Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста “Маладога фронту” Арцёма Дубскага 28 жніўня адправілі для адбыцьця пакараньня ў адну з калёній Магілёўскай вобласьці. Мікалай Аўтуховіч, выходзячы з галадоўкі, набраў некалькі кіляграмаў вагі.

Алена Дубская, маці актывіста Арцёма Дубскага, паведаміла “Свабодзе”, што ўчора яе сына адправілі па этапе ў адну з калёній Магілёўскай вобласьці. Раней жанчыне сказалі, што гэта можа быць калёнія ў Шклове ці адна з калёній у Магілёве. У якую дакладна калёнію адправілі Арцёма Дубскага, маці вязьня не паведамілі. “Мне паабяцалі, што дашлюць пазьней ліст, праінфармуюць”, — паведаміла Алена Дубская. Нагадаю, болей за 2 месяцы Арцёма Дубскага, асуджанага да году калёніі, утрымлівалі ў Бабруйскім сьледчым ізалятары. Як пачуваецца вязень?

“Выглядае ён быццам нядрэнна, нічога надзвычайнага няма. Але, канечне, схуднеў. Бо не на маміных харчах, вядома”, — сказала Алена Дубская.

Валер Леванеўскі
Паводле былога палітвязьня Валера Леванеўскага, этапаваньне нават у межах адной вобласьці можа працягвацца болей за адзін дзень. Аднак прадпрымальнік ня выключыў, што Арцёма Дубскага, насуперак былым заявам, могуць накіраваць у калёнію за межамі Магілёўскай вобласьці. “Могуць вырашыць што заўгодна”, — мяркуе Валер Леванеўскі.

Мікалай Аўтуховіч
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч працягвае выхад з галадоўкі, якая доўжылася з 16 красавіка да 16 ліпеня. Два тыдні таму зьявіліся весткі пра тое, што стан здароўя Мікалая Аўтуховіча пагоршыўся, ён перастаў набіраць вагу з-за праблемаў са страўнікам. Як цяпер пачуваецца вязень?

Ала Міхеева, загадчыца мэдычнай часткі менскага сьледчага ізалятара, дзе трымаюць Мікалая Аўтуховіча, запэўніла карэспандэнта “Свабоды”, што цяпер Аўтуховіч нібыта ўжо пачуваецца “нармальна”. “Скажу адзінае: ён набірае вагу як трэба, праблем зь ім усё меней”, — сказала лекарка.

Ці ёсьць перамены ў справе Мікалая Аўтуховіча? Адвакат Павал Сапелка па-ранейшаму справу не камэнтуе і новых зьвестак не дае. “Расьсьледаваньне працягнулі да пачатку кастрычніка. Мяркуйце самі”, — сказаў Павал Сапелка.

Уладзімер Асіпенка
Былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якога таксама трымаюць у менскім сьледчым ізалятары паводле справы Аўтуховіча, адмовіўся ад спатканьняў са сваякамі. “Мы зь ім параіліся і вырашылі больш не зьвяртацца да сьледчага з просьбай пра спатканьні. Маральна гэта вельмі цяжка і нічога не дае. Бацьку няма чаго распавядаць пра свае справы, якія ніяк не мяняюцца, бо зь ім у ізалятары нічога не адбываецца, сьледчыя дзеяньні не праводзяцца. Дык пра што казаць?” — паведаміла Людміла Асіпенка, дачка вязьня.



Нагадаем, жыхароў Ваўкавыску Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенку абвінавачваюць у падпале дома міліцыянта, які адбыўся яшчэ ў 2005 годзе. Сваёй віны ніхто з абвінавачаных не прызнае. Мікалая Аўтуховіча таксама падазраюць у падрыхтоўцы тэракту. Апазыцыя і праваабаронцы ў Беларусі называюць справу Аўтуховіча “палітычна матываванай”.

Актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі быў прызнаны палітвязьнем яшчэ пасьля першага прысуду ў гэтак званай “справе 14-ці” ў сярэдзіне 2008 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG