Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня прадстаўнікі ўраду падвялі вынікі працы прамысловасьці ў першым паўгодзьдзі. У параўнаньні зь мінулым годам яе аб’ём упаў на 4 працэнты.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня прамысловасьці Міністэрства эканомікі Ўладзімер Дзернавы паведаміў, што за першыя паўгода 2009-га ў сярэднім тэмп росту аб’ёму вытворчасьці ў прамысловым сэктары склаў 96% да ўзроўню мінулага году. Аднак асобныя сфэры прамысловасьці паказалі горшыя лічбы, цягнучы назад усю эканоміку.

назіраецца зьніжэньне тэмпаў вытворчасьці, якое, зрэшты, пачалося яшчэ ад кастрычніка мінулага году
“Праблемы характэрныя перш за ўсё для Міністэрства прамысловасьці. Калі паглядзець на дынаміку ў разьвіцьці, то ў параўнаньні за студзень-люты, студзень-сакавік, студзень-красавік і г.д. назіраецца зьніжэньне тэмпаў вытворчасьці, якое, зрэшты, пачалося яшчэ ад кастрычніка мінулага году. Зараз такая тэндэнцыя фактычна працягваецца. Асноўны спад аб’ёму прамысловай вытворчасьці прыпадае на аўтатрактарнае і сельскагаспадарчае машынабудаваньне. Сярод прадпрыемстваў можна адзначыць БелАЗ, дзе тэмп росту склаў толькі 61,5%, Амкадор — 57,1%, МАЗ — 54,6%. То бок праблемы ў гэтым сэктары досыць істотныя”.

Спад прамысловай актыўнасьці ў Беларусі эканамісты тлумачаць наўпроставай залежнасьцю беларускай прамысловасьці ад расейскага рынку. Агульныя для ўсіх краінаў крызісныя зьявы, паводле словаў прадстаўніка Мінэканомікі Ўладзімера Дзернавога, ускладняюцца і пратэкцыянісцкай палітыкай, характэрнай для асноўных гандлёвых партнэраў краіны:

“Прычыны зразумелыя. Многія нашы прадпрыемствы, асабліва машынабудаваньня, былі завязаныя на расейскі рынак. Цяпер умовы доступу туды зьмяніліся. У гэтым сэнсе асноўныя праблемы абумоўленыя зьніжэньнем платаздольнага попыту пакупнікоў. Пры гэтым, што паказальна, цэнавы фактар не заўсёды зьяўляецца вырашальным ва ўмовах гэтага попыту. Бо немалаважную ролю ў выхадзе на зьнешнія рынкі грае пратэкцыянісцкая палітыка ў асобных краінах-імпартэрах датычна закупаў беларускай прадукцыі. Перадусім гэта тычыцца Расеі і Ўкраіны, дзе існуюць рэальныя прыклады штучнага абмежаваньня паставак”.

Разам з тым, паводле чыноўніка, практычна па ўсіх пазыцыях назіраецца зьніжэньне затаваранасьці складоў. Пры гэтым беларускі ўрад рыхтуе сыстэму захадаў на стымуляваньне прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу дзеля рэалізацыі прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў. Аднак, як кажуць незалежныя экспэрты, станоўчая дынаміка тлумачыцца досыць проста: прадпрыемствы скарачаюць аб’ём вытворчасьці, у выніку чаго з канвэера сыходзіць меней прадукцыі, якая потым перакачоўвае на склад. Да таго ж, як кажа аглядальнік тыднёвіка “Беларусы і рынак” Канстанцін Скуратовіч, як сьнежны ком нарастае іншая праблема — узаемных неплацяжоў:

Калі ў мінулым годзе аплочаная выручка складала 90% (пастаўкі па прамысловасьці аплочвалі амаль адразу), то зараз, як кажуць экспэрты, гэты паказьнік — каля 20%,
“Каб у гэтых умовах прадаць, трэба рабіць лагаднейшымі ўмовы аплаты. Таму вельмі шырока ўжываюць адтэрміноўкі. Калі ў мінулым годзе аплочаная выручка складала 90% (пастаўкі па прамысловасьці аплочвалі амаль адразу), то зараз, як кажуць экспэрты, гэты паказьнік — каля 20%, а па некаторых прадпрыемствах увогуле мізэрная лічба. Наконт гэтага існуюць юрыдычныя дамовы, бухгальтарскія кніжкі і г.д. На паперы грошы нібыта ёсьць, але на самой справе ёсьць толькі абавязаньні. А паколькі вытворчасьць ня спыніш, то з гэтымі абавязаньнямі ідуць у банк, бяруць там крэдыты, набываюць той жа імпарт. У цэлым у эканоміцы нарастае крызіс неплацяжоў. Калі не трымацца за ўмовы гандлю і зьніжаць кошты, прадукцыю можна распрадаць, расьпіхаць. Праблемы тут няма, аднак грошай ад гэтага ня будзе. Таму існуе пагроза, што ўзаемныя неплацяжы падарвуць усю эканоміку, а потым і фінансавую сыстэму. Бо ў банкаў таксама няма валюты. Нездарма ж мы бегаем і просім грошай, дзе толькі можна. Ня мы — Лукашэнка”.

Пашырэньню збыту беларускай прадукцыі на ўнутраным рынку будзе спрыяць і пастанова № 1000, якая абавязвае дзяржаўныя прадпрыемствы ажыцьцяўляць імпартныя закупы толькі праз узгадненьне з кіраўнікамі органаў дзяржаўнага кіраваньня — міністрамі ці іхнымі намесьнікамі. Паводле спадара Дзернавога, ва ўмовах скарачэньня экспарту і дэфіцыту валютных сродкаў дырэктар мусіць несьці падвойную адказнасьць за набыцьцё тавараў за межамі краіны.
XS
SM
MD
LG