Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочыя зьбяруцца 14-га лістапада


Кангрэс прадстаўнікоў працоўных калектываў Беларусі заплянаваны на 14-га лістапада.

Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік рабочай групы дзеля правядзеньня гэтага форуму Аляксандар Бухвостаў. Падрыхтоўкай да кангрэсу Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі пачынаюць кампанію за сацыяльныя правы працоўных.

Аляксандар Бухвостаў, які ачольвае рэспубліканскі прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці, лічыць: напружанасьць у працоўных калектывах увосень моцна ўзрасьце. І гэта не ягоныя асабістыя назіраньні. Такія высновы зробленыя на падставе анкетаваньня на прадпрыемствах, падкрэсьлівае спадар Бухвостаў:

“Мы цяпер бачым, што крызіс цалкам ахапіў нашу прамысловасьць, асабліва машынабудаўнічы комплекс, сфэру апрацоўкі. І мы маем такія дадзеныя, што заробкі на многіх прадпрыемствах фактычна зьменшыліся ўдвая. Таму можна спрагназаваць узрастаньне напружанасьці ў нашым грамадзтве”.

Плян падрыхтоўкі да кангрэсу складаецца з двух блёкаў: арганізацыйнага і інфармацыйнага. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч кажа, што ўжо падрыхтаваная і распаўсюджваецца ўлётка ”Перамены супраць крызісу”, а таксама спэцыяльныя выпускі трох недзяржаўных газэт

“Гэта першая такая ластаўка. Матэрыялы раздаюцца на прахадных заводаў, нашы актывісты, якія працуюць на прадпрыемствах, распаўсюджваюць іх сярод калег. Праз тыдзень-два, калі мы атрымаем водгукі на гэтыя матэрыялы, будуць падрыхтаваныя хвалі. Сэнс такі, каб за верасень-кастрычнік распаўсюдзіць яшчэ чатыры хвалі агульным накладам 100 тысяч асобнікаў. Мы хочам патлумачыць людзям нашу пазыцыю і пашырыць кола нашых прыхільнікаў”.

Арганізатары кангрэсу сказалі сёньня, што яго ўдзельнікі дададуць да эканамічных патрабаваньняў і палітычныя. Віктар Івашкевіч патлумачыў, чаму гэта неабходна:

“Толькі пасьля правядзеньня свабодных прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў створацца рэальныя магчымасьці прыцягненьня інвэстараў у беларускую эканоміку, на тыя прадпрыемствы, якія цярпяць ад крызісу. Без заходніх інвэстыцыяў з крызісу выйсьці немагчыма. А заходнікі прыйдуць да нас толькі тады, калі будуць упэўненыя ў надзейнасьці сваіх інвэстыцыяў, што іх не канфіскуюць, не адбяруць, не разарвуць дамовы. А гэта можа гарантаваць толькі дэмакратычная ўлада”.

Арганізатары кангрэсу працоўных заявілі, што ў ім возьмуць удзел каля тысячы чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG