Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выконваць парады МВФ уладам небясьпечна”


Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Міжнародны валютны фонд прапануе «значна скараціць дзяржаўнае ўмяшаньне ў эканоміку Беларусі». Пра гэта гаворыцца ў абнародаванай фондам заключнай запісцы місіі МВФ, якая ў канцы жніўня праводзіла ў Мінску кансультацыі. Экспэрты фонду таксама лічаць неабходным правесьці лібэралізацыю заработнай платы, прапануюць беларускім уладам адмовіцца ад устанаўленьня абавязковых колькасных мэтавых паказчыкаў на макраэканамічным узроўні і ўзроўні прадпрыемстваў. Ці гатовыя беларускія ўлады выконваць гэтыя рэкамэндацыі МВФ? Як можна спрагназаваць далейшы лёс супрацоўніцтва афіцыйнага Менску з Фондам? Адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Цыганкоў: Міжнародны валютны фонд заяўляе пра неабходнасьць «значна скараціць дзяржаўнае ўмяшаньне ў эканоміку Беларусі». У МВФ таксама кажуць пра патрэбу скараціць да мінімуму цэнавы кантроль. На вашую думку, наколькі гэтыя рэкамэндацыі падыходзяць да сёньняшняй сытуацыі ў беларускай эканоміцы?

Злотнікаў: Стан эканомікі акурат такі, што рэкамэндацыі МВФ будуць толькі на карысьць Беларусі. Я шмат казаў і пісаў пра тое, што цяпер галоўнае – гэта каб цэны былі свабодныя, і каб рынак, а ня ўрад дыктаваў вытворцам, што і колькі рабіць, і па якіх цэнах.

Цыганкоў: Беларусь ня так даўно наноў пачала супрацоўнічаць з МВФ. Пакуль гэта выглядае як “мядовы месяц”, але ўжо былі інцыдэнты, калі ўлады паведамлялі, што нешта зрабілі (адпусьцілі цэны), а на самой справе гэтага няма. Ці будуць выконвацца новыя рэкамэндацыі?
Віталь Цыганкоў

Злотнікаў: Я лічу, што ўрад ня пойдзе на рэальную лібэралізацыю, адменіць каманды, што і колькі выпускаць. Бо гэта небясьпечна для той аўтарытарнай палітычнай сыстэмы і каманднай эканомікі, якая ў нас існуе. Свабодныя цэны – гэта самае галоўнае, што адрозьнівае рынкавую эканоміку ад каманднай.
Дагэтуль урад рабіў выгляд, што праводзіць пэўную лібэралізацыю. Але яна тычылася толькі пэўных дробязяў, рэальна яе не было. Я думаю – і ня будзе, бо гэта небясьпечна для ўлады.

МВФ патрабуе, каб Беларусь пачала прыватызацыю ў пачатку наступнага году. Але заўважце, што і пагадненьне па гэтым крэдыце таксама заканчваецца тады, у пачатку году. Таму я мяркую, што ўрад будзе рабіць выгляд, што зьбіраецца выканаць парады МВФ, будзе прымаць закон аб прыватызацыі, рыхтаваць некаторыя прадпрыемствы да прыватызацыі. Але на самой справе, я думаю, лібэралізацыі і прыватызацыі не адбудзецца.

Цыганкоў:
Многія палітыкі крытыкуюць МВФ за тое, што ён дае аднолькавыя рэцэпты ўсім краінам, не ўлічваючы іхнія нацыянальныя асаблівасьці…
Злотнікаў: Незалежна ад культуры і нацыянальных асаблівасьцяў, добра жыве тая краіна, дзе працуе цывілізаваны рынак. Дзе ёсьць лібэральная эканоміка, там высокі ўзровень жыцьця і высокія тэхналёгіі. Зрэшты, МВФ прапануем толькі базавыя асновы таго, што робіць эканоміку рынкавай. І толькі!
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG