Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, вуліца Чырвонаармейская, 6


“Майстроўня” ўзьнікла зь сяброўства студэнтаў філфаку Вінцука Вячоркі, Сяржука Сокалава-Воюша і студэнта журфаку Сяргея Дубаўца. Яны распрацоўвалі схемы палітычнай працы дзеля нацыянальнага адраджэньня і вызваленьня Беларусі ад савецкага камунізму.


Шыльда Свабоды

Менск, вуліца Чырвонаармейская, 6.

У гэтым доме, на былым філялягічным факультэце Белдзяржунівэрсытэту, з 1979 да 1983 году дзейнічала Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня — першае ў найноўшай гісторыі нефармальнае моладзевае згуртаваньне, якое мела на мэце адраджэньне нацыянальнай культуры і выхаваньне нацыянальнай сьвядомасьці.



Амбітныя мэты Вінцука Вячоркі, Сяржука Сокалава-Воюша і студэнта журфаку Сяргея Дубаўца. захапілі іншых студэнтаў Белдзяржунівэрсытэту і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту. Пазьней далучыліся да суполкі студэнты іншых навучальных установаў, асьпіранты, рабочыя. З прыходам кампазытара Ларысы Сімаковіч згуртаваньне афармляецца ў “Беларускую сьпеўна-драматычную майстроўню”. Сябры згуртаваньня бачылі сябе пераемнікамі адраджэнскага руху ў Заходняй Беларусі 1920-х гадоў. А назву прапанавала студэнтка філфаку Ірына Марачкіна (Крук):

“Пры канцы 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя ў Заходняй Беларусі, асабліва ў Вільні, віравала беларускае жыцьцё. Пра гэта я даведалася ад Зоські Верас, зь якой я спаткалася ў 1980 годзе ў яе знакамітай хатцы, ад Луцкевіча. У Вільні вельмі актыўна працавала Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня. І з гэтай цікавай моладзевай арганізацыяй па напрамках дзейнасьці мы супадалі. Гэтае незвычайнае слова “майстроўня” вельмі дакладна адпавядала таму, як мы там сябе майстравалі, стваралі”.

Першая публічная акцыя — сьвяткаваньне Калядаў у 1979 годзе — адбылася з умяшаньнем міліцыі, але бяз арыштаў. Майстроўцы адраджалі сьвяты традыцыйнага беларускага календара — Купальле, Гуканьне вясны. Гуканьне вясны ў Зялёным Лузе атрымала шырокі розгалас.

У 1980 годзе была пастаўленая народная драма “Цар Максыміліян” у нацыяналістычнай рэдакцыі Ўладзіслава Галубка — мэтафарычны, выразна антытаталітарны твор. Успамінае Вінцук Вячорка:

“У “Цару Максыміліяне” было некалькі калярытных эпізодаў, якія заўсёды ўспрымаліся гледачамі вельмі радасна. Прыкладам, калі Поп і Дзяк, увасобленыя Дубаўцом і Сокалавым-Воюшам, вянчаюць Цара зь ягонай новай жонкай. Відавочна, што за гэтым хавалася мэтафара паняволеньня Беларусі нейкай фальшывай, мройлівай ідэалёгіяй. Цара граў Сяргей Запрудзкі, ягоную жонку — Алена Амельчыц (Анісім). “Вянчаюцца бацяны, акі бусялы” — гэтая фраза выклікала вялікі рогат у аўдыторыі”.

Пазьней майстроўцы сталі ладзіць археалягічна-архітэктурныя талокі па Беларусі. Талокі давалі магчымасьць легальна выяжджаць з моладзьдзю і адукоўваць яе нацыянальна і палітычна.

Удзельнікі “Майстроўні”, пачатак 1980-ых гадоў

У 1983 годзе пры “Майстроўні” ўтварылася Таварыства беларускай школы зь Вiктарам Івашкевiчам на чале. З 1983 году “Майстроўня” працавала ў Палацы культуры Белсаўпрафу.

13 чэрвеня 1984 году актывісты “Майстроўні” выйшлі на несанкцыянаваную дэманстрацыю пратэсту супраць зносу будынка гарадзкога тэатру на пляцы Волі ў Менску. Дэманстрантаў затрымала міліцыя. Далейшае існаваньне “Майстроўні” стала немагчымым. Пасьля спыненьня дзейнасьці “Майстроўні” яе актывісты стварылі ў Менску ў 1985—1986 гадох моладзевы клюб імя Ўладзімера Караткевіча, а ў 1987 годзе — клюб “Талака”, якія фактычна сталі пераемнікамі “Майстроўні”.

Найважнейшым вынікам працы “Майстроўні” выявілася пазьнейшая інфраструктура Беларускага народнага фронту.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG