Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьезд БНФ. Гомель: “Патрэбен адзіны кандыдат”


Сядзіба БНФ у Менску

Сядзіба БНФ у Менску

5 верасьня ў Менску пройдзе 12 зьезд Партыі БНФ. На зьезьдзе будуць вызначаныя стратэгія і кірунак дзейнасьці на бліжэйшыя два гады. Чаго чакаюць ад зьезду дэлегаты з рэгіёнаў? Валер Рапнін, прадпрымальнік, дэлегат зьезду Партыі БНФ ад Гомеля:

“На канфэрэнцыі Гомельскай гарадзкой арганізацыі БНФ мы вылучылі 6 дэлегатаў на зьезд. Зараз я й мае калегі заклапочаныя найбольш тым, якое месца ў жыцьці Беларусі зойме наша партыя.

На мой погляд, у 90-я гады БНФ меў большы ўплыў у грамадзтве. Нашыя сябры былі дэпутатамі заканадаўчых органаў, мы не былі падзеленыя на два крылы. Не было такога шалёнага ціску з боку ўладаў. Дый шэрагі сяброў партыі былі непараўнаўча большымі.

Мяркую, што на зьездзе пытаньне ўплыву партыі на грамадзкае жыцьцё зойме належнае месца.

Працуючы ў рэгіёне, я бачу, што за апошнія гады нашы структуры тут аслаблі. Цэнтр разьвіваецца, а рэгіянальныя арганізацыі належнага разьвіцьця не атрымліваюць. Патрэбна сур’ёзная дапамога цэнтра мясцовым структурам. Магчыма, ня лішнім будзе абмен досьведам. Важна распрацаваць жыцьцяздольныя захады, каб прыдаць дынамікі рэгіянальным структурам.

Ня трэба забываць, што хутка чарговыя прэзыдэнцкія выбары. І трэба, каб да словаў сяброў БНФ людзі прыслухоўваліся. У нашай партыі ёсьць добрая антыкрызісная праграма, багата адраджэнцкіх напрацовак. Грамадзтва мусіць пранікнуцца нашымі клопатамі пра беларускую эканоміку й культуру.

Мяркую, што будзе правільным, калі на зьездзе мы вылучым свайго прадстаўніка ў кандыдаты на прэзыдэнцкія выбары. Патрэбен такі вылучэнец, каб ён мог стаць адзіным вылучэнцам ад дэмакратычных сілаў на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах.”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG