Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івонка Сурвіла: адкрыты ліст да настаўнікаў Беларусі


Івонка Сурвіла

Івонка Сурвіла

У сувязі з пачаткам навучальнага году да настаўнікаў Беларусі з Канады зьвярнулася старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Высокапаважаныя і дарагія Настаўнікі Беларусі,

Апошнім часам неяк шмат мне даводзілася чуць пра двухмоўе нашага народу. Я жыву ў двухмоўнай Канадзе – і з сумам бачу розьніцу між беларускім і канадзкім двухмоўем.

Хацела б падзяліцца з Вамі маімі думкамі на гэтую тэму ў гэтыя так важныя першыя дні новага школьнага году, калі Вы будзеце пачынаць выхоўваць новую хвалю маладых беларусак і беларусаў, ад якіх калісьці будзе залежаць дабрабыт нашага краю і беларускага народу.

Канада з канца 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя вырашыла ўвесьці двухмоўе – даючы ў краіне ангельскай і францускай мовам аднолькавы статус. Ад таго часу ў Канадзе няма тае фэдэральнае ўстановы, дзе франкамоўны ці англамоўны канадыец ня можа карыстацца сваёй уласнай мовай. Камісарыят афіцыйных моваў Канады даглядае, каб кожная ўстанова мела двухмоўных або хаця б англамоўных і франкамоўных урадоўцаў, каб кожны канадыец мог дабіцца, чаго жадае, на аднэй з гэтых дзьвюх галоўных моваў Канады. Такім ёсьць кожнае сапраўднае двухмоўе.

У Беларусі няма двухмоўя. Калі беларус ня можа карыстацца сваёй мовай у войску, у любой урадавай установе, у судзе, у шпіталі, у самалёце, у цягніку, калі трэба ведаць расейскую мову, каб зразумець што гаворыць старшыня дзяржавы па тэлебачаньні, або папросту каб зразумець, пра што гаворыць беларускае радыё, справа тут ня ў двухмоўі, а ў чужамоўнай акупацыі нашага краю.

Чужая мова, чужы прэзыдэнт, чужая адміністрацыя, чужыя школы, чужыя лекары – ці такой Вы хочаце бачыць свой “мілы кут” на гэтай зямлі, сваю бацькаўшчыну? Ці Вам гэта папросту абыякава? Але абыякавым чалавек сябе адчувае толькі калі ў глыбокай дэпрэсіі. Ападаюць рукі, пра веру ў лепшую будучыню для сябе і для сваіх дзяцей – перастае думаць. Абы толькі пражыць да заўтра, каб ніхто не чапаў.

Дарагія настаўнікі Беларусі, Вы яшчэ можаце адрадзіць беларускую Беларусь. Вы можаце выхаваць добрых, сумленных беларусаў, якія будуць шанаваць усё беларускае, быць годнымі нашае шматвяковае гісторыі. Старшыня Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў нядаўна казаў, што хапіла б аднаго званка, каб адрадзіць нашую мову. Вы маглі б гэта зрабіць нават без таго званка. Пакажэце прыкладам новаму пакаленьню, што Вы паважаеце сваю мову, што любіце ўсё беларускае, што любіце свой прыгожы край, пакажэце Вашым вучням, што ЯНЫ могуць зрабіць, каб жыла беларуская Беларусь! Тады Вашае жыцьцё ня будзе змарнаванае, а Вашая праца станецца Вашым укладам у адрадженьне краю, за які Вашыя продкі калісь змагаліся і аддавалі сваё жыцьцё.

З глыбіні серца люблю наш край і беларускі народ. Так хацелася б, каб неяк пераканаць Вас, мае дарагія браты і сёстры – настаўнікі Беларусі, што трэба ратаваць тое, што яшчэ засталося беларускім. Уключна з мовай, якую яшчэ МОЖАМ выратаваць.

Зь верай у Вашую добрую волю і ў Вашую любоў да ўсяго роднага

Івонка Сурвіла

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG