Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня супрацоўнікі Чэрыкаўскага раённага аддзелу міліцыі выбачыліся перад настаўніцай сярэдняй школы зь вёскі Рэчыца Людмілай Старавойтавай. Першым гэта зрабіў начальнік аддзелу ўнутраных спраў раёну Аляксандар Райкоў.


Выбачаліся міліцыянты за неправамернае ўжываньне сілы супраць жанчыны і яе незаконнае затрыманьне. Сьведкамі выбачэньняў былі калегі Старавойтавай, яе дзеці, а таксама супрацоўнік службы ўласнай бясьпекі міліцыі.

Людмілу Старавойтаву затрымалі летась 1 лістапада проста ў школе. Яе выклікалі ў настаўніцкую, дзе ўжо чакалі двое міліцыянтаў:

“Заламалі рукі, начапілі наручнікі. Пагражалі. Завезьлі ў Чэрыкаў. Там пратрымалі зь дзясятай раніцы да дзявятай вечара. Сказалі, што нібыта мяне чакае сам начальнік міліцыі. Ён зьявіўся толькі а пятай гадзіне вечара й сказаў, што нічога пра мяне ня ведае. Мае дзеці тэлефанавалі, міліцыянты не падпусьцілі мяне да тэлефону. Яны самі прыехалі ў Чэрыкаў. І з гадзіны да дзевяці дзеці са мной знаходзіліся”, - кажа пра затрыманьне Людміла Старавойтава.

Пазьней высьветлілася, што нагодай для перасьледу сталася скарга жанчыны з разумовымі адхіленьнямі. Яна вінаваціла Старавойтаву ў зьбіцьці і крадзяжы. Гэтыя факты не пацьвердзіліся. Выбачэньняў ад міліцыянтаў настаўніца не дачакалася. Яна скардзілася ў раённую і абласную пракуратуру, сустракалася са старшынёй аблвыканкаму Пятром Руднікам і міністрам унутраных спраў Беларусі Анатолем Куляшовым.

Учора неспадзявана Людміле Старавойтавай патэлефанаваў начальнік Чэрыкаўскай міліцыі Аляксандар Райкоў.

“Ён сказаў, калі вам зручна, каб мы прыехалі й сабралі пэдкалектыў. Прыедуць у школу прасіць прабачэньня тыя, хто закручваў вам рукі”.

Сёньня раніцай Аляксандар Райкоў прывёз у рэчыцкую школу сваіх падначаленых: Пятра Завадзкага (ён выкарыстаў сілу супраць жанчыны) і Ўладзімера Лявінскага (ён быў сьведкам падзеяў). Разам зь імі былі мясцовы ўчастковы Міхаіл Селянкоў ды супрацоўнік службы ўласнай бясьпекі міліцыі.

“Папрасіў спачатку за ўсіх прабачэньня Райкоў. Ён сказаў, што гэта будзе ўрок для іх, што гэта непрыемны факт. Сказаў таксама, што крымінальная справа ў адносінах да мяне закрытая”.

Усьлед за сваім начальнікам, кажа Людміла Старавойтава, выбачаўся Пётар Завадзкі:

“Ён сказаў: “Я як афіцэр міліцыі прашу ў вас прабачэньня за грубасьць і выкарыстаньне сілы”.

Пагутарыць пра леташняе здарэньне й сёньняшняе выбачэньне з начальнікам чэрыкаўскай міліцыі Аляксандрам Райковым не ўдалося. На працоўным месцы спадара Райкова не было.

“Ведаеце, я не правамоцны адказваць на такія пытаньні. Такіх фактаў раней не было”, - паведаміў супрацоўнік чэрыкаўскага аддзелу міліцыі.

Як удалося высьветліць, акрамя выбачэньняў, сямёра супрацоўнікаў чэрыкаўскай міліцыі і раённай пракуратуры прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці.

Гэта ня першы выпадак, калі чэрыкаўскія міліцыянты выбачаюцца за свае дзеяньні. Летась у кастрычніку Райкову давялося выбачацца перад маці дзевяцігадовага хлопчыка Аленай Бальшаковай. Яе сына Яўгена Герасімава міліцыянты выклікалі ў Чэрыкаў, каб узяць у яго адбіткі пальцаў.

Ці шмат яшчэ давядзецца выбачацца міліцыянтам з магілёўскай глыбінкі за свае дзеяньні? Крычаўскі журналіст і праваабаронца Сяргей Няроўны лічыць, што шмат:

“Людзі для іх - пешкі. Вельмі шмат да нас скаргаў паступае. Мы дапамагаем людзям бараніцца. Зьдзекуюцца, зьбіваюць, абражаюць, хваляцца сваёй сілай. Грамадзкага кантролю за імі дужа мала, а ён павінен быць”.

Пацярпелая ад міліцэйскага гвалту Людміла Старавойтава дадае:

“І, напэўна, разбэшчанасьць міліцыі. Яны лічаць, што яны могуць рабіць усё, што хочуць.”

Людміла Старавойтава - настаўніца першай катэгорыі. У рэчыцкай сярэдняй школе настаўнічае пятнаццаць гадоў. Яна кіраўнік раённага мэтадычнага аб'яднаньня настаўнікаў беларускай мовы й літаратуры. Пераможца конкурсу “Лепшы па прафэсіі” 2003 году. Неаднойчы ўганараваная граматамі абласной управы адукацыі. Вучылася ў гэтай жа школе. Скончыла яе з залатым мэдалём. З адзнакай скончыла й філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
XS
SM
MD
LG