Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская абласная арганізацыя АГП заявіла, што ня будзе ўдзельнічаць у працэдуры выбараў адзінага кандыдата на прэзыдэнта, якую прапаноўвае экспэртная група кааліцыі АДС.

Згодна з працэдурай, належыць правесьці праймэрыз — папярэдняе галасаваньне выбарцаў за прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва ад апазыцыйных партыяў. Магілёўскія палітыкі лічаць, што ажыцьцявіць працэдуру немагчыма.

Рашэньне пра няўдзел у “праймэрыз” было прынятае на паседжаньні рады партыйнай арганізацыі. У ім партыйцы заявілі, што “праймэрыз” праводзяць толькі ў краінах з устойлівымі дэмакратычнымі інстытутамі, бо для гэтага неабходная паўнавартасная выбарчая кампанія. Гаворыць кіраўнік арганізацыі Ўладзімер Шанцаў:

Мы жывём не ў свабоднай дэмакратычнай краіне, ня ўдасца такі фокус
“Наша задача — прапанаваць насельніцтву кандыдатуру. Ва ўмовах дыктатуры менавіта гэты спосаб можа прайсьці. А яны прапануюць, каб насельніцтва само выбрала таго, за каго яно прагаласуе ці не. Мы жывём не ў свабоднай дэмакратычнай краіне, ня ўдасца такі фокус — у насельніцтва запытацца. Які дурань пойдзе ў офіс палітычнай партыі з пашпартам і там зарэгіструецца?”

“Праймэрыз” партыйцы прапануюць замяніць шырокай агітацыйнай кампаніяй пра прэтэндэнтаў ад апазыцыі на прэзыдэнцтва.

У кіраўніцтве АГП рашэньне сваіх калегаў з Магілёўшчыны называюць заўчасным, бо працэдура яшчэ не зацьверджаная. Старшыня партыі Анатоль Лябедзька зазначае, што Шанцаў настойвае на прызначэньні адзінага кандыдата ад апазыцыі, аднак гэтая прапанова не знаходзіць падтрымкі ў сяброў партыйнай палітрады.

“Любая партыя абапіраецца на дэмакратычныя працэдуры. І лепш за ўсё, каб вось гэтыя думкі былі на этапе дыскусіі. Але калі рашэньне прымаецца, то яно абавязковае. Рэгіянальная арганізацыя з Магілёўшчыны будзе прымаць удзел у рэалізацыі той працэдуры, якая будзе зацьверджаная і якая будзе рэалізаваная на практыцы”.

Рашэньне абласной арганізацыі партыі АГП пра няўдзел у “праймэрыз” калегі зь іншых партыйных арганізацыяў пакуль камэнтуюць стрымана. Гаворыць рэгіянальны лідэр партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

Мы абавязкова яшчэ будзем зьбіраць абласную раду для прыняцьця канкрэтнага рашэньня па гэтым пытаньні
“Чакаецца шэраг мерапрыемстваў у рамках партыі. Заўтра сойм, праз тыдзень адбудзецца зьезд. Многія пытаньні альбо ўзьнікнуць, альбо зьнікнуць. Мы абавязкова яшчэ будзем зьбіраць абласную раду для прыняцьця канкрэтнага рашэньня па гэтым пытаньні. Будзем зьбіраць і абласную канфэрэнцыю”.

Намесьнік старшыні незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу Аляксандар Сілкоў прызнае, што “праймэрыз” правесьці будзе цяжка:

“Ня трэба забываць, што акрамя прэзыдэнцкіх выбараў у нас будуць яшчэ й мясцовыя. Мы павінны правесьці шырокую мабілізацыйную кампанію сярод сваіх прыхільнікаў. А потым садзіцца і абмяркоўваць — у каго што ёсьць і што ён можа прапанаваць”.

Мяркуецца, што ў “праймэрыз” АДС возьмуць удзел каля ста тысяч выбарцаў. Калі ніводзін з апазыцыйных прэтэндэнтаў на прэзыдэнта не набярэ больш за 50% галасоў, то вылучэньне адбудзецца на кангрэсе дэмакратычных сіл. Чакаецца , што “праймэрыз” пройдуць у красавіку 2010 году, а пры канцы траўня, калі трэба, адбудзецца Кангрэс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG