Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У “Доме літаратара” Віктар Казько, Павал Ляхновіч, Язэп Янушкевіч


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 23 жніўня

ЛІТПРАЦЭС

ПАВАЛ ЛЯХНОВІЧ: “ПРЭЗЭНТАЦЫЮ МАЁЙ КНІГІ Ў ПІНСКУ НЕ ДАЗВОЛІЛІ”


Рэдкі ў айчынным прыгожым пісьменстве прыгодніцкі жанр папоўніўся нядаўна кнігай Паўла Ляхновіча “Золата князёўны”. Гэта ўжо другі зборнік апавяданьняў пісьменьніка, жыцьцё якога падобнае да жыцьця ягоных герояў. Былы падводнік, “выбівала” ў рэстаране, целаахоўнік, дырэктар камэрцыйных прадпрыемстваў, варшаўскі будаўнік і зацяты палескі паляўнічы стаў майстрам кароткіх празаічных твораў, напружаныя, дынамічныя сюжэты якіх трымаюць увагу чытача на адным дыханьні. З Паўлам Ляхновічам пагутарыла Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Павал, вы былі падводнікам. Прафэсія, канечне, рамантычная, але і небясьпечная. Пасьля звальненьня ў запас кінуліся, што называецца, з адной авантуры ў другую, у авантуру слова, слова беларускага. Растлумачце, калі ласка, свой выбар”.

Павал Ляхновіч
Павал Ляхновіч:
“Ведаеце, мне ўсё жыцьцё хацелася пісаць. Пісаньне для мяне было нечым сакральным. Я пачынаў пісаць яшчэ малодшым школьнікам. Памятаю, слаў свае нататкі ў “Піянэр Беларусі”, у “Зорьку”. Мяне нідзе не друкавалі, але рэгулярна прысылалі адказы на прыгожых фірмовых аркушах, і я гэтым вельмі ганарыўся. Як служыў, то крыху пісаў для сябе. А як ужо звольніўся ў запас, то мае некаторыя апавяданкі трапілі ў рукі адказнаму сакратару газэты “Пінскі весьнік”, і ён запрасіў мяне працаваць у газэце”.

Аксак: “Мяркуючы па вашай прозе, ваш багаты жыцьцёвы досьвед стаў асновай літаратурных сюжэтаў. Наогул, наколькі аўтабіяграфічная ваша проза?”

Ляхновіч: “Немагчыма пісаць тое, чаго ня ведаеш добра. І ў гэтым сэнсе, канечне, аўтабіяграфічная, таму што я пішу толькі пра тое, што ведаю. Канечне, шмат і вымыслу, але гэты вымысел на базе майго ўласнага досьведу”.

Аксак: “У вас асабліва займальнымі вострасюжэтнымі атрымліваюцца апавяданьні, у якіх дзеяньне адбываецца на паляваньні. Гэта таксама аўтабіяграфічныя творы. Але ж я ведаю, што ў вас канфіскавалі стрэльбу. Са стратай паляўнічай зброі ці ня страцілася і пісьменьніцкая зброя вось у такіх сюжэтах?”

Ляхновіч: “Стрэльбу не канфіскавалі, а адабралі дазвол на зброю і прымусілі яе прадаць. Пасьля гэтага я набыў сабе фотастрэльбу і лажу па лясах цяпер зь ёй”.

Аксак: “А чаму вас прымусілі пазбыцца паляўнічай зброі?”

Ляхновіч: “Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году мяне прэвэнтыўна арыштавалі, абвінаваціўшы, што я нібыта хадзіў па горадзе і мацюкаўся. Адседзеў шэсьць сутак у часе выбараў. А пасьля гэтага, паколькі я нібыта парушаў грамадзкую бясьпеку, то такім людзям не паложана мець зброю”.

Аксак: “Што цяпер на пісьменьніцкім стале Паўла Ляхновіча, чаго чакаць у хуткім часе чытачам?”

Ляхновіч: “Цяпер пішу апавяданьне, ці мо нават гэта будзе аповесьць з элемэнтамі фантастыкі, пра тое, як хлопца ўдарыла маланка, і ў ім адкрылася здольнасьць бачыць тое, што адбывалася ў мінулым. І на гэтым будзе цэлая сэрыя ўсякіх прыгодаў”.

