Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі менскай пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” сёньня сустрэліся з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу, акрэдытаванымі ў Менску.

Ад 21 жніўня будынак іх царквы належыць гарадзкім уладам, але застаецца ў руках вернікаў. Тым часам вядомыя беларускія палітыкі і грамадзкія дзеячы накіравалі ўладам зварот з патрабаваньнем спыніць перасьлед пратэстантаў з “Новага жыцьця”.

Пастар суполкі “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка і юрыст царквы Сяргей Луканін сустракаліся з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу ў будынку францускай амбасады.

Сяргей Луканін апавёў, што згодна зь лістом, які атрымалі эўрапейскія амбасадары зь Міністэрства замежных спраў Беларусі наконт сытуацыі вакол суполкі “Новае жыцьцё”, вернікі нібыта атрымалі за свой будынак грашовую кампэнсацыю. Больш за тое, беларускія ўлады нібыта прапанавалі вернікам участак зямлі на скрыжаваньні вуліцы Шаранговіча і кальцавой дарогі пад новую будоўлю. Пратэстантам таксама прапанавалі ладзіць набажэнствы ў адным зь менскіх дамоў культуры, пакуль будзе будавацца новы малітоўны дом.

Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка і юрыст Сяргей Луканін абверглі гэтую інфармацыю. Яны паведамілі, што зямлю ім не прапаноўвалі, а грошы (13 000 даляраў), паводле вернікаў, нельга лічыць кампэнсацыяй за будынак плошчай 1 700 квадратных мэтраў. Яны заявілі, што вернікі адмовіліся прыняць гэтыя грошы.

Гаворыць Сяргей Луканін:

Сяргей Луканін
“Мы абураныя дзеяньнямі ўладаў. Мы ўпэўненыя, што Бог заступіцца за нас. У судовых інстанцыях мы вычарпалі ўсе сродкі, але лічым не залішнім сустрэцца з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу і распавесьці пра нашую сытуацыю. Трэба, каб на Захадзе ведалі, як насамрэч у Беларусі захоўваюцца правы вернікаў”.

Рэлігійная суполка “Новае жыцьцё” не прайшла перарэгістрацыі, як і некалькі дзясяткаў іншых пратэстанцкіх суполак, з-за адсутнасьці юрыдычнага адрасу. Але й юрыдычнай ліквідацыі суполкі не было. У такім статусе царква знаходзіцца шосты год.

Нагадаем: у 2006 годзе вернікі масавай галадоўкай дабіліся таго, што пастара царквы выклікалі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і паабяцалі вырашыць у Вышэйшым гаспадарчым судзе ўсе спрэчныя пытаньні.

Але праз тры гады ўсё роўна прынялі рашэньне адабраць у пратэстантаў будынак, які месьціцца ў Менску на вуліцы Кавалёва, 72.

Тым часам 14 палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, сярод якіх Лявон Баршчэўскі, Аляксандар Мілінкевіч, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Андрэй Саньнікаў, Уладзімер Арлоў ды іншыя, падпісаліся пад зваротам у абарону вернікаў “Новага жыцьця”.

У сваім звароце яны нагадалі беларускаму кіраўніцтву пра адказнасьць перад Богам і людзьмі за дэстабілізацыю рэлігійнай сытуацыі ў краіне. Зварот накіраваны ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, Менгарвыканкам, Савет міністраў і Палату прадстаўнікоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG