць больш згаворлівым.
На сёньня экспэрты сыходзяцца ў тым, што ў Крамля няма нейкай моцнай стратэгіі ў беларускім кірунку. Да выбараў яшчэ многае можа зьмяніцца, але сёньня выглядае малаімаверным, што Крэмль адкрыта паставіць на нейкага іншага кандыдата, паставіць на, як яны гэта называюць, “дэстабілізацыю абстаноўкі ў Беларусі”.

Бо, як мне здаецца, у Маскве пераважаюць фобіі. У падсьвядомасьці сядзіць такая перасьцярога, што любое іншае кіраўніцтва Беларусі павядзе краіну ў Эўропу. І гэта фобія ўтрымлівае ў пэўных рамках стасункі з Лукашэнкам. Перасьцярога, што Беларусь сыдзе на Захад, што “танкі НАТО будуць стаяць пад Смаленскам” – гэта стрымлівае Маскву ад сцэнару замяшчэньня ўлады на Беларусі
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG