Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тры гадзіны гутаркі прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі не было, па-сутнасьці, узгоднена ніводнага спрэчнага пытаньня. Ніякіх дакумэнтаў па выніках перамоваў таксама падпісана не было, – піша расейскі “КоммерсантЪ”.

Сустрэча прэзыдэнтаў завяршылася з сухім лікам. Шампанскае засталося нявыпітым, а дакумэнты непадпісанымі, адзначае выданьне.

За чатыры месяцы ад моманту апошняй сустрэчы прэзыдэнтаў дзьвюх краінаў, у дачыненьнях Расеі і Беларусі адбылося шмат важных падзеяў: малочная вайна, Масква выставіла Менску шматмільённыя прэтэнзіі за газ, Аляксандар Лукашэнка дэманстратыўна не прыехаў у Маскву на саміт АДБК, не прыняў старшынёўства ў гэтай арганізацыі і не падпісаў дамову аб стварэньні сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДБК. Акрамя таго Менск так і не атрымаў другую частку абяцанага амаль год таму расейскага крэдыту 1 мільярд даляраў, а Масква так і не дачакалася беларускага прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. У выніку ў Сочы спадары Мядзьведзеў і Лукашэнка прыбылі кожны з даўгім сьпісам нявыкананых партнэрам абяцаньняў.

Перамовы 27 жніўня праходзілі ў даволі напружанай атмасфэры. На пратакольную здымку былі дапушчаныя толькі апэратары, якія здымалі сустрэчу бяз запісу гуку. Размова доўжылася тры гадзіны, пасьля чаго прэзыдэнты ня сталі выходзіць да журналістаў. А афіцыянты вынесьлі з залі перамоваў падносы з бакаламі віна і шампанскага, да якіх за тры гадзіны ніхто так і не дакрануўся.

Тым ня менш па завяршэньні перамоваў памочнік прэзыдэнта РФ Сяргей Прыходзька заявіў, што “размова мела адкрыты і, паводле Дзьмітрыя Анатольевіча Мядзьведзева, вельмі зьмястоўны характар”.

Аднак ніякіх дакумэнтаў па выніках гэтай сустрэчы падпісана не было. Больш за тое, як паведаміла "Ъ" крыніца, якая брала ўдзел у перамовах, многія са спрэчных пытаньняў Мядзьведзеў і Лукашэнка нават не пачыналі абмяркоўваць. “Пытаньні пра расейскія крэдыты Беларусі, забарону на пастаўкі беларускага малака і схемы аплаты Менскам расейскага газу нават не ўздымаліся”, – паведаміў суразмоўца расейскаму выданьню.

Прэзыдэнты пасьпелі зьмястоўна пагаварыць, – як піша “КоммерсантЪ”, – толькі пра будаўніцтва АЭС у Беларусі і пра лёс старшынёўства ў АДКБ.

Паводле Сяргея Прыходзькі, "Росатому" будзе дадзенае даручэньне завершыць перамовы з беларускім бокам і падпісаць кантракт “на абгрунтаваньне інвэстыцыяў ва ўзьвядзеньне АЭС”. Паводле дадзеных "Ъ", гэты дакумэнт плянавалася падпісаць да канца жніўня, але пакуль справа да гэтага не дайшла.

Менск прасіў тэрмінова крэдыт $1,5 млрд. (усяго будаўніцтва ацэньваецца ў $9 млрд.) Аднак, паводле крыніцы "Ъ" у апараце ўраду Расеі, “рэзка супраць выдзяленьня гэтых грошай да падпісаньня ўласна кантракту на будаўніцтва АЭС выступае Мінфін”. Менавіта гэта, падобна, стала прычынай таго, што ніякіх дакумэнтаў аб супрацоўніцтве ў атамнай сфэры падпісаць не ўдалося.

Не зьявілася поўнай яснасьці, паводле газэты “КоммерсантЪ”, і ў тым, калі ж Менску возьме на сябе старшынёўства ў АДКБ...

Ці не адзіным вынікам перамоваў стала тое, што Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка пагадзіліся сустрэцца яшчэ раз. Гэта адбудзецца 29 верасьня на тэрыторыі Беларусі, дзе прэзыдэнты будуць назіраць за вучэньнямі "Захад-2009", – піша “КоммерсантЪ”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG