Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Зьмітру Завадзкаму споўнілася б 37 гадоў


Апэратар тэлеканалу ОРТ Зьміцер Завадзкі таямніча зьнік дзевяць гадоў таму, 7 ліпеня, па дарозе ў менскі аэрапорт. Ад таго часу пра ягоны лёс нічога невядома.

Зьміцер Завадзкі нарадзіўся 28 жніўня 1972 году. Вучыўся ў Інстытуце культуры. З 1989 г. працаваў на беларускім тэлебачаньні. Са студзеня 1997-га — апэратар на ОРТ (Грамадзкая расейская тэлевізія) у Беларусі. З кастрычніка 1999 г. па травень 2000 г. разам з Паўлам Шараметам здымаў у Чачэніі для ОРТ фільм “Чачэнскі дзёньнік”. У траўні 1991 г. у Зьмітра і Сьвятланы Завадзкіх нарадзіўся сын Юры.

Улетку 1997 г. Зьміцер Завадзкі быў арыштаваны разам з журналістам ОРТ Паўлам Шараметам за рэпартаж аб беларуска-літоўскай мяжы. Асуджаны ўмоўна да паўтара году пазбаўленьня волі за незаконны пераход мяжы.

7 ліпеня 2000 г. Зьміцер Завадзкі зьнік пры нявысьветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт “Менск-2”. Судом ён прызнаны памерлым, аднак цела Завадзкага сьледзтвам ня знойдзена. За выкраданьне Зьмітра Завадзкага ў 2002 г. былі асуджаныя да вялікіх тэрмінаў зьняволеньня былыя афіцэры спэцпадразьдзяленьня МУС “Алмаз” Валеры Ігнатовіч і Максім Малік, былы курсант Акадэміі міліцыі Аляксей Гуз і Сяргей Савушкін.

Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Зьмітра Завадзкага вязьнем сумленьня. ОРТ і Беларуская асацыяцыя журналістаў заснавалі з ініцыятывы Паўла Шарамета прэмію імя Зьмітра Завадзкага і штогод ганаруюць ёй журналістаў незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

Пра лёс Зьмітра дагэтуль ня ведаюць маці Вольга Рыгораўна, жонка Сьвятлана Завадзкая, сын Юры.


Партрэт на Свабодзе: Зьміцер Завадзкі. Чалавек з тэлекамэрай.
XS
SM
MD
LG