Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімошак: З аднаго боку – Ленін, з другога – Слуцкі паўстанец


Зінаіда Цімошак
Зінаіда Цімошак

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Зінаіда Цімошак.

Сёньня мы пагаворым пра асаблівасьці мясцовай ідаэлёгіі ў Слуцку.

Здаецца, каб па краіне праводзіліся конкурсы-агляды на “адданасьць” вышэйшай уладзе, то слуцкія кіраўнікі, безумоўна, апынуліся б сярод лідэраў. Асаблівасьць мясцовай адміністрацыі – прыслужываць любой вярхушцы і патрабаваць таго ж ад ніжэйшых чыноў.


Дзіўна, аднак некалі ўся слуцкая вэртыкаль разам зь цяперашнім ідэалягічным кіраўніком прапагандавала ідэі Адраджэньня. Гэта быў час, калі ў Вярхоўным Савеце моцна чуўся голас Зянона Пазьняка. Тады Пётар Барысавіч сачыў за тым, каб у школах раёну штотыдзень праводзіліся “Вячоркі”. Напужаныя такімі незвычайнымі тэмпамі нацыянальнага Адраджэньня, настаўнікі Случчыны баяліся, што калі пераможа Пазьняк, былы сакратар райкаму партыі апране школьныя калектывы ў лапці.

Але гэтага ня здарылася. Маятнік лёсу пахіліўся ў іншы бок. Новыя ідалы парадзілі і новую рэлігію. Замест любові да роднай мовы і нацыянальнай культуры, да сваіх каранёў ў Слуцку прапагандуецца зусім іншае. Штомесяц, напрыклад, школа за школай возяць вучняў на “Лінію Сталіна”...

Доўгі час на вуліцах нельга было знайсьці ніводнай шыльдачки па беларуску. Зараз сытуацыя зьмянілася: з пачаткам “Усходняга партнэрства” ў чэрвені па ўсіх прадпрымствах і вёсках праводзіліся “адзіныя інфармацыйныя дні”, падчас якіх расхвальвалася Эўропа, а на вуліцах Слуцка зьявіліся новенькія шыльды на беларускай мове.



З гэтай нагоды случакі пасьмейваюцца: каб на тое воля тамтэйшых ідэолягаў, дык яны б рабілі помнікі двухаблічнымі: з аднаго боку – Ленін, а з другога – Слуцкі паўстанец.

Аднак русыфікацыя пакуль пераважае. Падчас правядзеньня масавых сьвяточных мерапрыемстваў тут у большасьці расейская папса. Але на “школьны кірмаш” случакі таньчылі пад рэфрэн”Опа-опа, Амэрыка, Эўропа”...


Беларускія песьні ў Слуцку выконваюць хіба сівавалосыя бабулькі ў хустках. Праз такі вобраз падаецца старой ды нікчэмнай сама беларуская ідэя.

У горадзе шмат розных помнікаў, ёсьць нават маршалу Жукаву, але няма помніка Слуцкім паўстанцам.


Магіла выдатнага паэта Альгерда Абуховіча знаходзіцца на ўшчэнт запушчаных могілках.

Увогуле, Слуцак – якравая выспа савецкага часу.

Па-ранейшаму ў цэнтры Дошка Гонару, каля якой у вячэрні час любяць зьбірацца выпівохі.



Кіраўнікі раёну добра памятаюць выслоўе, якое мела папулярнасць у рабаўладальніцкай Рымскай імпэрыі – “хлеба і відовішчаў”. Паколькі хлеба зараз стала менш, то ў геамэтрычнай прагрэсіі павялічылася колькасьць відовішчаў.

Для таго, каб даць масам ілюзію заможнага жыцьця і адцягнуць увагу ад набалелых праблемаў, амаль кожны тыдзень праводзяцца розныя сьвяточныя мерапрыемствы. Конкурсы, спаборніцтвы, канцэрты, выступы музычных груп пад эгідай чынавенства... Каб адміністрацыя раёну гэтак шчыравала на ніве Беларушчыны, то Слуцак мог бы даўно стаць сапраўдным беларускім горадам.

Аднак ня толькі на ідэйным – нават на побытавым узроўні высілкі ідэалягічнай вэртыкалі плёну не даюць. Падчас сьвяточных мерапрыемстваў горад ператвараецца ў адзінае п’янае застольле.


Нават міліцыянты з жахам чакюць тых сьвятаў, бо ня ведаюць, што рабіць з такой колькасцю п’яных людзей. На Дзень Незалежнасьці камунальныя работнікі ледзьве пасьпявалі ноччу адносіць мяшкі з пустымі бутэлькамі.


Народ гуляў, піў, пасьля біўся.

Некаторыя так і засталіся ляжаць на асфальце ў крывавай лужыне.


Дарэчы, Слуцак уваходзіць у пяцёрку самых крымінальных гарадоў Менскай вобласьці, а сярод моладзі пануе беспрацоўе.

Зьявіліся ў Слуцку і фашысты, якія штогод малююць чорнай фарбай свастыкі на помніках вязьням фашысцкага гета, а таксама на дзьвярах кватэр, дзе пражываюць габрэі.

Аднак нашыя ідэолягі ў пашане вышэйшай улады, бо адным з галоўных вынікаў ідэалягічнай апрацоўкі насельніцтва фактычна стала стварэньне агульнай атмасфэры страху перад чынавенствам. І сярод шарагоўцаў, і сярод клеркаў з розных установаў.

Што ж, страх сапраўды ёсьць. Аднак веры – няма. Такі вось плён ідэалягічнага “шчыраваньня”...


Зінаіда Цімошак
Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Зінаіда Цімошак нарадзілася ў 1955 годзе ў вёсцы Аксаміты Капыльскага раёну. Жыве ў Вежах пад Слуцакам. Скончыла Менскі пэдагагічны інстытут імя Горкага. Працавала настаўніцай гісторыі й нямецкай мовы ў Вежскай школе. У 1997 годзе падпісала пад тэкстам Хартыі-97 75 аднавяскоўцаў. На ўсе найбольш значныя пратэстныя акцыі ў Менску езьдзіла са сваёй вёскі, як на працу. У канцы 1990-х гадоў стварыла ў Вежах філіі Незалежнага прафсаюзу, Беларускай арганізацыі працоўных жанчын. Адстойвала ўласнае права на працу ў судзе. Мэдыя-актывістка.

Актывістка грамадзянскай кампаніі “Наш дом”. Праваабаронца. Апошнія буйныя перамогі – два выйграныя суды па рамонце пад’ездаў у Слуцаку, адмена трохдзённага графіка гарачага водазабесьпяячэньня, прынятага рашэньнем Слуцкага райвыканкаму на летні пэрыд 2009 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG