Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лета, час вакацыяў шмат хто з падлеткаў, студэнтаў, навучэнцаў традыцыйна выкарыстоўваюць для таго, каб зарабіць колькі грошай. Ці лёгка было знайсьці працу cёлета, калі крызіс прымусіў працадаўцаў зацягнуць паясы?

Маладзёжна-сацыяльная служба існуе з 1992 году. Лета — гарачая пара, калі ахвотных знайсьці працу становіцца вельмі шмат, распавядаюць супрацоўнікі. Таму вакансіі рыхтуюць загадзя, каб працадаўцы і працаўнікі знайшлі адзін аднаго без затрымак. Найперш прапануюць некваліфікаваную працу, распавядае Ірына Скорына, намесьнік дырэктара службы:

“Падсобныя працы, пагрузка-разгрузка, археалягічныя раскопкі, земляныя працы, — гэта асноўныя напрамкі. Што тычыцца працы, дзе патрэбна нейкая кваліфікацыя, то ў асноўным гэта — каменная кладка”.

Тых, хто імкнуўся скарыстаць адпачынак для працы, гэтым летам было багата:

“Хлопцаў было вельмі шмат. У асноўным гэта студэнты, хоць мы працаўладкоўваем ня толькі студэнтаў, а ўсю моладзь. Адзінае адрозьненьне, якое адчувалася, — гэта невялікія затрымкі зь пералічэньнем сродкаў”.

Заробкі ў параўнаньні зь мінулым летам не зьмяніліся, кажа Ірына. Іншая справа, што беларускія грошы цягам гэтага году моцна патаньнелі. Але калі ня гнацца за высокімі заробкамі, то знайсьці сабе занятак можна. Вось што распавялі ў бюро працаўладкаваньня Савецкага раёну:
Грошай — каля 200—250 тысяч у месяц ...

“Для падлеткаў, школьнікаў, студэнтаў мы арганізуем часовую працу летам. Гэта мэтавыя праграмы за сродкі фонду сацыяльнай абароны. Таму, уласна кажучы, на гэтым крызіс ніяк не адбіўся. Гэта, як правіла, падсобныя працы, якія пад сілу ўсім. Калі гэта студэнты, гэта рамонт інтэрнатаў у асноўным. Калі школьнікі — то гэта нейкія прысядзібныя працы на школьных участках, рамонт мэблі… То бок — пасільная праца. Грошай — каля 200—250 тысяч у месяц”.

На такія заробкі нават падлеткі ня надта рвуцца — лягчэй прасіць грошай у бацькоў. 17-гадовая мінчанка Лера зь сяброўкай зрабілі некалькі спробаў, каб знайсьці працу, але выбар быў небагаты:
Нам змаглі прапанаваць толькі дзьве вакансіі: мыць посуд і прыбіраць ...

“Нам змаглі прапанаваць толькі дзьве вакансіі: мыць посуд і прыбіраць. Ну, неяк ня вельмі нам падышла гэтая праца, тым больш заробак там быў нізкі — каля 300—400 тысяч на месяц. А мусілі кожны будні дзень хадзіць на працу і цягам некалькіх гадзін мыць посуд ці падлогу. Мне здаецца, гэта цяжкая праца. Каб нам прапанавалі нешта накшталт клеіць улёткі нейкія, мы б туды пайшлі”.

16-гадовы Анатоль адразу ведаў, якой працы ён не жадае:

“Я хацеў папрацаваць якім-небудзь… кур’ерам. Каб не было маруднай ці бруднай працы. І ў той жа час каб гэта былі не зусім ужо капейкі. Але нічога знайсьці ня здолеў. Ні праз інтэрнэт, ні праз знаёмых. То тэлефоны, якія пазначаныя былі ў абвестках як кантактныя, былі выключаныя. То не хацелі браць з-за ўзросту”.

Веры, навучэнцы каледжу лёгкай прамысловасьці, прычыну адмовы ў працы называлі іншую:
не жадаюць браць на працу на такі кароткі тэрмін ...

“Уся праблема ў тым, што не жадаюць браць на працу на такі кароткі тэрмін”.

На погляд дзяўчыны, сытуацыя сёлета моцна адрозьнівалася ад леташняй:

“Мінулым летам мне ўдалося знайсьці працу, я некалькі разоў працавала ў рэклямных агенцтвах на прома-акцыях. А сёлета ўжо нічога не атрымалася”.

Дарэчы, нават праз моладзевую сацыяльную службу працу лягчэй знайсьці менавіта хлопцам, кажа Ірына Скорына:

“У нас не ў прыярытэце праца менавіта для дзяўчат. Так атрымліваецца, што ў сувязі са спэцыялізацыяй прапануем больш працы для хлопцаў. Дзяўчаты працаўладкоўваліся ў асноўным на разавыя працы, прыбіраньне памяшканьняў, прома-акцыі. Таксама прысутнічалі сэзонныя прапановы — рэпэтытарства, нянькі, гувэрнанткі”.

Майго суразмоўцу Анатоля адправілі на будоўлю. Там на хлопца паглядзелі і сказалі: з такім целаскладам тут рабіць няма чаго. Але хто шукае — той знаходзіць:

“Сяброўка распавяла, што яна хадзіла і клеіла абвесткі. Я таксама пазваніў у тую фірму, і мяне ўзялі. Адзін тыдзень лета пасьпеў паклеіць. Ну, там штодня прыкладна чыстых дзьве гадзіны працы — і атрымалася 170 тысяч за тыдзень”.

На думку намесьніка дырэктара бюро працаўладкаваньня Савецкага раёну, крызіс адбіўся на колькасьці вакансій у асобных арганізацыях:

“Цяжэй падлеткаў стала ўладкаваць у нейкія арганізацыі, якія самастойна прымаюць супрацоўнікаў, за ўласны кошт. Такіх вакансій стала меней”.
XS
SM
MD
LG