Аксак: “Як успрымаюць вашу творчасьць вашы землякі ў Пінску? Ці запрашаюць вас на чытацкія сустрэчы, ці просяць на вуліцах аўтограф?”

Ляхновіч: “Думаю, што яны ня ведаюць пра маё існаваньне. Справа ў тым, што пінская адміністрацыя нават не дазволіла правесьці прэзэнтацыю маёй кніжкі “Золата князёўны”, якую мы з Артурам Клінавым меркавалі правесьці супольна з прэзэнтацыяй ягонага альманаху “pARTisan”. Літаральна за пару дзён да імпрэзы мне патэлефанавалі і сказалі, што памяшканьне будзе занятае пад іншае мерапрыемства. Так што прэзэнтацыі не адбылося, фактычна нам яе сарвалі”.

Аксак: “Але зь якімі перасьцярогамі гэта зьвязана? Ці гэта наогул праява ігнараваньня сучаснай беларускай літаратуры?”

Я мару, каб беларускасьцю можна было ганарыцца...
Ляхновіч:
“Думаю, што наша гарадзкая адміністрацыя не абцяжараная роздумамі пра беларускую літаратуру, пра лёс мовы, культуры ўвогуле. Проста чынавенства баіцца, як бы не правініцца перад вышэйшымі чыноўнікамі. Так, напрыклад, у пазамінулым годзе забаранялі традыцыйную імпрэзу беларуска-швэдзкай літаратуры. Думаю, што прычына была ў тым, што прыяжджаў сюды амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан і размаўляў па-беларуску лепей за некаторых чыноўнікаў, якім па пасадзе належыць добра ведаць беларускую мову. Думаю, што з-за гэтага і былі забароненыя тыя імпрэзы. Праўда, сёлета беларуска-швэдзкія літаратурныя сустрэчы адбыліся”.

Аксак: “Пра што марыць сёньня пісьменьнік Павал Ляхновіч?”

Ляхновіч: “Я мару, каб беларускасьцю можна было ганарыцца. Асабіста я ганаруся, але я мару, каб беларускасьцю ганарыліся ўсе нашы людзі, як ганарацца амэрыканцы сваёй амэрыканскасьцю, як ганарацца расейцы сваёй расейскасьцю. Гэтага мне не хапае для абсалютна камфортнага жыцьця”.

АЎТАР І ТВОР

ВІКТАР КАЗЬКО: “АД ГРЭШНАСЬЦІ І СЬВЯТАСЬЦІ ПІСЬМА НАМ НІКУДЫ НЯ ДЗЕЦЦА”


Віктар Казько
Падвойным сьвятам у творчым календары празаіка Віктара Казька можна назваць адначасовы выхад у сьвет дзьвюх ягоных кніг: у сэрыі “Кнігарня пісьменьніка” выйшаў зборнік эсэ і публіцыстыкі “Дзікае паляваньне ліхалецьця”, а ў сэрыі “Кнігарня Наша Ніва” – раман “Бунт незапатрабаванага праху”. З гэтай нагоды аўтар завітаў у “Дом літаратара”, дзе зь ім сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Віктар, пасьля працяглага зацішша на выдавецкім фронце ў вас атрымаўся стрэл дуплетам – адразу выйшлі дзьве кнігі. Скажыце, тая акалічнасьць, што гадоў 15 не выдаваліся вашыя новыя кнігі, неяк адбілася ў вас на творчым працэсе?”

Віктар Казько: “Гэтае зацішша доўжылася не пятнаццаць, а каля дваццаці гадоў. Такая сытуацыя ня можа не ўплываць на пісьменьніка, але апошнія пяць гадоў у нас быў часопіс “Дзеяслоў” з рэдактарам Барысам Пятровічам. І выйсьце да чытача ў мяне было менавіта праз “Дзеяслоў”. Дзесяць гадоў праляжала кніга маіх новых аповесьцяў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Там тры аповесьці. Адна зь іх была надрукавана ў Балгарыі, другая – ва Ўкраіне, трэцяя – у маскоўскім часопісе “Дружба народаў”. А ў выдавецтве яны ляжалі дзесяць гадоў. Я пайшоў і забраў іх з “Мастацкай літаратуры”. Выдавецтва маўчала, ні слова не сказала, хаця была ўжо і дамова падпісаная. Магчыма, я нават падам на яго ў суд – за невыкананьне. Я думаю, што працэс вымаганьня сваіх літаратурных правоў павінен у Беларусі пачацца. Чаму я гэта кажу? Вось у той самай “Мастацкай літаратуры” выйшла перавыданьне маёй аповесьці “Суд ў Слабадзе”, для школьных бібліятэк. Яшчэ ў пазамінулым годзе закончыўся тэрмін распродажу, і 85 адсоткаў, як мне сказалі ў бухгальтэрыі, распрадалі. Я больш году хадзіў па ганарар. Гэта было вельмі абразьліва, ганебна – хадзіць туды і прасіць тое, што ты зарабіў. Становішча пісьменьніка ў нашай дзяржаве сёньня можна параўнаць хіба са становішчам гастарбайтара. Я хадзіў-хадзіў, а потым прыйшоў і сказаў: “Хлопцы, калі вы і надалей будзеце мяне абкрадаць, я падам на вас у суд”. Заварушыліся, выплацілі. І тут зноў такая дзікая акалічнасьць нашай хамскай, напарстачнікавай, жмотнай дзяржавы – не даплацілі роўна столькі, каб я ня мог зьвярнуцца ў суд”.

Скобла: “Пісьменьнікам з параненым сэрцам” назваў вас крытык Міхась Тычына, скарыстаўшы выраз Дастаеўскага. І сапраўды, вашы кнігі балюча і страшна чытаць. Азарыцкі канцлягер, дзе аўчаркі загрызаюць насьмерць трохгадовую дзяўчынку… Нябожчык, якога нехта невядомы выкопвае з магілы… Поўная сажалка мёртвай рыбы і жабаў, якія зварыліся жыўцом, паколькі завод зьліў у сажалку кіпень… Як на маю думку, павінен усё ж быць нейкі балявы парог у пісьменьніка”.

Казько: “Справа нават не ў балявым парогу – справа ў чалавеку. Чалавек без балявога парогу – нешта мэханістычнае, зомбі без пачуцьцяў. А балявы парог павінен быць. Калі пісьменьніку нічога не баліць, яму няварта браць у рукі пяро, прыкоўваць сябе да стала і хлусіць пачуцьцямі, хлусіць моўна”.

Скобла: “Вы наводзіце на людзкое зло лінзу свайго пісьменьніцкага мікраскопа, і яно, тое зло, міжволі павялічваецца, робіцца больш заўважным і маштабным. А ці не пачынае тут пісьменьнік міжволі слугаваць гэтаму злу?”

Казько: “Гэта тое, што мяне апошнім часам вельмі хвалюе. Я думаю, што літаратура, мастацтва саслужылі вельмі благую службу, нібыта выкрываючы зло. І Гогаль, адчуўшы гэта, спаліў рукапіс другога тому “Мёртвых душаў”. Я ня ведаю, што адбываецца, але я не магу супраціўляцца злу свайго пісьма, сваёй памяці, сваёй істоты. Тут ужо нікуды ня дзенесься. І калі ты нешта выкрываеш, злуесься, гэта ж і паводле Бібліі – вялікі грэх. Гэтая грэшнасьць і сьвятасьць пісьма ляжаць у прыродзе чалавека і ў прыродзе пісьменьніка. Я думаю, што нам ад гэтай грахоўнасьці ўласнай прыроды нікуды ня дзецца”.

Скобла: “Быцьцё толькі тады і пачынае быць, калі яму пагражае небыцьцё”, – запісаў у сваім дзёньніку згаданы ўжо Дастаеўскі. Вы апісваеце жыцьцё ў прадчуваньні катастрофы, тут вы недзе блізкія з Алесем Адамовічам. Адкуль ваш пэсымізм?”

Казько: “Ёсьць талент сьветлы, які сьмяецца, жартуе, піша толькі пра сьветлае. А ёсьць змрочны. І я не магу сказаць, ад чаго гэта залежыць. Мой пэсымізм, відаць, паходзіць ад жахлівай выпадковасьці, што я застаўся жывым. Я ж некалькі разоў паміраў – і ў час вайны, калі забілі маці і памерла сястра, калі я, трохгадовы хлопчык, пайшоў за людзьмі ў Азарыцкі канцлягер, і далей гэтыя паміраньні доўжыліся. Калі я пісаў раман “Неруш”, то сядзеў па сямнаццаць-васямнаццаць гадзінаў за пісьмовым сталом. Аднойчы страціў прытомнасьць, упаў, нібыта выпаўз на вуліцу, на сьнег і там сустрэў памёрлых бацьку і матку. Яны мяне пагналі назад, сказаўшы, што я рана да іх прыйшоў... Беларусь – самая вялікая магіла сьвету. Тут столькі костак, столькі забітых і памерлых, і гэты дух таксама ня можа не ўплываць”.

Скобла: “У эсэ “Гаючая вада – белы параход”, што ўвайшло ў вашую новую кнігу “Дзікае паляваньне ліхалецьця”, вы апісваеце сваю паездку на Палесьсе з Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам, Сяргеем Залыгіным, якая адбылася ў далёкім 1984 годзе. А каму зь пісьменьнікаў сьвету вы хацелі б паказаць сёньняшнюю Беларусь?”

Казько: “Сёньняшнюю Беларусь я хацеў бы паказаць Маркесу. Дастаеўскі ніколі ня быў у Беларусі, я і яго запрасіў бы. Паказаў бы яму яго родавае гняздо Дастоева, у што яно ператварылася, у нейкі сьвінарнік. Але мне хацелася б, каб яны пабачылі, што Беларусь – гэта ня толькі дыктатура, ня толькі штодзённая дзяржаўная хлусьня, а гэта яшчэ і сам беларус – зь яго прытоенай закаханасьцю, любоўю да свайго краю”.

Скобла: “А што вы цяпер пішаце?”

Казько: “Толькі што закончыў новую аповесьць – “Сказ пра ката, які сьмяяўся”. Задумвалася яна як вельмі сьветлая. Не атрымалася. Пачаліся бурлеск, фэнтэзі. У аповесьці дзейнічаюць і людзі, і цмокі, і русалкі, і лешакі. Чысьціня і нечысьць. І невядома, хто каго спарадзіў”.

ВІКТАР КАЗЬКО. СКАЗ ПРА КАТА, ЯКІ СЬМЯЯЎСЯ

(Фрагмэнт)


На падлёце да нас і нашага мора Герадота касьмічныя спадарожнікі пацярпелі аварыю. Рэшткі карабля абрынуліся ў мора і ўтварылі ў зямлі вялікую праломіну. У тую праломіну, як у прорву, і пайшло наша мора разам з нашымі продкамі. А па нашай зямлі ва ўсе бакі , дзе сёньня нашы палеткі, дзе мы аром, сеем і зьбіраем ураджай, разьляцелася начыньне таго касьмічнага прышэльца, і найбольш – крэмні. Крэмні, з дапамогай якіх тут спакон веку здабывалі агонь, нават ня цямячы, што агонь той – іскрынкі жару нябёс. І нам даравана ад яго высякаць на трут агеньчык і прыкурваць, запальваць печ.

Але ж крэмні, вогненныя пісьмёны ўсясьветнага розуму, нікуды ня зьніклі з нашых палеткаў і ня зьнікнуць: рукапісы не гараць. Прыйдзе час, і камяні загавораць. І голас свой яны набудуць на нашай зямлі, бо толькі мы адны ў сьвеце жывім іх, ахвяруем ім столькі нашай крыві. І волаты духу адродзяцца. Ня трэба іх недзе далёка шукаць. Яны прабіваюцца з глыбіні зямлі, выходзяць са страчанага намі мора Герадота. Не дарэмна сьвет пакутуе ад землятрусаў. То бунтуе наша мора, то пнуцца, лічы, з таго сьвету да нас нашы продкі, атлянты і волаты духу. Некаторыя зь іх ужо тут, сярод нас. Мо гэта дзеці індыга, якія пачалі нараджацца апошнім часам. Мо гэта крыжы, якімі прарастаюць старажытныя могілкі сьвятой нашай Тураўшчыны і Полаччыны. То просіцца вонку і падае нам знакі наша зьніклае, але не супакоенае, бунтоўнае мора. І прыйдзе час, прыйдзе час, і яно прарвецца. Мы набудзем сваё, страчанаё.

А пакуль што спраўна цісьнем вынайдзеную намі карчоўку – толькі на гэта нашага розуму і хапае, цішком папіваем пладова-выгаднае чарнільца, душымся бульбай, з-за якой нас не без пагарды нараклі бульбашамі, больш глядзім сабе пад ногі, моўчкі смаркаемся ў анучку і часта бегаем за хлеў. А куды нам яшчэ бегаць, куды імкнуць у Пупляндыі? Усё ў нас ёсьць, усё мы маем. Можам з кім і падзяліцца яшчэ. Бульбашы – такія ж людзі, як і ўсе астатнія. Толькі са знакам памяркоўнасьці і якасьці.

І Кот быў цалкам нашай пароды, толькі больш усьмешлівы. Выгінаў сьпіну, распускаў хвост, задзіраў угару лабастую галаву, востранька натапыранымі ад асалоды вушкамі стрыг паветра і пракудзіў, пракудзіў над шпалерамі. Пры гэтым, зараза такая, ні на хвіліну не забываўся, сьцярог кожны гук, кожны шэпт і шолах. І гаспадарам варта было толькі паказацца, як ён ¬¬– ня кот, а тэлепат – з усіх ног зь неймаверным спрытам маланкава кідаўся прэч. Гаспадыня добра ведала гэту яго зладзейкаватую адметнасьць і шкадлівасьць, таму незадаволена буркнула:

– Адзін кот, а столькі марокі, што ты, што ён, хто толькі ў каго ўдаўся…

Гэта быў камень ужо ў агарод гаспадару, і ня першы камень. Гаспадар, узрушаны і ўзбуджаны зацягнутымі зборамі на лецішча, засердаваў:

– У катоў і кошак жаночая натура, – мовіў ён амаль яшчэ памяркоўна.

– Нездарма ты цалуесься зь ім.
– Раўнуеш?
– Шкадую.
– Пашкадаваў воўк кабылу – пакінуў хвост ды грыву.

Вось так гаспадары ў той дзень, ураньні яшчэ і палаяліся з-за Ката. Толькі лаянка гэта карысьці не прынесла і, па-усім, ніколькі не кранула Ката. Ён так і не паказаўся, і трэба было працягваць пошукі, бо ня кінеш жа яго ў хаце аднаго. На лецішча выбіраліся надоўга. Выйсьце знайшоў гаспадар.

– Нясі пыласос, – загадаў ён жонцы.

Справа была ў тым, што Кот ненавідзеў пыласос. Ніхто ня мог і галавы прыкласьці, што за пагроза яму была стоена ў ім. Але варта было толькі ўключыць апарат, як кот літаральна вар’яцеў, уцякаў так, што і лап не разгледзець. Пудзіўся пыласоса нават і тады, калі той маўчаў, азіраўся на яго, калі бачыў яго ў спакоі ў куце, але ж насьмельваўся набліжацца, глыбакадумна, толькі ўжо без усьмешкі. Доўга ўглядаўся ў яго, лыпаў вачыма і асьцярожна кратаў лапай.

Вось і цяпер варта было гаспадару прайсьціся з уключаным пыласосам па пакоі, як Кот выхапіўся са сваёй схованкі, скочыў з шафы – нягоднік, увесь жа час сядзеў і наглядаў, які вэрхал з-за яго тут узьнялі, слухаў сварку гаспадароў. Ката, захутаўшы ў куртку, каб ня драпаўся, панесьлі на вуліцу і вывалілі ў салён легкавіка. Але і там ён адразу ж выказаў свой нораў, ні хвіліны ня уседзеў на адным месцы, сноўдаў і поўзаў па салёне і плакаў. Плакаў голасам і жыватом, па-дзіцячы несуцешна і няспынна. І супакоіць, даць рады яго енку ня здолелі, пакуль ён сам не стаміўся і не заціх. Зашыўся ў неймаверна вузенькую шчылінку пад вадзіцельскім крэслам і прымоўк, здавалася, да канца дарогі. Але і гэта толькі здавалася. Неўзабаве ён выціснуўся з-пад крэсла, залез на калені гаспадару, уталопіўся на дарогу, што кулялася на яго. І гэта імклівае куляньне прыйшлося яму недаспадобы. Ён зноў пачаў па-дзіцячы каўкаць і круціць збоку ўбок галоўкай з пакрыўджана натапыранымі вушкамі.

– Не круціся, бо прышпілю рэменем, ці ўшпілю, – пагразіў гаспадар.

Невядома, падзейнічала пагроза, ці Кот нарэшце знайшоў тое, чаго прагнуў: утульнае месьцейка за рулём легкавіка. Упершыню за ўсю паездку на ягоным пыску зьявілася хітрая каціная ўсьмешка.

Гаспадар зірнуў на яго і таксама заўсьміхаўся. І зусім не таму, што быў цалкам задаволены міралюбствам свайго ката. Некага нагадаў той яму, і так , пэўна, нагадаў, што ён адразу і прыдумаць ня мог – каго. Толькі праз нейкі час цюкнула: міністра. Міністра фінансаў, якога ён часта слухаў і бачыў па тэлевізары. У таго былі такія ж востранька натапыраныя вушкі і вечная ўсьмешка на вуснах. Такая ж саменькая, як і ў яго коціка. Не хапала толькі каціных разьведзеных убакі вусікаў. А Кот і з вусікамі быў выліты міністар. Толькі і розьніцы, што ў апошняга ўсьмешка адна і тая ж, нязьменна дабразычлівая і чамусьці сумнаватая. А ў Ката пераменлівая, то шчырая і вясёлая, то горкая, а часам і пагардлівая.

І гаспадар адчуў гонар за свайго ката. Яго ўсьмешкі былі разнастайнымі і багатымі на адценьні пачуцьцяў. Хаця яго Кот быў жабрак жабраком, за свой век і ломанай капейкі ня бачыў, а міністар сядзеў на мяхах грошаў.

– Быць і табе міністрам, – пацьвеліў свайго ката гаспадар. – Са сваёй усьмешкай можаш нават і ў прэм’ер-міністры выбіцца.


КРЫТЫКА


ПАД СОНЦАМ ЦІ ПАД САТУРНАМ?

Віктар Вальтар. Выбраныя творы / уклад. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. – Менск, Кнігазбор, 2009. – 280 с.

Язэп Янушкевіч
Альманах "Куфэрак Віленшчыны", які пакрысе робіцца знаным на культурным палетку Айчыны, пабагацеў сам і ўзбагаціў Беларусь чарговым арыгінальным выданьнем: ягоная бібліятэчка папоўнілася "Выбранымі творамі" Віктара Вальтара (1902–1931). Кніга выйшла намаганьнямі ня толькі нязьменнага рэдактара альманаху Міхася Казлоўскага, але і паэта Сяргея Панізьніка.

Менавіта апошняму доўгі час не ўдавалася выдаць асобнай кнігай галоўны твор пісьменьніка – раман "Роджаныя пад Сатурнам". Твор, напісаны прыканцы 1920-х гадоў, больш за паўвека праляжаў у рукапісе, а першае знаёмства чытача з творам адбылося толькі ў 1992 годзе на старонках тыднёвіка "Голас Радзімы". Потым былі безвыніковыя намаганьні выдаць раман у дзяржаўных выдавецтвах "Юнацтва" і "Мастацкая літаратура". У 2005 годзе падкарочаны тэкст друкаваўся ў часопісе "Дзеяслоў". І вось нарэшце першае поўнае кніжнае выданьне.

Адкрываецца кніга прадмовай Лідзіі Савік, дзе аўтарка ставіць празаіка ў «слаўную плеяду таленавітых пісьменнікаў 1920–1930-х гадоў, якія сваімі першымі аповесьцямі, раманамі, п’есамі, вершамі, паэмамі ўвайшлі ў беларускую літаратуру (М. Гарэцкі, У. Галубок, М. Зарэцкі, Я. Нёманскі, С. Баранавых, Б. Мікуліч, Л. Калюга), "творчасьці якіх ня суджана было расквітнець".

Але калі пад саветамі іх гвалтоўна скасіў бальшавіцка-сталінскі меч, дык лёс Вальтара нагадвае Багдановічаўскі: празаік памёр ад цяжкой хваробы ў веку 29 гадоў. Нарадзіўся Віктар Вальтар у Дзьвінску, вучыўся Дзьвінскім рэальным вучылішчы. У час першай усясьветнай вайны быў з сям’ёй у бежанстве ў Харкаве. У 1921 вярнуўся ў Дзьвінск, дзе закончыў Расейскую гімназію, Беларускія аднагадовыя настаўніцкія курсы. Адтуль быў накіраваны працягваць адукацыю ў Прагу. Там студэнт каморніцкага факультэта Чэскага вышэйшага тэхнікума захварэў на сухоты, вярнуўся ў Латвію і працаваў звычайным настаўнікам. Памёр і пахаваны ў радзімым Дзьвінску. Магіла пісьменьніка невядомая.

Нараджэньню свайго галоўнага твора – рамана "Роджаныя пад Сатурнам" пісьменьнік абавязаны студэнцкім гадам у Празе. Знаёмячыся з творам, быццам даеш нырца ў атмасфэру дзейнасьці беларускіх моладзевых аб’яднаньняў, што паўсталі на эміграцыі. Галоўны герой Тугоўскі (без імя) трапляе ў эпіцэнтар ідэйных спрэчак, распаленых прадстаўнікамі розных груповак. Адной кіраваў Янка Станкевіч (Таварыства беларускіх студэнтаў, куды ўвайшлі больш заможныя, якія адмаўлялі сацыялізм), другой апекаваўся Тамаш Грыб (яе чальцы выступалі за сацыялізм і лічылі, што спачатку трэба ажыцьцявіць сацыяльнае вызваленьне, а потым нацыянальнае).

Варажнеча поглядаў беларусаў паказана на лёсе Тугоўскага і "багатага патрыцыя" Яна Загорскага, які не прызнаваў аніякай Беларусі, хоць і ўдзельнічаў у беларускім руху. Паводле меркаваньня апошняга, "рана ці позна вы ўсе прыйдзеце да вышэйшай расейскай культуры». На гэта ён чуў дружны адказ: «Мы, беларускія студэнты, стаім на плятформе незалежнасьці Бацькаўшчыны". Незалежнасьць – але якая? Прымусіць ycіх гаварыць па-беларуску ці зьмяніць сацыяльны лад?.. Як усё гэта знаёма нам сёньня і як дакладна аўтар змог перадаць дух той эпохі, што так блізкая да нашых дзён, нашых ідэйных спрэчак пра адны і тыя ж балючыя праблемы беларусаў: нацыянальнасьць, незалежнасьць, культура, мова, гісторыя, да вырашэньня якіх мы не наблізіліся, а аддаліліся яшчэ на 70 гадоў.

Паводле філязофіі дзейных асобаў рамана жыцьцё чалавека залежыць ад таго, пад якой плянэтай ён нарадзіўся: "Уплыў плянэтаў на жыцьцё чалавека падобны ўплыву Месяца на марскія хвалі... Радзіўся ён пад Сонцам – жыцьцё яго будзе сьветлым, радасным, шчасьлівым; радзіўся ён пад Сатурнам – жыцьцё яго пойдзе па крывой арбіце, будзе нясталым, поўным непрыемнасьці, і напоўніць чалавека пэсымізмам і мэлянхоліяй".

Ідэя твора прачытваецца ў загалоўку як перасьцярога: ня стаць народам, роджаным пад Сатурнам. Галоўны герой Тугоўскі, які працяглы час хацеў скончыць жыццё самагубствам, прыходзіць да глыбіннай жыцьцёвый высновы:

"Беларускі рух ня стаў настолькі шырокім і моцным, каб зь ім лічыліся, як зь вялікім культурным зьявішчам. Яшчэ трэба несьці шмат мук, трэба праліць нямала крыві, каб нарэшце рух стаў ня толькі «крамолай», ня толькі «бунтам» незадаволеных галодных мас, але каб ён стаў моцным і глыбокім, як само жыцьцё, як патрэба жыць і дыхаць, каб ён атрымаў усясьветную сымпатыю".

Выдадзены зборнік недарэмна называецца "Выбраныя творы". Кніга знаёміць і з невялічкай нізкай вершаў Віктара Вальтара. Адзін зь іх, "Покліч сялянскага сына", напісаны напярэдадні выбараў у Латвійскі сойм (1926):

Заўтра ты выйдзеш, мой брат Беларус,
Кінуць у скрыню жыцьця свайго лёс!
Заўтра убачаць суседзі твае,
Жыў ты яшчэ, ці памёр мо ад сьлёз.

Застацца народам ня толькі паводле найменьня, як пустая неабжытая плянэта Сатурн, а народам паўнавартасным ў гісторыі Эўропы, – пра гэта думалі пісьменьнікі Беларусі па абодва бакі мяжы распалавіненай Беларусі.

Язэп ЯНУШКЕВІЧ
XS
SM
MD
LG