Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі зьнішчальнік СУ-27 разьбіўся ў часе міжнароднага авіяшоў каля польскага гораду Радам – загінулі двое беларускіх пілётаў.

Паводле беларускага міністэрства абароны, прычынай трагедыі магла стаць птушка, якая патрапіла ў рухавік СУ-27, а пілёты (палкоўнік Аляксандр Жураўлевіч і намесьнік камандуючага апэратыўна-тэхнічным камандаваньнем ВПС і войскаў СПА Беларусі палкоўнік Аляксадар Марфіцкі) не катапультаваліся, бо спрабавалі не дапусьціць, каб самалёт упаў на жылыя раёны.

У выніку беларускі самалёт упаў на адлегласьці ўсяго 200 мэтраў ад населенага пункту Малэнчын.

“Мы спынілі ўсе палёты ў паветры, Наведнікі, якіх было каля 200 тысячаў, маглі глядзець толькі тое, што стаіць на зямлі. Высьвятленьнем абставінаў катастрофы зоймецца адмысловая камісія, у склад якой увойдуць як польскія, так і беларусія адмыслоўцы”, – заявіў адразу пасьля катастрофы прадстаўнік радамскага авіяшоў.

Гэтак цьвердзяць і сьведкі падзеяў, згодна адзначаючы, што калі б беларускія пілёты катапультаваліся, то маглі б загінуць цывільныя жыхары.

“Гэта жах. Мы думалі, што самалёт вось-вось зьявіцца з-за лесу, а замест гэтага – выбух і слуп дыму!..”

Між тым, паводле польскіх адмыслоўцаў, якія былі на паветраным шоў, пілёт беларускага зьнічшальніка дапусціў памылку, выконваючы складаныя паветраныя манэўры занадта нізка.

“Тут можна браць пад увагу альбо памылку чалавека, альбо нейкую тэхнічную праблему. Надвор’е было добрае, а птушка, хутчэй за ўсё, не магла быць прычынай катастрофы, бо птушкі з такіх месцаў звычайна ўцякаюць”, – кажа адмысловец у авіятэхніцы Томаш Гыпкі.

Спачуваньні сем’ям беларускіх пілётаў накіравалі прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі і міністар абароны Богдан Кліх.

Два гады таму ў часе міжнароднага авіяшоў у Радаме, загінулі двое польскіх пілётаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG