Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Горад-прывід пачынае прабуджацца


Грамадзкая рэдактарка Зінаіда Цімошак

Грамадзкая рэдактарка Зінаіда Цімошак

Сёньня мы працягнем падарожжа па Слуцку. Яго нярэдка называюць горадам-прывідам.


Прывітаньне!

Сёньня мы працягнем падарожжа па Слуцку.

Яго нярэдка называюць горадам-прывідам. У гісторыі паселішча шмат легенд, але помнікі даўніны тут амаль не захаваліся. Зьнешне тут мала што гаворыць беларускай душы і сэрцу. Бальшавіцкія ўлады шмат пашчыравалі ў накірунку вынішчэньня гістарычнай памяці. Магчыма, зьнівеляваная архітэктура нівелюе і людзей. Калі гаварыць пра адметныя рысы сучасных случчан, я б адзначыла іхную абыякавасьць і ўменьне прыстасоўвацца да любых абставінаў жыцьця.

Зараз тут жывуць блізу 65 тысяч чалавек. Зьнешне горад мала чым адрозьніваецца ад іншых райцэнтраў: галоўная плошча перад гарвыканкамам, там жа й помнік Леніну. Яго толькі адсунулі ад райвыканкаму крышку далей – на другі бок вуліцы зноў жа Леніна.


Дажынкі, якія адбыліся тут у 2007-м, з аднаго боку крыху акультурылі горад, а зь іншага – яшчэ больш пазбавілі яго ўласнага калярыту.

Грошай падчас дажынак “закапана” безьліч. Нават прэзыдэнт і той зьдзівіўся, што на добраўпарадкаваньне фінансаў спатрэбілася, як у прорву. Помню яго выказваньне пра слуцкую гарадзкую лазьню, якую па дакумэнтах будавалі ажно тры разы. Многія случчане тады, затаіўшы дыханьне, чакалі прыняцьця мер супраць вэртыкальнікаў. Аднак чыноўнікі засталіся на сваіх месцах, а некаторыя нават зараз ходзяць побач з прэзыдэнтам.


Паколькі на добраўпарадкаваньне ўсяго фінансаў не хапала, фарбавалі і марафэцілі ў асноўным цэнтар.

Папрыгажэла набярэжная, якая зараз зьяўляецца для моладзі ўлюбёным месцам для сустрэч.

Бывалі выпадкі, што дамы фарбавалі толькі напалову – так, каб было люба толькі з праежджай часткі. У пад’езды, канешне, ніхто не заглядваў.

Так, напрыклад, у самым цэнтры насупраць райвыканкаму па адрасе Копыльская, 1 знаходзіцца 5-павярховы будынак. Глянеш на яго пекны зьнешні выгляд, які зрабілі маляры падчас дажынак, і міжволі пазайдросьціш жыхарам: і ў такім месцы жывуць, і ў такім цывілізаваным доме!


Аднак унутры падъезда зайздрасьць адразу ж зьнікае, апаноўваюць зьдзіўленьне й жах: сцены выглядаюць, як пасьля бамбёжкі.



Аказваецца, тут амаль сорак гадоў не было рамонту. Гэтай зімой пяцёра пэнсіянэраў з дапамогай грамадзкай кампаніі “Наш дом” выйгралі судовы працэс па рамонту. Ён павінен быў адбыцца яшчэ ў чэрвені, але мясцовае камунальнае прадпрыемства (КУП “Слуцкая ЖКГ”) не сьпяшаецца выконваць судовае рашэньне. Пажылыя людзі цяпер шкадуюць, што адмовіліся падчас суду патрабаваць кампэнсацыі маральнай шкоды.

Такіх дамоў у Слуцку незьлічоная колькасьць.

Увогуле, цэнтар і ўскраіны адрозьніваюцца, як неба і зямля. Асабліва па стану дарог. На многіх вуліцах аўтамабіліст рызыкуе згубіць часткі машыны, а пешы чалавек – зламаць альбо вывіхнуць нагу.


Да знакамітага слуцкага базару з боку Базарнай вуліцы трэба пад’яжджаць таксама з асьцярогай.


Аднак паціху жыхары пачынаюць прывыкаць, што ў судзе можна адстойваць элемэнтарныя камунальныя правы. Зараз разглядаецца ўжо трэцяя заява па рамонту пад’езду. Папярэднія справы вырашаныя на карысьць грамадзянаў.

Амаль штомесяц людзі атрымліваюць у паштовыя скрынкі газэтку “Наш дом”, у якой у даступнай форме выкладзены Закон аб зваротах грамадзян, Закон аб правах спажыўцоў і іншыя.


Указваюцца адрасы вэртыкалі, пракуратуры, куды можна зьвяртацца ў выніку неабгрунтаванага парушэньня камунальных й іншых правоў. З дапамогай актывістаў грамадзкай кампаніі “Наш дом” у сярэдзіне жніўня жыхары адстаялі права на забесьпячэньне гарачай вадой. Шляхам збору 1240 подпісаў у Адміністрацыю прэзыдэнта. Вялікая колькасьць падпісантаў з патрабаваньнем пакараньня нядбайных чыноўнікаў стварыла ілюзію сацыяльнай напружанасьці ў Слуцку. Графік быў адменены з 17 жніўня. Гарачая вада падаецца зараз штодня, старшыня райвыканкаму прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасьці. Раптам пасярод уборачнай кампаніі пайшоў у адпачынак. Пагаворваюць, будзе звольнены.

У такой працы патрэбна прадуманасьць дзеяньняў і нясьпешнасьць. Абыякавых і застрашаных людзей цяжка заставіць галопам пераскочыць зь мяшчанскай пазыцыі “Мая хата з краю” на грамадзянскі прынцып “Хто, калі ня я”.


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Зінаіда Цімошак нарадзілася ў 1955 годзе ў вёсцы Аксаміты Капыльскага раёну. Жыве ў Вежах пад Слуцакам. Скончыла Менскі пэдагагічны інстытут імя Горкага. Працавала настаўніцай гісторыі й нямецкай мовы ў Вежскай школе. У 1997 годзе падпісала пад тэкстам Хартыі-97 75 аднавяскоўцаў. На ўсе найбольш значныя пратэстныя акцыі ў Менску езьдзіла са сваёй вёскі, як на працу. У канцы 1990-х гадоў стварыла ў Вежах філіі Незалежнага прафсаюзу, Беларускай арганізацыі працоўных жанчын. Адстойвала ўласнае права на працу ў судзе. Мэдыя-актывістка.

Актывістка грамадзянскай кампаніі “Наш дом”. Праваабаронца. Апошнія буйныя перамогі – два выйграныя суды па рамонце пад’ездаў у Слуцаку, адмена трохдзённага графіка гарачага водазабесьпяячэньня, прынятага рашэньнем Слуцкага райвыканкаму на летні пэрыд 2009 году.
XS
SM
MD
LG