Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча на Вэстэрплятэ: угодкі ў цені Пуціна


1 верасьня ў Гданьску на мысе Вэстэрплятэ, у месцы, дзе 70 гадоў таму прагучалі першыя стрэлы Другой сусьветнай вайны, польскія ўлады адзначылі ўгодкі гэтай вайны разам з 30 дзяржаўнымі дэлегацыямі з усяго сьвету.

У Гданьск прыляцелі, між іншым, прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель. Ад Беларусі — прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі. На тэлефоннай сувязі з Польшчы Аляксей Дзікавікі

“І зноў Пуцін”, “Угодкі ў цені Пуціна” — гэтак сёлетнія мерапрыемствы з нагоды 70-х угодкаў пачатку Другой сусьветнай вайны назвала Польская штодзённая газэта “Dziennik”. Бадай што цяжка знайсьці больш трапныя словы каб акрэсьліць атмасфэру напярэдадні і падчас урачыстасьцяў. Што скажа Пуцін у часе сваёй прамовы ў Гданьску, ці прызнае ўдзел Савецкага Саюзу аб падзеле Польшчы ў 1939 годзе, ці будзе казаць пра Катынь, наколькі вострай будзе прамова Леха Качыньскага? На гэтыя пытаньні ўжо можна даць адказ, прэзыдэнт Польшчы Качыньскі казаў пра ахвяры Катыні. Вінаватыя ў гэтым злачынстве нават не камунізм, не камуністычная сыстэма, а шавінізм, які быў неадлучным элемэнтам тагачаснай савецкай сыстэмы. Качыньскі адзначыў гераізм розных народаў у тым ліку і беларусаў, аднак падкрэсьліў, што перамога над фашызмам не прынесла поўнай незалежнасьці Польшчы і свабоды народам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль казала пра ахвяры нямецкай акупацыі ня толькі ў Польшчы, але й ўва ўсёй Эўропе і дзякавала за тое, што іншыя эўрапейскія народы працягнулі немцам руку дапамогі, дзякуючы якой сталася магчымым разбурэньне бэрлінскай сьцяны і пабудова новай Эўропы.

Уладзімер Пуцін заклікаў пазбавіцца аж стэрэатыпаў у ацэнках Другой Сусьветнай вайны ды падкрэсьліў, што яшчэ парлямант Савецкага Саюзу асудзіў пакт Молатава-Рыбэнтропа і заклікаў зрабіць тое ж самае іншыя краіны. “Мая краіна ня толькі прызнае памылкі дапушчаныя ў мінулым але і робіць унёсак у пабудову новага сьвету. Менавіта Расея зрабіла вялікі ўнёсак у разбурэньне бэрлінскай сьцяны ды пабудову новай Эўропы”, — сказаў Пуцін. Ва ўрачыстасьцях узялі ўдзел 20 прэм’ераў розных краінаў, у тым ліку беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі, але ягоная прамова не была заплянаваная. 2 верасьня ў Гданьску Сідорскі сустрэнецца з прадстаўнікамі дзелавых колаў Паморскага ваяводства ды іншымі польскімі бізнэсоўцамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG