Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Зінаіда Цімошак.

Так здарылася, што Слуцак застаўся назаўсёды зьвязаны з нацыянальнай ідэяй. У 1917-1920-х гадох Слуцк і павет былі асяродкам дзейнасьці беларускага нацынальна-вызваленчага руху. Тую традыцыю падмацавалі таксама ідэі Беларускай Народнай Рэспублікі. Значная частка слуцкай інтэлігенцыі займала актыўныя патрыятычныя пазыцыі. Дзейнасьць культурна-асьветніцкага таварыства ”Папараць-кветка” высока цаніў Янка Купала. Слуцкія вясковыя настаўнікі першымі сярод іншых ў 1919-м годзе запрасілі ад Беларускай цэнтральнай школьнай рады беларускіх падручнікаў.

Менавіта ў Слуцку адбылося ўзброенае паўстаньне супраць бальшавікоў ў 1920-м годзе.

Але вось што цікава: памятныя крыжы паўстаньню ёсьць у вёсках Семежава і Грозаў Капыльскага раёну, у Чырвонай Слабадзе Салігорскага, але няма ў Слуцку. Улады, мусіць, пабаяліся, што пямятны знак-сымбаль будзе абуджаць у шматтысячнага насельніцтва гораду цікавасьць да незалежніцкіх ідэй і Беларускай справы.


Зараз пра тыя часы ў Слуцку нагадвае толькі будынак мясцовага краязнаўчага музэя, дзе некалі адбываліся пасяджэньні Рады БНР Случчыны, аднак у самім музэі няма нават стэнда з апісаньнем падзяў.

Будынак музэю

Калі падыходзіць да гэтай праблемы павярхоўна, то можа здацца, што і носьбітаў беларускай нацыянальнай ідэі ў Слуцку ўвогуле няма. Случчане занятыя асабістым жыцьцём і мала задумваюцца аб грамадзянскасьці. Але калі кожнага зь іх распытацца ў накірунку радаводу, то высьветліцца, што шмат іхныіх родзічаў прымалі ўдзел ў Збройным чыне. На жаль, гэты факт мала зьвязваюць зь цяперашнім. Да таго ж ганебныя адносіны да памяці продкаў у Слуцку падтрымліваюцца ўладамі. (Адны толькі закінутыя могілкі чаго вартыя!)

Большасць нічога не маюць супраць пашырэньня беларускай мовы пры ўмове, што яна будзе запатрабаваная пры ўладкаваньні на працу. Некаторыя цікавяцца ўгодкамі Слуцкага Збройнага чыну, але, паслухаўшы выступоўцаў ад Хрысьціянска-Кансэрватыўнай партыі, расчаравана сыходзяць зь мітынгу.

Угодкі ладзяцца штогод, і кожны раз выступоўцы ільвіную долю сваіх выступленьняў прысьвячаюць палітыцы расейскага імпэрыялізму і “маскоўскай гэбні”.

Адзін з маіх знаёмцаў летась крыху паслухаў тое ды пасунуўся далей. Я спрабавала затрымаць, але ён заявіў літаральна наступнае: “ Мой прадзед таксама ўдзельнічаў у паўстаньні. Я і сам разумею, што Масква ня проста так “пасе” Беларусь. Я трэці год прыходжу на восеньскі мітынг БНФ у Слуцку і ніводнага разу не пачуў, што трэба рабіць. Адно толькі істэрычны лямант і плач. Ці былі ў Слуцку хоць раз за ўсе гады раздадзеныя якія-небудзь лістоўкі, што патлумачылі б на зразумелай мове тую ж сутнасьць бел-чырвона-белага сцяга і што ён простым людзям дасьць, калі пойдуць за ім? А за людзьмі, якія толькі плачуць, ніхто і не пацягнецца. Дый і гавораць адно і тое ж. Нецікава.”

У многім мой суразмоўца меў рацыю.

Я міжволі згадала мітынг пратэсту супраць разьмяшчэньня радыёактыўных адыходаў у Нямеччыне, дзе мне пашчасьціла прысутнічаць.
Гэта было натуральное шоў-відовішча, падрыхтаванае сцэнарыстамі так, каб людзі запомнілі на ўсё жыцьцё і захацелі папрысутнічаць у наступны раз. Да таго ж нават пратэст на такую змрочнаю тэму, як “сьмертаносны атам”, арганізатары здолелі ператварыць у жыццярадаснае “Сьвята жыцця без атаму”.



Да таго ж мэтанакірааная праца на гэтую тэму не спыняецца там і ў пэрыд паміж акцыямі пратэсту.

Голасу слуцкіх настаўнікаў не чуваць увогуле. Альбо яны зусім зрусыфікаваныя, альбо запужаныя мясцовай вертыкальлю. Моладзь таньчыць пад расейскія песьні, прадпрымальнікі жывуць сваімі клопатамі і ня ўмешваюцца ў палітыку. Многія зь іх пабудавалі ўласныя дамы, якія больш-менш сьведчаць аб адносным дабрабыце.

У часы БНР заможныя беларускія памешчыкі нярэдка ахвяравалі грошы на Беларускую справу (Эдвард Вайніловіч, Раман Скірмунт, Магдалена Радзівіл). “Матор” беларускай справы, Іван Луцкевіч, быў, кажучы па-сучаснаму, бізнэсоўцам.

У Слуцку зараз ёсьць і буйныя прадпрымальнікі, якія за адзін вечар могуць “спусьціць” у рэстарацыі больш за мільён рублёў. Але калі пачнеш гаварыць з такім пра падтрымку выданьняў беларускіх пісьменнікаў, альбо пра ахвяраваньні на беларускую справу – адварочваюцца. Некаторыя зь іх жывуць у будынках а-ля сярэдневяковыя крэпасьці, з высачэзнымі бэтоннымі платамі, у якіх выразаныя дзіркі для сабачых галоў.

Значыць, чагосьці і кагосьці баяцца.



На завяршэньне скажу, што агеньчык беларускай справы ў Слуцку, нягледзячы на цяжкія абставіны, не патух: раз-пораз на сценах будынкаў зьяўляюцца моладзевыя графіці з надпісам “Жыве Беларусь!”, а на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах прыкладна 1600 случчан падпісаліся ў падтрымку Зянона Пазьняка. На 30-га верасьня мясцовыя актывісты грамадзянскай кампаніі “Наш дом” запрасілі у Слуцак “дэсант беларускіх пісьменнікаў” зь ініцыятывы “Інстытут нацыянальнай памяці” на чале з Васілём Якавенкам. Сустрэча павінна адбыцца на магіле Альгерда Абуховіча. Размова пойдзе пра Памяць і нацыянальныя карані.

Жыве Беларусь!


Зінаіда Цімошак
Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Зінаіда Цімошак нарадзілася ў 1955 годзе ў вёсцы Аксаміты Капыльскага раёну. Жыве ў Вежах пад Слуцакам. Скончыла Менскі пэдагагічны інстытут імя Горкага. Працавала настаўніцай гісторыі й нямецкай мовы ў Вежскай школе. У 1997 годзе падпісала пад тэкстам Хартыі-97 75 аднавяскоўцаў. На ўсе найбольш значныя пратэстныя акцыі ў Менску езьдзіла са сваёй вёскі, як на працу. У канцы 1990-х гадоў стварыла ў Вежах філіі Незалежнага прафсаюзу, Беларускай арганізацыі працоўных жанчын. Адстойвала ўласнае права на працу ў судзе. Мэдыя-актывістка.

Актывістка грамадзянскай кампаніі “Наш дом”. Праваабаронца. Апошнія буйныя перамогі – два выйграныя суды па рамонце пад’ездаў у Слуцаку, адмена трохдзённага графіка гарачага водазабесьпяячэньня, прынятага рашэньнем Слуцкага райвыканкаму на летні пэрыд 2009 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG