Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вуліцы Палуты Бадуновай у Гомелі ня будзе


Гомельскі гарвыканкам адмовіў у перайменаваньні вуліцы Георгія Дзімітрава ў гонар дзяячкі БНР Палуты Бадуновай.

Як паведамляе БелаПАН, Гомельскі гарвыканкам адмовіў у перайменаваньні вуліцы Георгія Дзімітрава ў Навабеліцкім раёне Гомеля ў гонар міністра БНР Палуты Бадуновай.

Копію адказу з гарвыканкама агенцтву перадаў актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Сяргей Трыфанаў.

"Тапанімічнай камісіяй пры разглядзе гэтага пытаньня быў прыняты да ўвагі той факт, што Георгій Дзімітраў зьяўляўся адным са славутых лідэраў міжнароднага антыфашысцкага камуністычнага руху, і перайменаваньне вуліцы выкліча нэгатыўную рэакцыю значнай часткі жыхароў нашага горада, у першую чаргу прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня, якія адмоўна ставяцца да зьмены назваў савецкага пэрыяду гісторыі горада Гомеля", — гаворыцца ў адказе.

Адмоўлена і ва ўстаноўцы мэмарыяльнай шыльды ў гонар славутай зямлячкі:

"У сувязі з тым, што дом, дзе жыла Бадунова, не захаваўся, устаноўка мэмарыяльнай дошкі ў яе гонар на іншым будынку вуліцы, якая носіць імя іншага чалавека, камісіяй прызнана неэтычнай".

Паводле БелаПАН, зь ініцыятывай аб перайменаваньні вуліцы гомельскія актывісты выступілі яшчэ ў 2007 годзе. Яны апыталі жыхароў Навабеліцкага раёну, дзе жыла Бадунова, устанавілі дакладны адрас яе месцажыхарства ў 1930-х гадах, інфармацыю пра што пацьвердзілі дакумэнтальна — даведкамі з архіву, сабралі больш за 300 подпісаў мясцовых жыхароў пад адозвай з просьбай аб перайменаваньні вуліцы.

Усе дакумэнты былі накіраваны ў тапанімічную камісію пры Гомельскім гарвыканкаме. Спачатку ў актывістаў папрасілі падаць дадатковыя пацьвярджэньні таго, што Бадунова жыла менавіта па гэтым адрасе, затым ім паведамілі, што пытаньне аб перайменаваньні вуліцы будзе разгледжана ўладамі пасьля вывучэньня ўсіх дакумэнтаў і пры ўдзеле гісторыкаў.

У чэрвені 2009 года намесьнік старшыні гарвыканкама Сяргей Парошын адказаў актывістам, што "тапанімічнай камісіяй рэкамэндавана адміністрацыі Навабеліцкага раёну аформіць экспазыцыю ў памяць аб дзейнасьці Бадуновай у музэі гісторыі Навабеліцкага раёну, разьмешчаным у сярэдняй школе № 41".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG