Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты “Маладога фронту” распачалі кампанію “Беларускую кнігу — дзецям”. Гэта трэцяя па ліку кампанія, якая мае доўжыцца да калядных сьвятаў. Юнакі і дзяўчаты зьбіраюць кнігі на беларускай мове, каб потым перадаць іх у дзіцячыя дамы і школы-інтэрнаты. Сёлета да кампаніі далучыліся вядомыя беларускія пісьменьнікі. Даць дзецям, пазбаўленым бацькоўскай ласкі, адчуць сябе паўнавартаснымі грамадзянамі краіны — такую мэту паставілі перад сабой арганізатары кампаніі.

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч паведаміў, што беларускія пісьменьнікі падтрымалі маладафронтаўцаў і далучыліся да кампаніі “Беларускую кнігу — дзецям”.

“Малады фронт” заклікае ўсіх грамадзянаў Беларусі ахвяраваць беларускую кніжку для перадачы ў дзіцячыя дамы. Мы дамаўляемся зь вядомымі беларускімі пісьменьнікамі і паэтамі, каб яны таксама давалі свае кнігі.

Мы ўжо атрымалі згоду на ўдзел у кампаніі Ніла Гілевіча, Уладзімера Арлова ды іншых. Мяркуем, што будзем сустракацца зь вядомымі пісьменьнікамі і грамадзкімі дзеячамі, браць у іх літаратуру. Бліжэй да калядных сьвятаў будзем разносіць яе па дзіцячых дамах. Дзеці вельмі ахвотна ўспрымаюць кнігі і падарункі, якія мы ім прыносім”.

Дабрачынны маратон “Беларускую кнігу — дзецям” стартаваў адразу ў некалькіх гарадах. Трэці год запар маладафронтаўцы пачынаюць збор кніжак на пачатку навучальнага году. Кульмінацыяй кампаніі стане калядны фэст, на якім маладафронтаўцы падвядуць вынікі маратону.

Актывіст “Маладога фронту” з Салігорску Аляксей Валабуеў, які вядомы сваім актыўным удзелам у вулічных акцыях, лічыць, што кампанія “Беларускую кнігу — дзецям” насамрэч ня менш важная за іншыя акцыі апазыцыі:

“Малады фронт” розныя акцыі ладзіць. Ня толькі ж вулічныя акцыі. Гэта культурніцкая акцыя. Павінны быць рознабаковыя мерапрыемствы. Ня думаю, што гэта перашкодзіць нейкім іншым акцыям”.

Наста Лойка ня першы раз бярэ ўдзел у такой кампаніі. Два гады запар яна наведвала са сваімі сябрамі дзіцячыя дамы на калядныя сьвяты.

“Для нас вельмі важна пабыць разам з гэтымі дзецьмі. Даць ім нейкую ўвагу, каб яны адчулі сябе будучымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, каб яны атрымалі веды літаратурныя, гістарычныя пра Беларусь. Гэта тое, чаго ім там не хапае.

Насамрэч, у дзіцячых дамах у Беларусі існуе шмат праблемаў. Недахоп беларускай літаратуры — гэта толькі адна з маленькіх яе частак”.

У сацыяльных сетках і “Жывым журнале” маладафронтаўцы далі абвесткі для ўсіх, хто пажадае перадаць дзецям беларускую кніжку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG