Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.


На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе культуроляг і мастак Юрась Барысевіч

Жнівень, месяц масавых адпачынкаў, традыцыйна лічыцца зручным для пераасэнсаваньня свайго жыцьця, айчыннай гісторыі, а таксама для дзяржаўных пераваротаў. Не абмінулі гэтую тэму ўвагай і беларускія інтэрнаўты.


Расейскі сьлед


На форуме парталу www.tut.by абмяркоўваюць змову супраць Лукашэнкі, якую быццам бы плятуць у Маскве:

“Уяўляю сабе газэтныя артыкулы пад назвай: “У змове супраць Прэзыдэнта спрабавалі скарыстаць атручаную клюшку”.

“Нэрвы ў яго не зусім каб моцныя. Калі ў расейскай прэсе пра Лукашэнку будуць распавядаць толькі кепскае — праз год давядзецца абвяшчаць пазачарговыя выбары”.

“Ня трэба ніякай змовы і ніякай рэвалюцыі. Дастаткова прымусіць Канстытуцыйны суд і Генэральную пракуратуру разгледзець публічную заяву грамадзяніна Лукашэнкі 23.11.2006 г.: “Выбары мы сфальсыфікавалі” — і пытаньне пра законнасьць ягонага знаходжаньня ва ўладзе само вырашыцца”.

“Ды якая розьніца, хто ва ўладзе й што ён робіць. Ужо маем мінімальны ўзровень свабоды, які дазваляе жыць з асалодай і які не адымуць пры ніякім дыктатару. Трэба спадзявацца на самога сябе і займацца справай, не абавязкова бізнэсам”.


Беларусь вачыма расейцаў


Расейская Открытая электронная газета сёньня зьмясьціла артыкул Аляксея Прыгарына “Апошняя выспа СССР” (ужо з назвы зразумела, што пра нашую краіну). Аўтар бароніць беларускага прэзыдэнта ад нападак з боку Крамля: “Расеі выгадней мінімум 50 гадоў пастаўляць у Беларусь бясплатны газ, чым ствараць уласную сыстэму абароны, якою Беларусь прыкрывае нас з боку Захаду... Менскі трактарны завод у 2008 годзе выпусьціў амаль 65 тысячаў трактароў і машынаў — гэта ў 8 разоў больш, чым на ўсіх заводах Расеі. Сорамна й крыўдна за нашую краіну. І ў цэлым перавага беларускай эканамічнай мадэлі над расейскай відавочная па ўсіх паказьніках”. У камэнтарах пераважаюць прапановы абраць Лукашэнку прэзыдэнтам Расеі або далучыцца да Беларусі асобнымі рэгіёнамі.

Найбольш аб’ектыўным падаўся наступны камэнтар: “24 гады ў шлюбе зь беларускай, некалькі разоў на год ежджу ў Менск. Жывуць беларусы таксама няпроста. Кошты на прадукты ніжэйшыя, калі яны мясцовай вытворчасьці. Імпартныя даражэйшыя, чым у Расеі. Бэнзін у паўтара раза даражэйшы за наш. Пэнсія каля 100 даляраў, але пражыць на яе няпроста. Заробкі даволі нізкія, але занятасьць амаль поўная. Прасьцей і таньней жыць у вёсцы, бо калгасы працуюць на поўную катушку. У гараджанаў дагэтуль моцная повязь зь вёскай. Дробная камэрцыя амаль загнулася — з вуліцаў папрыбіралі амаль усе шапікі. Гарэлка якасная ў Менску, у іншых гарадах горшая, але ўсё адно лепшая за расейскую — ведаеш, што не патруцісься. У нас беларускай гарэлкі не купіць, а шкада. Размаўляюць па-расейску, але мэнталітэт іншы. 30—40-гадовыя жыцьцём не задаволеныя: Лукашэнка, маўляў, не дае зарабіць. Аднак, шчыра кажучы, калі б не Чарнобыль, то гады пасьля распаду СССР я хацеў бы пражыць у Беларусі. Там нашмат спакайней, амаль як у танку. Побач Польшча, Эўропа. На трасе ад Масквы да беларускай мяжы на 450 км няма ніводнага ўзаранага поля, а ў Беларусі палі засеяныя жытам ці нават ільном, буслы тусуюцца. Я быў западозрыў, што ўлады блефуюць, адмыслова засяваюць палі ўздоўж маскоўскай трасы. Але ж не — едзеш у глыбінку й бачыш тыя самыя краявіды. Заводы ў Менску працуюць, ніводнага прычыненага ня бачыў, хоць і маюць праблемы. Па-ранейшаму выпускаюцца МАЗы, хоць больш цанілася прадукцыя СП “МАЗ-МАН”, цяпер яго быццам бы зьбіраюцца зачыніць. Вось “Форд” пад Менскам не прыжыўся, Лукашэнка яго зьеў”.


Робаты й жаночы алькагалізм


У беларускай сельскай гаспадарцы ня ўсё так ідылічна, як падаецца з Расеі. Або з рэпартажаў айчыннай тэлевізіі. Знаўца піяр-тэхналёгіяў сьцьвярджае, што будучыня сельгасвытворчасьці належыць робатам: “У нас усё павінна стацца, як у Эўропе, да 2011 году. Нягледзячы на высокі кошт (робат-апэратар машыннага даеньня каштуе 120 000 эўра), чаргу па іх трэба займаць за некалькі месяцаў. За гэтай папулярнасьцю перадавых тэхналёгіяў стаіць дзяржаўны пратэкцыянізм і недахоп працоўных рук. Адмысловец у гэтым бізнэсе прызнаўся мне, што ёсьць і яшчэ адна прычына: жаночы алькагалізм у вёсцы: “Знаёмы старшыня калгасу сабраўся ўжо другога робата купляць. Спадзяецца, гэта разьвяжа яму рукі: ня трэба будзе змагацца з запоямі даярак”.


Вільня й Пінск


Барысаўчанін Сяргей Салаш пасьля вандроўкі па Літве й Латвіі прыйшоў да высновы: “Я страшэнна (!) задаволены тым, што Вільня дасталася летувісам, а не бульбашамъ. У горшым выпадку зрабілі б зь яе пачварную Нямігу, у лепшым — кічавы Гродна. Нават у самыя горшыя часы савецкай акупацыі не знайшлося ў Вільні чыноўнага ёлупа, які б аддаў загад закатаць брук у асфальт. А вось у часы незалежнай Беларусі пару гадоў таму ў Браславе знайшоўся, які распарадзіўся заасфальтаваць брукаванку, што вяла на мясцовую замкавую гару. І каму тыя камяні пад нагамі так мулялі? Вільня ня ёсьць для мяне родным горадам, але чамусьці там думаецца пра вечнае, нават тады, калі пра вечнае думаць ня хочаш. У Беларусі ж — толькі на малой радзіме бацькоў...”

Сёньня ўжо мала хто, нават сярод нацыяналістаў, лічыць Вільню беларускім горадам. Напрыклад, “нашанівец” новага пакаленьня Андорац кажа там у камэнтары: “Не разумею беларускія прэтэнзіі на Вільню”. Пашукаць іншых Вільняў прапануе і вэтэран віленскага пэрыяду “Нашай нівы” Сяргей Харэўскі “Пінск — палеская Вільня. Тут дасёньня нават ёсьць вуліцы Завальная, Замкавая, Віленская. Гэты горад адыграў вялізарную ролю ў беларускім Адраджэньні. Некалі тут жылі пачынальнікі беларусізацыі нашага Касьцёла, паэты і грамадзкія дзеячы. Тут настаўнічаў колькі гадоў Якуб Колас, тут жыў і працаваў рэдактар “Нашае Нівы” Аляксандар Уласаў, сюды наяжджаў у краязнаўчыя экспэдыцыі Язэп Драздовіч, які пакінуў выдатныя малюнкі пінскіх ваколіцаў”.


На здымку: пінскі касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшае Панны Марыі, дзе служыць кардынал Казімер Сьвёнтак.
XS
SM
MD
LG