Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 верасьня ў школах Беларусі пачнецца новы навучальны год.


Міністэрства адукацыі паведаміла, што да 1-га верасьня зачынена 97 школ, з-за чаго амаль тры сотні настаўнікаў і тэхнічных працаўнікоў застаюцца бяз працы. Міністэрства па надзвычайных сытуацыях праінфармавала, што да Дня ведаў пэдагагічным калектывам давялося ліквідаваць ажно 71 тысячу парушэньняў у бясьпецы школьных будынкаў.

На сёньня, аднак, застаюцца і іншыя прычыны для хваляваньняў бацькоў, дзяцей і выкладчыкаў.


Гарадзеншчына: Школу ў сіротаў адабралі пад ПТВ будаўнікоў АЭС


У Смаргоні, што на Гарадзеншчыне, закрылі школу-інтэрнат для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Рашэньне спыніць дзейнасьць сіроцкай установы прыняў абласны выканаўчы камітэт. Ад 1-га верасьня тут будзе Смаргонскае прафэсійна-тэхнічнае вучылішча.

Дырэктарка былой школы Тацьцяна Ўласенка гаворыць пра зьмены неахвотна:

“Рашэньне прынятае... Якім чынам яно ўзважвалася... Таму, хто непасрэдна зьвязаны зь сіроцтвам, можна меркаваць шмат”.

Тацьцяна Ўласенка ня ўтойвае, што многія выхаванцы школы не жадаюць пакідаць родныя сьцены. І таму большасьць зь іх цяпер залічаныя ў навучэнцы ПТВ. Гэтым коштам чыноўнікі выканалі плян набору. Маладыя будаўнікі спатрэбяцца на ўзьвядзеньні атамнай станцыі ў суседнім Астравецкім раёне. ПТВ будзе навучаць для АЭС тынкоўшчыкаў, муляраў, цесьляроў, мантажнікаў. Яшчэ сёлета школа-інтэрнат магла пахваліцца вышэйшымі дасягненьнямі. Тацьцяна Ўласенка нагадвае:

“Сёлета нашы выпускнікі ёсьць у вышэйшых навучальных установах і каледжах. У вайсковай акадэміі юнак вучыцца. Другі — на факультэце міжнародных адносін БДУ. Яшчэ адзін паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію. У Белдзяржунівэрсытэце дзьве дзяўчынкі на мэнэджэра вучацца. І ўсе гэта зьяўляецца вынікам мэтанакіраванай шматгадовай працы па прафэсійнай арыентацыі нашых выхаванцаў”.


Настаўнікі атрымліваюць найменшыя заробкі ў рэгіёне


Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў у сваіх выступах перад настаўніцтвам адзначаў, што выпускнікі школ з Гарадзеншчыны маюць высокую падрыхтоўку, крыху саступаючы толькі выпускнікам менскіх школ. Разам з тым іх настаўнікі застаюцца найбяднейшымі ў рэгіёне.

Дырэктар сярэдняй школе вёскі Солы Смаргонскага раёну Аляксандар Сіліцкі спасылаецца на раённую газэту,якая публікуе інфармацыю пра ўзровень заробкаў у розных галінах гаспадаркі раёну. І калі раней пасьля настаўнікаў былі работнікі сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, культуры, то зараз усе гэтыя галіны нас абагналі адукацыю.

Аляксандар Сіліцкі прыводзіць канкрэтныя лічбы заробкаў сваіх настаўнікаў.

Сіліцкі: “У нас яшчэ, паколькі школка вясковая, ёсьць надбаўка 20%. З вышэйшай адукацыяй і мінімальным стажам стаўка складае ўсяго 312 тысяч. Калі сярэдне-спэцыяльная адукацыя — 261 тысяча. Праўда, да гэтага трэба дадаць 20% прэміі. Летась яшчэ была 10% надбаўка як маладому спэцыялісту. І калі настаўнік актыўны, рыхтуе вучняў на розныя конкурсы, то таксама ёсьць дадатак да заробку”.

“Працаваць у школе цяжка, і, як я лічу, мы працуем задарма”

У адной з смаргонскіх гарадзкіх школаў настаўніца, спадарыня Любоў, распавядае мне, што ў іх зьніжаецца колькасьць вучняў. Ад гэтага зьмяншаюцца нагрузкі настаўнікаў, што прыводзіць да зьніжэньня заробкаў.

Спадарыня: “Да прыкладу, настаўнік 1-й катэгорыі, які мае паўтары стаўкі са стажам 25 гадоў, можа мець каля 700 тысяч рублёў, але гэта паўтары стаўкі, кляснае кіраўніцтва, загадчык кабінэту. Наагул, працаваць цяжка, і я лічу, што мы працуем задарма”.

Намесьніца загадчыка раённага адзьдзелу адукацыі пра заробкі настаўніка таксама гаворыць без энтузіязму.

Спадарыня: “У цэлым сярэдні заробак настаўніка ў раёне склаў за мінулы месяц 586 тысяч рублёў”.


У Магілёве і Бабруйску ня будзе беларускамоўных клясаў


Сёлета ў Магілёве й Бабруйску ня будзе беларускамоўных клясаў. Чыноўнікі аддзелаў адукацыі апраўдваюць такую сытуацыю адсутнасьцю заяваў ад бацькоў, ахвочых вучыць дзяцей па-беларуску.

Заяву пра намер адчыніць у абласным цэнтры беларускамоўную клясу сёлета пры канцы красавіка зрабіў аддзел адукацыі Ленінскага райвыканкаму. Вучыць першаклясьнікаў па-беларуску зьбіраліся ў восьмай магілёўскай школе:

“Я тэлефанавала ў жніўні, мне сказалі, што такой клясы ў нас ня будзе. Такіх заяў не паступала. Хаця мы былі гатовыя цалкам. І настаўнік быў у нас, і літаратура”, — паведаміла па-руску намесьніца дырэктара школы.

У аддзеле адукацыі Ленінскага раёну прызналі, што беларускамоўную клясу набраць не ўдалося.

“Мы нават разглядалі пытаньне, калі будзе нават малая колькасьць заяў, мы ўсё адно клясы такія будзем адчыняць, але такіх заяў не паступіла. На наступны год напярэдадні новага навучальнага году мы будзем размаўляць пра гэта на бацькоўскіх сходах. Будзем казаць бацькам, што такая магчымасьць ёсьць”, — зазначыла намесьніца начальніка раённага аддзелу адукацыі Людміла Кавалёва.

Сёлета беларускамоўнай клясы для сына Мікалая дамагалася сям’я Бацюковых. Лекары, аднак, пастанавілі, што дзіця павінна пайсьці ў школу толькі на наступны год. Заява Бацюковых была адзінай на Магілёў. У эфэктыўнасьць чыноўніцкай агітацыі бацька Мікалая Аляксей Бацюкоў ня верыць:

“Ніхто не прапануе, на якой мове хочаце вучыцца, і толькі калі бацька пачне нешта рабіць, то тады могуць адчыніць клясу. Гэта адзінкавыя бацькі. Астатнія спыняцца, бо будуць усьведамляць сябе нейкімі меншасьцямі. Калі чыноўнікі пачынаюць агітаваць — “А давайце вы станьце першымі”, — гэта ставіць чалавека ў такі момант, калі ён не выбірае паміж дзьвюма мовамі, а становіцца аб’ектам узьдзеяньня чыноўніка”.

Ня будзе сёлета беларускамоўных клясаў і ў Бабруйску. Там таксама няма ад бацькоў заяў:

“Інфармацыю, прынамсі, мы даводзілі, і такая магчымасьць была”, — паведаміла супрацоўніца бабруйскага гарадзкога аддзелу адукацыі.

У мінулым навучальным годзе на Магілёўшчыне было 455 школ. Зь іх, паводле ўправы адукацыі аблвыканкаму, 206 — расейскамоўныя. Усе беларускамоўныя школы — у сельскай мясцовасьці. Штогод іх становіцца ўсё меней. Сёлета зачыняцца трынаццаць малакамплектных беларускамоўных школ у вёсках чатырох раёнаў Магілёўшчыны. Адна кляса зь беларускай мовай навучаньня ёсьць у райцэнтры Горкі. У мясцовай чацьвёртай школе ў шостай клясе за парты сёлета сядуць пяцёра школьнікаў.



Настаўнікі Віцебшчыны распачнуць навучальны год бяз плянаў


У кнігарнях вобласьці немагчыма набыць зацьверджанае Міністэрствам адукацыі “Каляндарна-тэматычнае плянаваньне” па ўсіх навучальных прадметах. Зборнікі зьніклі з продажу, да 1-га верасьня настаўнікі засталіся не падрыхтаваныя.

Сёлета ўпершыню віцебскім настаўнікам загадана карыстацца каляндарна-тэматычным плянаваньнем, якое падрыхтавала і зацьвердзіла Міністэрства адукацыі, а не складаць яго саматужна.

Паводле Леры Сом, настаўніцы беларускай мовы з Полацку, гэта мусіла б стаць палёгкай у іхнай працы — каб уніфікаваць падыходы да навучальных праграм і не загружаць настаўнікаў дадатковай пісанінай. Але атрымаць абяцаную мэтадычную дапамогу выявілася зусім ня проста:

“Сёлета гэтае плянаваньне, выдадзенае афіцыйным чынам у кніжачках, зьявілася ў продажы на пачатку жніўня. Хто пасьпеў набыць — той пасьпеў, а цяпер яго нідзе няма. Хаця згодна менавіта з гэтым дакумэнтам 1-га верасьня я мушу весьці першы ўрок”.

Да 1-га верасьня дадатковая колькасьць зборнікаў у кнігарнях таксама ня зьявіцца. Гэта паведаміла гандлярка віцебскай кнігарні “Равесьнік”, што спэцыялізуецца на продажы навукова-мэтадычнай і навучальнай літаратуры. Спадарыня распавяла, што занепакоеныя настаўнікі тэлефануюць да іх кожныя пяць хвілін, але безвынікова:

“Кожныя пяць хвілін! Але я ня думаю, што недзе тыя зборнікі вы знойдзеце. Пакупнікі ходзяць і кажуць, што іх няма нідзе. Былі, але ў вельмі невялікай колькасьці. І больш мы іх атрымліваць ня будзем, бо іх няма ў выдавецтве. Патэлефануйце хіба ў “Сьветач” — гэта прыватная крама, мажліва, у іх іншы асартымэнт”.

У кнігарні “Сьветач” гандлярка таксама спаслалася на тое, што зборнікаў няма ў самім выдавецтве — таму няма і ў іх. Спадзяюцца атрымаць “дадрукоўку” — але толькі праз тыдзень і ўсяго па некалькіх прадметах:

— Зараз скажу вам… так, ангельская, расейская, беларуская мовы, матэматыка і працоўнае навучаньне. І гісторыя, і фізкультура. І ўсё. І будзе гэта праз тыдзень. Яшчэ кажуць, што будзе на сайце Мінадукацыі, але так ці не — я ня ведаю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG