Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У судзе Ленінскага раёну Берасьця судзяць актывіста “Маладога фронту” Міхаіла Ільіна.


Гэта працяг працэсу, які пачаўся 18 жніўня, але быў перанесены з-за патрабаваньня абвінавачваемага прадставіць яму адваката.

Берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк паведаміў “Свабодзе”, што судзьдзя Аляксандар Рэуцкі выклікаў на паседжаньне супрацоўнікаў АМАПУ, якія 17 жніўня затрымлівалі ўдзельнікаў пікету ля нядаўна ўсталяванага помніка ў гонар 1000-годзьдзя Берасьця. Міхась Ільін і іншыя ўдзельнікі флэш-мобу паставілі да помніка ліст кардону, на якім была намаляваная літара “ў” у чорнай рамцы з жалобнай стужкай. Таксама ўдзельнікі акцыі ўсклалі вянок да помніка і запалілі сьвечкі. На гэтым пікеце Міхаіла Ільіна арыштавалі, ён правёў ноч у пастарунку Ленінскага раёну. Яшчэ адзін удзельніка пікету – Дзяніс Турчаняк быў аштрафаваны 18 жніўня на 1 мільён 405 тысяч рублёў.

Раней “Свабода” паведамляла, што помнік у гонар 1000-годзьдзя Берасьця, які ўсталяваны на скрыжаваньні вуліц Савецкай і Гогаля, выклікае шмат спрэчак. У беларускамоўным тэксьце на ім 75 памылак, а беларускай літары “ў” няма ўвогуле.

***

Тым часам, як паведамляе “Эўрарадыё”, жыхарка Кобрынскага раёну Ніна Марчук “як акуратны падаткаплатнік” пацікавілася ў Міністэрстве культуры, хто вінаваты ў тым, што на тэкставых дошках помніка аказалася амаль сто памылак, і хто фінансава забясьпечыць іх выпраўленьне. Пытаньне было пераадрасавана ў Брэсцкі аблвыканкам.

На днях спадарыня Марчук атрымала адказ за подпісам намесьніка старшыні аблвыканкаму Леаніда Цупрыка. Пра зьмест адказу Ніна Мурчук паведаміла ў інтэрвію “Эўрарадыё”:

"Пішуць, што гэтыя памылкі былі дапушчаныя прадпрыемствам “Ліцейны двор”, гэта Пухавіцкі раён. Цяпер тэксты паўторна спраўджаныя і накіраваныя на экспэртызу ў Акадэмію навук Беларусі для выдачы па іх экспэртнага заключэньня. Цягам двух тыдняў пасьля яго атрыманьня ў тэксты будуць унесеныя ўсе неабходныя дапаўненьні і зьмены за кошт прадпрыемства “Ліцейны двор”, якім былі дапушчаныя памылкі".
XS
SM
MD
LG