Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпачыўшы ў Сочы, Аляксандар Лукашэнка пачаў актыўна езьдзіць па рэгіёнах Беларусі. Учора ён быў у Лагойску на Меншчыне, а сёньня прыляцеў з малодшым сынам на Гомельшчыну. Коля Лукашэнка адзначыў там дзень народзінаў, а ягоны бацька інспэктаваў працу сельскай гаспадаркі.



У вёсцы Ляскавічы Аляксандар Лукашэнка агледзеў збожжасушыльны комплекс. Яго не задаволілі сушылкі зь імпартнымі камплектуючымі. “Чаму вывозіце валюту?” — запытаўся ён у старшыні аблвыканкаму Аляксандра Якабсона. Ён даручыў камітэту дзяржкантролю “навыварат выкруціць гэтае пытаньне” і “жорстка разабрацца з урадам”.

Падчас наведваньня нацыянальнага парку “Прыпяцкі” А.Лукашэнка даручыў віцэ-прэм'еру Івану Бамбізу падрыхтаваць праграму мэліярацыі, каб “за бліжэйшую пяцігодку аднавіць землі, якія былі раней мэліяраваныя”.

А. Лукашэнка распарадзіўся таксама, каб Бамбіза паклаў яму на стол плян разьвіцьця Прыпяцкага рэгіёну. Запатрабавана разьвіваць турызм, аграрны сэктар, задзейнічаць кожны мэтар.

У Ляскавічах ужо даўно працуе дрэваперапрацоўчы комплекс, які належыць кіраўніцтву справамі прэзыдэнта. Паркет і піламатэрыялы адгружаюцца на экспарт.

Ня так даўно ў вёску бліжэй да вытворчасьці перамясьцілася з Турава й дырэкцыя нацыянальнага парку “Прыпяцкі”. У самой жа запаведнай зоне на дзялянцы памерам 4 тысячы гектараў ствараюць “Палескае сафары”. Дзеля таго, каб прыцягваць турыстаў і дадаткова зарабляць грошы.

Былая навуковая супрацоўніца нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Іна Балоціна заявіла “Свабодзе” пра сваю нязгоду з плянамі А. Лукашэнкі:

“Трэба дакладна вызначыцца: што такое нашыя нацыянальныя паркі й навошта яны? Гэта прыродныя тэрыторыі пад асаблівай аховай — ці гэта ўстановы, якія павінны зарабляць грошы? Разумееце, гэта тое самае, што мы аб’яднаем разам раддом і морг. Давядзем плян і тым, і тым. І назавём гэта цэнтрам нацыянальнай рэпрадукцыі. І як гэта будзе ўсё працаваць?”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG