Лінкі ўнівэрсальнага доступу


1 траўня сёлета мы папрасілі слухачоў і чытачоў сайту Радыё Свабода назваць адрасы, дзе ў Беларусі варта павесіць мэмарыяльныя шыльды ў гонар падзеяў найноўшай гісторыі незалежнасьці і свабоды.

На конкурс прыйшло болей за дзьве сотні прапановаў. Журы ў складзе палітыкаў, пісьменьнікаў, публіцыстаў Ўладзімера Арлова, Вінцука Вячоркі, Сяргея Дубаўца, Аляксандра Лукашука, Вячаслава Ракіцкага, Вячаслава Сіўчыка і Сяргея Харэўскага – удзельнікаў і сьведкаў нацыянальна-вызвольнай барацьбы канца ХХ – пачатку ХХІ стагодзьдзя – выбрала 100 адрасоў, дзе разьвіваліся вызначальныя для лёсу незалежнай Беларусі падзеі.

Цяпер мы пройдзем па кожным зь іх, каб аднавіць у нашай памяці падзеі гісторыі, якая стваралася цягам апошніх трыццаці гадоў.

Ад сёньня і да Калядаў у ранішнім эфіры, а таксама на сайце Радыё Свабода – падарожжы па адрасах нашага змаганьня.


Вячаслаў Ракіцкі


25 сьнежня, 1979 год, савецкі Менск брэжнеўска-машэраўскай эпохі — шэры горад, пустыя крамы, замест рэклямы лёзунгі пра адзінства партыі і народу. І раптам — карнавал!



Шыльда Свабоды:

Менск, вуліца Карла Маркса, дом 36

У двары гэтага дома 25 сьнежня 1979 году сябры моладзевай суполкі “Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня” наладзілі сьвяткаваньне Калядаў — першую ў найноўшай гісторыі Беларусі нацыянальную публічную акцыю. Адбылося сутыкненьне зь міліцыяй. З гэтай акцыі пачаўся рух за адраджэньне незалежнасьці Беларусі.



Ад Петрапаўлаўскай царквы, што на вуліцы Нямізе, некалькі дзясяткаў маладых людзей з каляднымі зоркамі ў руках рушылі ў бок Ленінскага праспэкту, мінулі тэатар імя Янкі Купалы і павярнулі на вуліцу Карла Маркса.

Адзінкавыя мінакі агаломшаныя. Што гэта? Якія Каляды? І тым ня меней шмат у каго спрацоўвала генэтычная памяць: людзі кідалі ў калядоўныя торбачкі пачастункі.

Кульмінацыя адбылася ў двары гэтак званага пісьменьніцкага дому, дзе жыў кумір патрыятычнай моладзі пісьменьнік Уладзімер Караткевіч. Моладзь паднялася на паверх, дзе жыў пісьменьнік, і пазваніла ў дзьверы. Узгадвае паэт, тады студэнт філялягічнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту Сяргей Сокалаў-Воюш:

“Караткевіч выйшаў да нас, мы пачалі сьпяваць. А ў гэты час міліцыянты загналі два варанкі на выхадзе з двара. Яны думалі, што нас няшмат, таму сталі казаць, каб выходзілі па адным. Калі сталі выходзіць, і яны ўбачылі, што нас так шмат, яны ня ведалі, што з намі рабіць. А мы выпусьцілі перад тым спэцыяльныя значкі з каляднай зоркай, і пачалі прышпіляць гэтыя значкі, пачалі зь імі размаўляць. Тады капітан, які кіраваў міліцыянтамі, зьехаў з гэтымі дзьвюма машынамі. Тыя з нас, што былі наверсе ў Караткевіча, працягвалі калядаваць. Караткевіч некалькі разоў выносіў нам і віно, і цукеркі. А калі Караткевіч даведаўся, што нас унізе спрабуюць забраць, ён патэлефанаваў Барадуліну. І яны спрабавалі абтэлефаноўваць менскія пастарункі, высьветліць, куды нас забралі, і нас выцягнуць з гэтай сытуацыі. Але нас, на шчасьце, не забралі”.

Моладзь, натхнёная разуменьнем жыхароў дома і даволі лёгкай перамогай над міліцыянтамі, крочыць далей, на Цэнтральную плошчу.

Майстроўня сьвяткуе Каляды ў Заслаўі, 1982 год. Фота з архіву Сяргея Дубаўца

Пісьменьнік, публіцыст, тады студэнт факультэту журналістыкі Сяргей Дубавец:

“Калі мы выйшлі з двара дома, дзе жыў Караткевіч, а таксама Адамчыкі, нас дагнаў Глобус (пісьменьнік Уладзімер Адамчык, сын пісьменьніка Вячаслава Адамчыка — В.Р.) і перадаў нам, здаецца, пушку печыва са словамі “Гэта ад сям’і Адамчыкаў”. Мы на зьдзіўленьне шмат накалядавалі. І калі мы ішлі па Цэнтральнай плошчы зь мяхамі, поўнымі пачастункаў, і здарылася сустрэча зь міліцыяй. Мы якраз абмяркоўвалі, куды нам падацца… Студэнты, ясна, галодныя людзі. Савецкі час — галодны час…”

І зноў на іх шляху міліцыя, але выхапіць з натоўпу хоць кагосьці не атрымалася: калядоўнікі стаялі разам. Забраць усіх ці то не змаглі, ці то пабаяліся. І калядоўшчыкі заскочылі ў тралейбус і паехалі калядаваць далей.

Удзельнікі “Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўні” потым неаднаразова ладзілі Каляды, Гуканьні вясны, Купальлі ў Менску, Заслаўі, Вязынцы. З сьпяваньня песень у “Майстроўні” нараджаўся фальклёрны абрад, які выліваўся ў публічныя акцыі з палітычным сэнсам. Так пачынаўся рух за адраджэньне нацыянальнай памяці і гісторыі. Так з культуры нараджалася сучасная беларуская апазыцыя.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG