Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Невядома, ці выгадная апазыцыі прапарцыйная выбарчая сыстэма”


Працоўная група ў складзе Кансультатыўнай грамадзкай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта пачала рыхтаваць дапаўненьні і зьмены да дзейнага ў Беларусі выбарчага заканадаўства.


Адна з галоўных прапановаў -- выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў праводзіць па зьмяшанай сыстэме, прапарцыйна-прадстаўнічай. Паводле такой сыстэмы частка дэпутатаў выбіраецца па партыйных сьпісах. Ці ўлада сапраўды гатовая пайсьці на такія зьмены ў выбарчая заканадаўства? Ці будзе выгадна апазыцыі ўвядзеньне галасаваньня па партыйных сьпісах? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: Сярод шматлікіх прапановаў, якія вылучаюцца ў рамках зьменаў выбарчага заканадаўства, ініцыятыва перайсьці на прапарцыйна-прадстаўнічую сыстэму, як мне здаецца, самая радыкальная. Ці можа ўлада пайсьці на такія зьмены? Ці ня бачыць яна пэўную пагрозу для сябе ў такіх зьменах?

Чавусаў: Перамовы па магчымых зьмяненьнях беларускага выбарчага заканадаўства ўжо ідуць у дыялёгу, які ажыцьцяўляецца паміж беларускай уладай і структурамі АБСЭ. Пытаньне ўвядзеньня зьмешанай сыстэмы выбараў не ўваходзіць у гэтае кола пытаньняў. Таму, як мне падаецца, такое пераскокваньне на больш радыкальны ўзровень карэктыроўкі выбарчага заканадаўства неапраўданае. Бо калі ўжо быў абраны шлях удасканальваньня існуючай мажарытарнай сыстэмы, то, напэўна, ня варта пераскокваць адразу у прапарцыйную сыстэму.

Цыганкоў:
Але хіба прапарцыйная сыстэма не была б больш выгаднай для апазыцыі? Бо пры партыйных сьпісах найбольш вядомыя партыі відавочна набяруць пэўную частку галасоў і іхнія лідэры могуць стаць дэпутатамі...

Чавусаў: У прапарцыйнай сыстэме відавочна павялічваецца роля партыйных структураў. Але давайце не забывацца пра той малы рэйтынг, які зараз маюць апазыцыйныя партыі. Мне падаецца, што мэханічнае перанясеньне (“роля партыяў падвышаецца, значыць, нам будзе прасьцей здабыць электаральную падтрымку”) не абавязкова спрацуе.

Да таго ж не зусім зразумела, ці адпавядае Канстытуцыі прапанова аб увядзеньні зьмешанай выбарчай сыстэмы. Там ёсьць артыкул, дзе гаворыцца ад адкліканьні выбаршчыкамі дэпутата. А як можна адклікаць дэпутата, абранага па партыйных сьпісах?

Цыганкоў: Чым тады можна патлумачыць, што адна частка апазыцыі працуе над удасканальваньнем існуючай сыстэмы, і іншыя з працоўнай групы ў складзе Кансультатыўнай грамадзкай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта прапануюць уводзіць прапарцыйную сыстэмы?

Чавусаў: Мне здаецца, такая няўзгодненасьць ня служыць агульнай справе. Няслушным ёсьць меркаваньне, што прапарцыйную сыстэму больш складана сфальсыфікаваць. Не, абсалютна не. Проста ўладам давядзецца ствараць новую сыстэму фальсыфікацыяў.

Але неабходнасьць перабудоўвацца пад новую сыстэму будзе двухбаковая. Уладам давядзецца ствараць новую машыну забесьпячэньне патрэбнага выніку і, натуральна, ствараць праўладную партыю. Але і апазыцыі трэба будзе карэнным чынам перабудоўваць сваю працу. Так што невядома яшчэ , каму такая радыкальная рэформа прынясе карысьць.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG