Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грузінаў з-за бунту не пускаюць у Польшчу?


Беларускія памежнікі затрымліваюць грамадзянаў Грузіі, якія спрабуюць нелегальна перасекчы мяжу Беларусі з краінамі Эўразьвязу – Літвой, Латвіяй і Польшчай.


У прэсавай службе Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Інтэрфаксу паведамілі, што грамадзяне Грузіі спрабуюць патрапіць у ЭЗ цэлымі сем’ямі, ідуць праз лясы, паток не спыняецца.

Паводле інтэрнэт-парталу Вечерка, грамадзянаў Грузіі ў масавым парадку вяртаюць з Польшчы.

Адзін з тых, каго пусьцілі на тэрыторыю Польшчы, спадар Вахтанг патлумачыў выданьню, што прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі падчас знаходжаньня ў Грузіі нібыта заявіў, што «ўсіх грузінаў з шырокімі адбымкамі чакаюць у яго краіне і ў Эўропе. Многія палічылі, што, маўляў, дастаткова сказаць, што ты грузін і табе адразу дадуць грамадзянства, добрую працу і жыльлё. Я таксама кінуў свой дом. Але ў мяне было запрашэньне ад брата, віза, іншыя дакумэнты, крыху грошай».

Паводле інтэрнэт-парталу «Вечерка», прычына па якой польскія памежнікі масава адмаўляюць у перасячэньні мяжы грамадзянам Грузіі ў многім хаваецца ў бунце, які наладзілі ў жніўні некалькі дзесяткаў грамадзянаў Грузіі ў закрытым Дэпартацыйным цэнтры для іншаземцаў у Бяла-Падлясцы. Пратэстоўцы забарыкадаваліся ў адным з сэктараў. Паводле паведамленьняў польскіх мэдыяў, уцекачы пратэставалі супраць кепскіх, на іх погляд, умоваў і таго, што пэрыяд знаходжаньня ў цэнтры для іх зацягваецца. Некаторыя знаходзіліся там больш за 3 месяцы, хоць час трыманьня тут складае да 3 месяцаў.

Паводле інтэрнэт-газэты «Вечерка», многія з тых, каго вярнулі зь мяжы, спыняюцца ў берасьцейскіх гатэлях, некаторыя здымаюць кватэры.

У зьвязку з масавым нелегальным патокам грамадзянаў Грузіі прымаюцца дадатковыя меры па ахове мяжы з ЭЗ. Беларускі бок дэпартуе парушальнікаў мяжы ў Грузію

У амбасадзе Грузіі ў Менску паведамілі, што ў гэтым пытаньні адбываюцца кансультацыі зь беларускім бокам.
XS
SM
MD
LG