Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Старшыня магілёўскай суполкі ПЭН-цэнтру, былы выкладчык унівэрсытэту імя Куляшова Міхась Булавацкі адстаяў сваё права жыць у студэнцкім інтэрнаце. Інтэрнат, у якім ён пражыў тры дзясяткі гадоў, зачыняюць на рамонт. Яму прапанавалі пакой у іншым інтэрнаце, аднак дамову на яго адміністрацыя прапанавала падпісаць толькі на год. Стары ж інтэрнат зьбіраюцца рамантаваць чатыры гады. У прапанове адміністрацыі Булавацкі ўбачыў спробу выселіць яго з інтэрнату па сканчэньні дамовы.


Канфлікт актывіста з адміністрацыяй інтэрнату й рэктаратам унівэрсытэту доўжыўся амаль два тыдні. За гэты час бакі пасьпелі абмяняцца вуснымі пагрозамі. Булавацкаму давялося трое сутак нават прасядзець у аблозе ў зачыненым новым пакоі. Ён настойваў на ўнясеньні ў дамову зьменаў адносна тэрміну яе дзеяньня — на час рамонту старога інтэрнату.

“Вось гэтую дамову рэктар усё ж падпісаў, нягледзячы на вялікае супраціўленьне. Вырашылі, што паколькі судовы працэс яны прайграюць, то й не пачынаць яго. Калі б падпісаў дамову на перасяленьне на год, то праз год мне б сказалі, што мы з вамі дамаўляліся на год, вы год пражылі — і шукайце цяпер жытло”, — кажа Міхась Булавацкі.

Унівэрсытэцкі юрыст Ларыса Юрчанка пацьвердзіла, што канфлікт вычарпаны:

“Зь ім дамову заключылі, на ягоных умовах, як ён і прасіў. І на беларускай мове, як ён прасіў. Жыў ён у нас і будзе жыць у нас, нікуды ад нас ён не падзенецца. Мы яго крыўдзіць ня будзем, і ён нас таксама крыўдзіць ня будзе”.

Паводле Міхася Булавацкага, выселіць яго з інтэрнату зьбіраюцца даўно, аднак законных падстаў не знаходзілі. Прычынай такога стаўленьня рэктарату да ягонай асобы, лічыць ён, сталася ягоная актыўная грамадзкая й прафэсійная дзейнасьць. Акрамя ПЭН-цэнтру, ён кіруе яшчэ незарэгістраванай суполкай Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Некалі ўваходзіў у мясцовае кіраўніцтва БНФ “Адраджэньне”. Тры гады выкладаў у беларускім ліцэі імя Якуба Коласа. Працуючы ва ўнівэрсытэце, спадар Булавацкі актыўна крытыкаваў рэктарат за стыль падбору кадраў.

За змаганьнем Булавацкага за сваё права жыць у студэнцкім інтэрнаце амаль два тыдні сачыла “Свабода”. Паводле актывіста, журналісцкая ўвага да канфлікту й вымусіла рэктарат урэшце саступіць:

“Рэктар і другія людзі адчулі, што ёсьць цікавасьць да гэтага працэсу з боку сродкаў масавай інфармацыі, і гэта іх нэрвавала. Яны пабаяліся такі незаконны акт праводзіць у жыцьцё”.

Паводле заканадаўства, калі чалавек прапрацаваў ва ўстанове больш за дзесяць гадоў альбо пражыў у інтэрнаце гэтай установы гэткі ж тэрмін, адміністрацыя ня мае права яго высяляць з інтэрнату.



Тры дзясяткі гадоў таму Міхася Булавацкага зь Менску запрасілі працаваць выкладчыкам у Магілёў. Замест кватэры прапанавалі пакой у інтэрнаце. На пачатку дзевяностых не далі грашовай пазыкі на будаўніцтва кватэры. За крытыку начальства ў сярэдзіне дзевяностых яго звольнілі, але праз суд ён аднавіўся на працы. Канфлікт судом, аднак, ня быў вырашаны, і спадар Булавацкі звольніўся сам, пасьля амаль дзевятнаццаці гадоў выкладаньня ў Магілёве. Цяпер жыве з рэпэтытарства.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG