Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтамі ВНУ ўсіх формаў уласнасьці сёлета сталі 90 тысяч чалавек. На платныя ўмовы навучаньня ў дзяржаўныя ВНУ прынята 46,5 тысячы, што на 10% больш, чым летась. За кошт бюджэту на дзённых аддзяленьнях будзе вучыцца каля 25 тысяч чалавек - прыблізна кожны чацьвёрты.


Старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за правядзеньнем уступнай кампаніі Анатоль Рубінаў паведаміў, што ў ягоным органе было задзейнічана больш за 2900 чалавек, у тым ліку 214 работнікаў Дзяржкантролю:

“Мы лічым, што ў цэлым уступная кампанія прайшла арганізавана, зь мінімальнай колькасьцю хібаў”.

Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў прывёў такія лічбы:

“Мы сёлета на 5,8 тысяч прынялі больш у ВНУ, на 6 тысяч больш - у сярэднія спэцыяльныя ўстановы, і на 12 тысяч больш - у ПТВ. У ПТВ мы ўжо набралі пасьля базавай школы і нават працягнулі да 15 верасьня набор пасьля сярэдняй школы”.

Чыноўнікі ад адукацыі лічаць, што цяперашняя сыстэма з выкарыстаньнем вынікаў цэнтралізаванага тэставаньня і сярэдняга балу атэстату цалкам апраўдала сябе. Мяняць яе не плянуецца. Аляксандар Радзькоў працягвае:

“Думаю, у наступным годзе мы пакінем тыя ж правілы, якія ёсьць. Мы прасілі аб гэтым прэзыдэнта, і ён падтрымаў. Трэба, каб нейкія рэчы былі ўстойлівымі”.

Такім чынам, магчымасьці здаваць хаця б чатыры тэсты, а ня тры, як зараз, у выпускнікоў наступнага году ня будзе. А менавіта гэтыя абмежаваньні і ствараюць масу праблем і для саміх выпускнікоў, і для прыёмных камісій. Бо менавіта ў апошні дзень значная колькасьць абітурыентаў канчаткова вызначаецца з выбарам ВНУ. Гэта адзначыў і прафэсар Анатоль Рубінаў:

“У апошні дзень, да прыкладу, у Эканамічны ўнівэрсытэт падалі дакумэнты 680 чалавек, зь іх 344 - пасьля 18 гадзіны. Атрымліваецца, што выбар ВНУ, спэцыяльнасьці грунтуецца часьцяком на прахадным бале, а не на схільнасьцях і здольнасьцях абітурыента. Жаданьне паступіць любым коштам стварала стрэсавыя сытуацыі, нэрвознасьць, нездаровы ажыятаж”.

У параўнаньні зь мінулым годам прахадныя балы ў сярэднім павялічыліся прыкладна на 10 пунктаў. Гэта пры тым, што 100-бальны вынік паказалі толькі 206 абітурыентаў з усёй краіны. А больш за палову не дасягнулі ня толькі 50-бальнага выніку, а нават і 20 балаў, кажа Анатоль Рубінаў:

“Традыцыйна нізкія вынікі паказалі абітурыенты на іспытах па фізыцы - 50% набралі 20 і менш балаў; і па матэматыцы таксама больш за палову набрала менш за 20 балаў”.

Пры гэтым конкурс на некаторыя прэстыжныя спэцыяльнасьці дасягаў 15 чалавек на месца, а прахадны бал даходзіў да 350. І хоць міністар адукацыі спадар Радзькоў падкрэсьлівае, што школьных ведаў хапае для пасьпяховай здачы тэстаў, але неабходнасьць рэпэтытарства не адмаўляе:

“Ці можна паступіць без рэпэтытара? Бясспрэчна, можна. Але ты проста выбірай сабе спэцыяльнасьць па сілах, па падрыхтоўцы. Натуральна, на міжнародныя адносіны, на падрыхтоўку спэцыялістаў ІТ-тэхналёгіяў - там конкурсы надзвычай высокія. Там, дзе конкурс 15 чалавек на месца, там трэба шліфаваць веды. Хочаш - сам шліфуй, хочаш - з рэпэтытарам, калі ў цябе ёсьць сродкі. Гэта не забаронена”.

Старшыня дзяржкамісіі па кантролі за правядзеньнем уступнай кампаніі Анатоль Рубінаў прывёў і некалькі фактаў правапарушэньняў: падбухторваньне да дачы хабару, спробы прадаць вынікі тэстаў. Але спадар Рубінаў перакананы:
Рэальна неяк паўплываць на працэс здачы экзамэнаў, тэстаў, залічэньня - такіх фактаў няма


“Парушэньні ня тычацца непасрэдна пытаньняў паступленьня. Гэта збоку - махлярства. Хтосьці прыдумаў, што тэсты прадае, хтосьці зрабіў выгляд, што можа некага ўладкаваць... У чыстым выглядзе гэта махлярства. А рэальна неяк паўплываць на працэс здачы экзамэнаў, тэстаў, залічэньня - такіх фактаў няма. Ніхто ніяк ня мог паўплываць, таму што ў сёньняшніх умовах ужо такіх магчымасьцяў няма. Толькі засталося чыстае махлярства”.

Агучаныя лічбы - 25 тысяч бюджэтнікаў з агульнай колькасьці першакурсьнікаў, якая сёньня дасягнула 90 тысяч - сьведчаць пра ўстойлівую тэндэнцыю да павелічэньня долі платнай адукацыі.
XS
SM
MD
LG