Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусізацыю тармозіць вульгарнае тлумачэньне закону


Станіслаў Суднік
Станіслаў Суднік

Грамадзкі рэдактар новага тыдня – Станіслаў Суднік. Днямі яму спаўняецца 55. Скончыў вайсковыя вучылішча і акадэмію, служыў ракетчыкам у Казахстане, на Ўрале, затым у Беларусі. 15 гадоў таму падпалкоўнік Суднік звольніўся ў запас. Ён – старшыня Лідзкай раённай арганізацыі грамадзкага аб'яднаньня ТБМ, сябра сойму ГА БНФ “Адраджэньне” і партыі БНФ, рэдактар газэты “Наша слова” і краязнаўчага часопісу “Лідскі летапісец”.


- Спадар Станіслаў, неяк у Лідзе я спытаўся пра вас у выпадковага знаёмца. І пачуў: “А хто гэтага нацыяналіста ня ведае? Паважаю, што не хавае сваіх поглядаў...” Сапраўды так?

- Ну, ня ўсё ж нармальны чалавек гаворыць тое, што думае… Але як да маіх поглядаў на нацыянальную праблематыку, то іх не хаваць, а прапагандаваць трэба.

- І ўсё ж пракамэнтуйце тэзу пра ваш нацыяналізм?

- Сёньня ў нас няма аніякай міжнацыянальнай, міжканфэсійнай варажнечы – адпаведна, беларускі нацыяналізм ня можа быць скіраваным супраць кагосьці іншага. Ён перш за ўсё арыентуецца на нас саміх, што прынцыпова. На тое, каб мы ўрэшце сталі беларусамі.
- У прынцыпе ўсе маюць права на ўласнае бачаньне жыцьця – гэты чалавек ня ведае мовы, гэты быў камуністам і, адпаведна, інтэрнацыяналістам за саветамі – вы можаце з такімі кантактаваць, ня лічыце іх ворагамі новай Беларусі, сваімі ворагамі?

- Хутчэй важна, кім хто ёсьць на сёньня. Нехта ня ведае мовы, але ўсьведамляе сябе беларусам. І што зь ім рабіць? Ды сябраваць! Агітаваць, сябруючы. Але ёсьць і такія “бязмоўныя”, якія ўжо махнулі рукой: “Ай, позна вучыць нешта, і бяз гэтага я – беларус, я – за Беларусь! Я за тое, каб ня вывучаная мной мова была, разьвівалася, каб яе вывучылі мае дзеці!” Дык што мне застаецца? Нічога іншага, як толькі сябраваць зь імі.

Мы – вялікі народ, і маем права як на такіх вось “нязнаек”, так і на былых камуністаў.

Але мы ня маем права суіснаваць мірна з тымі, якія выступаюць супраць нашай мовы і культуры – зь імі, безумоўна, неабходна змагацца.

- Нацыянальна ангажаваныя людзі звычайна добра ведаюць свой радавод. Не сумняваюся, вам ёсьць што сказаць!

- Гарадзенцы вывелі мой радавод ажно за 200 год да Міндоўга, як яны кажуць… Мы паходзім зь яцьвяскага племя судавы. Цяпер у Беларусі восем вёсак носяць назву Суднікі. І паўсюль паўвёскі з такім самым прозьвішчам. Пры гэтым ніхто нікому не сваяк. Тое – пацьверджаньне: мы – рэшткі вялікага некалі племя. Ну а ў больш лякальным пляне мой радавод – вёска Суднікі Стаўбцоўскага раёну. Усе мы тутэйшыя, мы – адтуль…

- Спадар Станіслаў, краязнаўства ў Беларусі згасае?

- Краязнаўства – тая рэч, якая ніколі не памірала. Ні за царскай Расеяй, ні за Польшчай, ні за саветамі… Гэта вечнае. Як вечныя нашыя родныя мясьціны, тыя самыя Суднікі… Напрыклад, на сёньня мы ўжо выпусьці 44 часопісы “Лідскага летапісца”, а канца краю распачатай працы не відаць. Так што краязнаўства ня можа затухаць. Яно проста абавязанае разьвівацца. А калі ёсьць такія мясьціны, дзе яно не пульсуе, то гэта толькі да пэўнага часу. Бо краязнаўчая праца, цікаўнасьць – натуральная ўмова разьвіцьця і існаваньня этнасу.

- Вы адзін зь лідэраў лідзкай раённай і гарадзенскай абласной арганізацый Партыі БНФ. Што гэта такое – рэгіянальныя суполкі фронтаўцаў? Што вас адрозьнівае ад сталічных?

- У нас няма плыняў, падплыняў, інтрыгаў, падначак і ўсяго такога іншага, нікчэмнага й небясьпечнага. Ёсьць поўнае адзінства як поглядаў, так і дзеяньняў.

- Напрыканцы тыдня адбудзецца зьезд БНФ. Некаторыя прадказваюць яго чарговы раскол. Ваш погляд?

- Праблема сапраўды існуе, але ў што яна выльлецца, цяпер цяжка сказаць. Ну а як адбудзецца ня тое, тады і будзем гаварыць, шукаць, вырашаць.

- Лідэр ПБНФ Лявон Баршчэўскі заяўляе пра жаданьне балятавацца кандыдатам у прэзыдэнты краіны. Вы ж падчас мінулых выбараў у Палату прадстаўнікоў вельмі зьедліва адгукаліся пра ўдзел у кампаніі сяброў АДС: назвалі іх абсалютна наіўнымі і зялёнымі, маўляў, каб трошкі іх падмаляваць, то маглі стаць і чырвона-зялёнымі. Ну а ў цяперашнім загадзя распачатым змаганьні за прэзыдэнцтва наіўнасьці ня бачыце?

- Сёньня палітычная наіўнасьць палягае ў тым, што нехта зноў сур'ёзна зьбіраецца перамагаць бязь зьмены выбарчага заканадаўства, пры кансэрвацыі становішча, калі аніводнага нашага чалавека ня будзе ў выбарчых камісіях… Вось дзе абсалютная наіўнасьць. Калі ж Лявон Баршчэўскі будзе ісьці ў прэзыдэнты, то мы скарыстаем кампанію на тое, каб нацыянальныя сілы змаглі яшчэ раз сказаць: мы ёсьць, мы рэальная сіла і мы здольныя выйграць, калі барацьба будзе сумленнай.

- Чым жыве сёньня лідзкая суполка Таварыства беларускай мовы? Можа яно нечым пахваліцца, або на першым пляне зноў жа праблемы, небясьпекі?

- Мы – найбуйнейшая арганізацыя ў Беларусі: 620 чалавек. У гэтым годзе шмат высілкаў паклалі на арганізацыю беларускамоўных клясаў у школах і садках. Аднак вынік невядомы вось да самага пачатку навучальнага году. І прычына не ва ўладзе, ня ў школьных адміністрацыях – усё ўпіраецца ў волю бацькоў. Яны ня пішуць адпаведных заяваў… Бо, па-першае, няма зрухаў у беларускі бок у арганізацыі вышэйшай адукацыі. А па-другое, у няправільным, прымітыўным і вульгарным тлумачэньні існага закону аб мовах і адукацыі. Права бацькоў на выбар мовы адукацыі для дзяцей зьвялося да гульні, як кажуць, у адну браму. Бач, яны выбралі – і кропка! А як захочуць, каб дзеці не вучылі матэматыку ці хімію, што тады? Таксама ня будуць вучыць?!

Не! У інтарэсах дзяржавы і грамадзтва мы павінны мець сёньня 70 – 80 працэнтаў беларускіх школ, астатнія – якія хочуць, і хай туды запісваюць на конкурснай аснове.

- У заключэньне, спадар Станіслаў, пачытайце колькі сваіх радкоў для слухачоў "Свабоды"...

- Ідзеш па пяску -

Застаюцца сьляды.

Ды тут жа зьнікаюць

Пад хваляй вады.

За плугам ідзеш-

За табой баразна.

Травою праз год

Зарастае яна.

Дом пабудуеш -

Стагодзьдзе стаіць.

Ды часу павінен

І ён саступіць.

Напішаш радок -

І застаўся навек.

У літарах мёртвых

Жывы чалавек…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG