Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьезд БНФ. Ворша: “Зьезд будзе адным з самых цікавых”


Сядзіба БНФ у Менску

Сядзіба БНФ у Менску

5 верасьня ў Менску пройдзе 12 зьезд Партыі БНФ. На зьезьдзе будуць вызначаныя стратэгія і кірунак дзейнасьці на бліжэйшыя два гады. Чаго чакаюць ад зьезду дэлегаты з рэгіёнаў? Алесь Шутаў, старшыня Аршанскай суполкі Партыі БНФ, лічыць, што вынікі чарговага партыйнага зьезду могуць быць самымі непрадказальнымі. І ад іх будуць залежаць далейшыя кірункі стратэгіі і тактыкі партыі.

“Гэты зьезд можна загадзя назваць самым малапрадказальным, што да ягоных вынікаў. Па-першае, ён мусіць даць адказ на пытаньне, ці будзе Партыя БНФ браць удзел у будучай прэзыдэнцкай кампаніі і ці будзе яна выстаўляць свайго кандыдата. На сёньняшні дзень наконт гэтага ёсьць розныя пазыцыі, і зьезд мусіць паставіць кропку ў гэтым пытаньні.

Па-другое, зьезд мусіць даць ацэнку дзейнасьці партыі ў межах АДС, і выказацца альбо ў падтрымку супрацоўніцтва зь іншымі дэмакратычнымі сіламі, альбо выказацца адваротна.

І яшчэ адно, самае галоўнае, мусіць, пытаньне, якое павінна вырашыцца на зьезьдзе – гэта выбары кіраўніцтва партыі. І сёлетні зьезд адметны якраз тым, што цяжка прагназаваць, хто менавіта будзе абраны новым старшынём. Ёсьць як мінімум дзьве каманды, якія зьбіраюцца выстаўляць сваіх прэтэндэнтаў. Можа, зьявяцца і яшчэ патэнцыйныя кандыдаты.

Сытуацыя цікавая і загадзя прагназаваньню не паддаецца. Таму будучы зьезд, які пройдзе на пачатку верасьня, можна назваць адным з самых цікавых за ўсю гісторыю партыі БНФ. А ягоныя рашэньні сапраўды будуць мець значэньне для далейшай праграмы дзейнасьці, для далейшых накірункаў дзейнасьці партыі. Проста “рытуальным” гэтае мерапрыемства ня будзе ў любым выпадку.”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG