Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршылася ўступная кампанія, і тысячы маладых людзей сталі студэнтамі. Але многіх іншагародніх студэнтаў і іх бацькоў хвалюе цяпер жыльлёвая праблема. Месцаў у інтэрнатах не хапае, зьняць кватэру ў сталіцы — ня толькі дорага, але і складана.

СЛУХАЦЬ:


Праблема са студэнцкімі інтэрнатамі — адвечная, месцаў на ўсіх ніколі не хапала. Начальнік упраўленьня разьвіцьця матэрыяльна-тэхнічнай базы Міністэрства адукацыі Лідзія Зайцава прывяла такія лічбы:

“Зараз у Менску каля 60% студэнтаў забясьпечаны інтэрнатамі”.

Новых інтэрнатаў амаль не будуюць, а тыя, што пабудаваныя 40—50 гадоў таму, патрабуюць капітальнага рамонту. Ужо некалькі гадоў зачынены на капітальную рэканструкцыю дзесяціпавярховы студэнцкі інтэрнат № 6 Белдзяржунівэрсытэту. Там застаюцца толькі нясучыя канструкцыі — сьцены, а ўся начынка адбудоўваецца нанова. Натуральна, рэканструкцыя зацягваецца, кажа спадарыня Зайцава:

“У гэтым годзе інтэрнат БДУ ня будзе адрамантаваны, толькі ў 2010 годзе. Што тычыцца БНТУ, там яшчэ ідуць бягучыя рамонты ў інтэрнатах. Мы сёлета не завершым рамонты ні ў БДУ, ні ў БНТУ. На рэканструкцыю пастаўлены інтэрнат на 450 месцаў эканамічнага ўнівэрсытэту, там вельмі сур’ёзная рэканструкцыя, такая ж, як і ў БДУ. Калі ў краіне будуць грошы, мы завершым гэта ў 2010 годзе”.

Спадарыня Тацяна, маці шчасьлівай першакурсьніцы, распавяла:

“Наша дачка паступіла ў пэдунівэрсытэт на бюджэт. Мы былі проста шчасьлівыя. Самі мы жывем у Воршы. Але інтэрнату не даюць, кажуць — не хапае месцаў У дэканаце патлумачылі, што ў першую чаргу засяляюць дзяцей-сірот, інвалідаў, з Чарнобыльскай зоны. Але што рабіць нам? Даходы ў нас невялікія. Зьвярталіся ў рыэлтарскае агенцтва, кажуць, што пакояў вельмі мала. Зараз шукаем дзяўчынку, зь якой наша дачка магла б здымаць пакойчык. Абяцаюць выплачваць кампэнсацыю. Кампэнсацыя — 7 тысяч. Выбачайце, але гэта проста сьмешна...”

Намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва дае такую параду:

“Мы заўсёды кажам паважаным бацькам і абітурыентам: выбірайце, калі ласка, месца вучобы бліжэй да месца жыхарства”.

Рыэлтарка адной зь фірмаў распавядае пра кошты на кватэры ў сталіцы:

“Гаспадары самі вызначаюць кошты на свае кватэры. Прыкладна яны ведаюць, што кошты пачынаюцца ад 250 даляраў плюс камунальныя паслугі на аднапакаёўку, але яны і 300 плюс камунальныя паслугі просяць у мікрараёне. Калі гаворка ідзе пра аднапакаёўку ў цэнтры — то там можа быць і 400, і больш — у залежнасьці ад начынкі: рамонту, наяўнасьці бытавой тэхнікі”.

На пытаньне, ці лёгка зьняць кватэру студэнтам, рыэлтарка адказала так:

“Не, гэта вельмі складана. Моладзь звычайна шумная, кампаніі любіць. Калі высяляюцца студэнты, у гаспадароў вельмі шмат прэтэнзій: гэта і мэбля зламаная, і шыбы разьбітыя, а таксама скаргі суседзяў. З-за гэтага і ня хочуць браць студэнтаў”.

Некалі гадоў таму кіраўнік дзяржавы публічна заявіў пра будаўніцтва цэлай студэнцкай вёскі, дзе будзе дзясятак інтэрнатаў, інфраструктура — крамы, спартовы комплекс, служба быту. Пакуль будуецца першы зь інтэрнатаў БДУ. Абяцаюць яго здаць у 2010 годзе. А пакуль у бацькоў і ў першакурсьнікаў — галаўны боль.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG